Андрэ Бём трапіў на філфак БДУ, дзякуючы праграме па абмене студэнтамі.
Адразу запісаўся на курсы беларускай мовы і папрасіў аднагрупнікаў парэкамендаваць нешта пачытаць. Усе, як адзін, называлі Уладзіміра Караткевіча, піша «Звязда».
— Першы раман Уладзіміра Сямёнавіча, які я прачытаў, — «Нельга забыць», — распавядае Андрэ. — Ён мяне так уразіў, што неадкладна пайшоў у кнігарню і набыў шматтомнік Караткевіча.
Менавіта той шматтомнік і натхніў Андрэ Бёма не толькі на далейшае вывучэнне мовы, але і на напісанне магістарскай працы.
— Я прааналізаваў пяць твораў Караткевіча: «Каласы пад сярпом тваім», «Дзікае паляванне караля Стаха», «Чорны замак Альшанскі», «У снягах драмае вясна» і, вядома, знакавы для мяне, «Нельга забыць». Мой прафесар была не супраць. Дакладней, ёй было ўсё роўна, якую тэму я буду даследаваць. Таму выбраў тое, да чаго на той момант ляжала душа.
Магістарская праца на тэму «Светабачанне і канцэпцыя персанажаў у выбраных эпічных творах У. Караткевіча» не выклікала фурору ў Лейпцыгскім інстытуце славістыкі, бо не адпавядала тамтэйшаму кірунку літаратуразнаўства, прызнаецца Андрэ. Але яе з удзячнасцю прынялі ў Беларусі.
— Я часта бываў у Оршы, у родным горадзе пісьменніка, бо там жыве мой сябар. Падчас чарговага прыезду зайшоў у музей Караткевіча і падарыў сваю працу. Там з радасцю прынялі, падзякавалі. У захапленні былі, што за мяжой цікавяцца Караткевічам. Мне прыемна, што мая магістарская праца знайшла месца сярод экспанатаў музея.
Паводле слоў Андрэ Бёма, у Германіі Караткевіча чыталі адзінкі, бо там практычна няма перакладаў яго твораў.
— У 1970-1980-я гады на нямецкую пераклалі толькі апавяданне «Блакіт і золата дня», краязнаўчы нарыс «Зямля пад белымі крыламі» і «Дзікае паляванне караля Стаха». Што тычыцца перакладу дэтэктыўнага рамана, то ён, я сказаў бы, не вельмі якасны. Да таго ж гэтую кнігу выдалі як маладзёжны раман, з каляровай вокладкай, таму яна, на жаль, успрымаецца як не вельмі сур’ёзная літаратура. Разам з тым, вельмі шмат твораў сучасных беларускіх аўтараў перакладаецца на нямецкую мову…
Дарэчы, Андрэ таксама прыклаў да гэтага руку. Ён адкрыў для сваіх землякоў Алеся Разанава, Андрэя Хадановіча, Алену Брава, Наталку Бабіну, Сяргея Календу… І прызнаўся, што ўжо даўно думае аб тым, каб перакласці на нямецкую мову раман Караткевіча «Каласы пад сярпом тваім» і паэму Якуба Коласа «Новая зямля».
— Заўсёды цікавіўся іншымі краінамі, культурамі, замежнымі мовамі. Італьянскую асвоіў, калі вучыўся ў Італіі, польскую — у Польшчы. Але мяне, колькі сябе памятаю, прыцягвалі краіны Савецкага Саюза, менавіта таму і паступіў на ўсходнеславянскую філалогію. Калі быў маленькім, памятаю, любіў разглядаць школьны атлас. Там было напісана Вайсрусланд, таму я не толькі адрозніваў Расію ад Беларусі, але і ведаў, дзе яна знаходзіцца. Для мяне заўсёды было важна ведаць мову краіны, у якой я жыву. Таму, калі прыехаў у Беларусь, пачаў вывучаць беларускую, у тым ліку і па кнігах Караткевіча. Мне вельмі пашанцавала з выкладчыцай беларускай мовы ў БДУ. Разам са мной у той час на курсы хадзілі яшчэ 2 дзяўчыны з Германіі. Мы былі першымі замежнымі студэнтамі, якія на прафесійным узроўні вывучалі беларускую мову. Наш выкладчык казала, што менавіта мы яе натхнілі выдаць кнігу, якая і сёння дапамагае немцам асвоіць беларускую мову.
Цяпер Андрэ працуе лектарам Германскай службы акадэмічных абменаў Гродзенскага ўніверсітэта імя Янкі Купалы і выхоўвае маленькую дачку.
— У нас беларуска-нямецкамоўная сям’я. Жонка (яна ў мяне гісторык па адукацыі) размаўляе з дачкой па-беларуску, я — па-нямецку. У той час, калі мы пазнаёміліся, я не быў у актыўным пошуку. Але думаў пра тое, што калі і жаніцца з беларускай, дык толькі беларускамоўнай.
Калі спачатку Андрэ пазнаваў Беларусь па кнігах Караткевіча, то цяпер робіць гэта самастойна. Як толькі з’яўляецца вольная хвіліна, садзіцца ў машыну і едзе…
— Падарожнічаю на машыне, бо не люблю залежаць ад аўтобусаў. Шмат мясцін паспеў пабачыць. Мне вельмі падабаюцца Браслаўскія азёры, Прыпяць, Дняпро… З гарадоў — Полацк, Мазыр, Гародня… Разам з журналісткай-беларускай, якая жыве ў Берліне, склалі «Даведнік па Беларусі на нямецкай мове», які выйдзе ў наступным годзе. Апісваем там хараство беларускай прыроды, даём практычную інфармацыю, дзе можна спыніцца, перакусіць… Такім чынам, можна сказаць, працягваем асветніцкую справу Караткевіча, які ў свой час запрашаў чытача ў падарожжа па Беларусі сваім нарысам «Зямля пад белымі крыламі».