Адразу пасьля Новага году праект «Мова Нанова» адзначыць сваю першую гадавіну.
Бясплатныя курсы беларускай мовы былі запачаткаваныя ў Менску філёлягам Алесяй Літвіноўскай і журналістам Глебам Лабадзенкам, паведамляе «Радыё Свабода».
У чэрвені 2014 году курсы «Мова Нанова» атрымалі Гран-пры фэстывалю беларускамоўнай рэклямы ADNAK у намінацыі «Грамадзка значныя праекты». У лістападзе 2014 году курсы атрымалі дзяржаўную рэгістрацыю. У сьнежні 2014 году — перамаглі ў конкурсе «Падзея году» на V фэстывалі нефармальнай адукацыі. У чым сакрэт такога імклівага посьпеху, журналiсты запыталiся ў аднаго з заснавальнікаў курсаў Глеба Лабадзенкі.
— У адрозьненьне ад іншых моўных праектаў, у такі няпросты час вы выжылі, вы разьвіваецеся, вы пасьпяховыя. Як самі думаеце, за кошт чаго?
— Я б не сказаў, што гэты час няпросты. Увесь гэты год — а нашы курсы існуюць роўна год — для нас быў толькі ўздым, пасьпяховае і дынамічнае разьвіцьцё. Мы пачалі выдаваць студэнцкія білеты і за 2,5 месяца выдалі ўжо больш за тысячу.
— Курсы «Мова Нанова» даўно ўжо выйшлі за межы сталіцы. Дзе яшчэ, у якіх гарадах вы праводзіце заняткі?
— Курсы за год адкрыліся ў васьмі беларускіх гарадах — усіх абласных (акрамя Гомеля), а таксама ў Бабруйску, Баранавічах і Маладэчне. За мяжой па нашай праграме курсы дзейнічаюць у Кіеве, Кракаве, Гранадзе. Энтузіясты бяруць нашу праграму і самі праводзяць курсы. Гэта нас вельмі цешыць, таму праграму выкладаем на сайт.
— Акрамя проста заняткаў па вывучэньні беларускай мовы, якія яшчэ формы дзейнасьці прапануеце?
— Так, мы асвойваем новыя кірункі дзейнасьці. Да прыкладу, разам з адной вядомай турфірмай сталі вазіць экскурсіі, ужо адбылося 6 экскурсіяў па выдатных мясьцінах Беларусі, зьвязаных з выбітнымі асобамі. Таксама ў нас ёсьць іншыя пляны. Нядаўна мы хадзілі ў музэй, і сын Якуба Коласа Міхась Міцкевіч праводзіў заняткі з нашымі студэнтамі. Для іх гэта быў сапраўдны падарунак, такая рэдкая магчымасьць — пачуць сына Коласа!
— Магчыма, у Гранадзе ці Польшчы і нескладана знайсьці памяшканьне. Але ў беларускіх гарадах мясцовыя ўлады вельмі насьцярожана ставяцца да беларускамоўных ініцыятываў. Дзе ў беларускіх гарадах знаходзіце памяшканьні для заняткаў?
— Тут складаней за ўсё — пачаць, таму што сапраўды чыноўнікі глядзяць насьцярожана на беларускаарыентаваныя праекты. На жаль, так у нас склалася — нейкі стэрэатып апазыцыйнасьці ўсяго, што зьвязана зь беларускім. Там, дзе курсы дзейнічаюць, нам гэты стэрэатып удалося разьбіць, разьвянчаць. У тых васьмі гарадах, дзе курсы існуюць, я перакананы, што чыноўнікі бачаць, што там ніякай палітыкі. Мы працуем выключна ў плоскасьці культуры, і там, дзе курсы ёсьць, ніякіх непаразуменьняў зь мясцовымі чыноўнікамі няма. Праўда, быў выпадак, калі ў адным з гарадоў курсы былі ў памяшканьні адной з экалягічных арганізацыяў, а гэтае памяшканьне належала аўтасэрвісу. Гаспадар аўтасэрвісу выгнаў з памяшканьня і экалягічную арганізацыю, і нашы курсы. Ён сказаў, што нейкія наркаманы зьбіраюцца і па-беларуску размаўляюць. Але гэта не сыстэма, гэта адзін выпадак. Проста нарваліся на такога мужыка.
— Ведаю, што вы распачалі і курсы для дзетак. І 3 студзеня ў вас дэбют на тэлеканале «Белсат».
— З кастрычніка мы адкрылі дзіцячыя курсы. Наша выкладчыца ў Менску Алена Церашкова ўзяла ўсё на сябе. У яе самой чацьвёра беларускамоўных дзетак. У нас быў ранішнік перад Калядамі, і там было прыкладна 70 дзетак. Моўныя дзіцячыя курсы самі па сабе ўзьнікаюць. То бок дарослыя прыходзяць на курсы зь дзецьмі, і выкладчыкі нашы, каб дзетак нечым заняць, раздрукоўвалі нейкія размалёўкі, вершыкі зь дзеткамі вучылі. А цяпер ужо заняткі для дзетак будуць і ў Горадні і Берасьці.
«Белсат» прапанаваў нам зрабіць тэлевэрсію курсаў «Мова Нанова», далі нам тэхнічную магчымасьць, апэратара, рэдактара. Мы ўзялі ўсе свае распрацоўкі, цікавых гасьцей і зрабілі тэлевэрсію на 12 хвілін па тым жа прынцыпе, што і заняткі ў «Галерэі Ў». То бок кожны занятак мае нейкую тэму — граматычную, лексычную, а таксама гутарку зь цікавым госьцем.
— І адно ненавагодняе пытаньне. А было нешта такое, што не ўдалося? Былі расчараваньні?
— У нас так і не атрымалася адкрыць нашы курсы ў Гомелі. Былі нейкія спробы, але нешта не складаецца. Там ёсьць нейкія іншыя курсы. Але ў нашых курсах галоўная задача — масавасьць, мы хочам ангажаваць у гэтую справу як мага больш людзей. Дзеля гэтага запрашаем музыкаў, стараемся разнастайваць заняткі.
Хацелі да Новага году новы сайт запусьціць, каб усе зьдзівіліся, але не пасьпелі...
— Глеб, а каму хацелі б сказаць словы падзякі за супрацу?
— Канечне, найперш маёй напарніцы Алесі Літвіноўскай. Таму што я з адукацыі журналіст, а яна філёляг. Безь яе курсаў не было б. Уся моўная частка, навуковая частка на ёй. Дзякуючы яе грунтоўнаму падыходу да справы ў нас атрымліваюцца ня проста вясёлыя сустрэчы, а ўсё мае адукацыйны ўхіл. І граматычная частка, і слоўнікі — усё на ёй.
Таксама я хацеў бы падзякаваць той тысячы чалавек, якія прыйшлі да нас. І што самае важнае — разам нам удаецца рабіць такую клясную дзьвіжуху!