Новости БеларусиTelegram | VK | RSS-лента
Информационный портал Беларуси "МойBY" - только самые свежие и самые актуальные беларусские новости

Дух Свабоды

13.03.2015 в мире
Дух Свабоды

Адраджэнню Незалежнасці Літвы – 25 гадоў.

Учора я вярнуўся з Вільнюса, дзе правёў некалькі дзён. Там жа быў і экс-старшыня Вярхоўнага Савета Беларусі Станіслаў Шушкевіч. Па запрашэнні Сейма мы бралі ўдзел у святкаванні 25-гадовага юбілею аднаўлення Незалежнасці Літвы.

Якія ўражанні?

Самыя станоўчыя.

Так, Літва – не райскі куточак з вечна квітнеючымі садамі і цукеркамі, якія самі падаюць у рот. Нягледзячы на тое, што ў Еўрасаюзе яна ўвайшла ў першую дваццатку па валавым прадукце на душу насельніцтва, праблем у яе пакуль больш, чым можна пераварыць.

І гаспадарчыя справы ў многім не ладзяцца, і моладзь безупынна з’язджае на Захад, і хуткімі тэмпамі старэе насельніцтва, і не лепшы выгляд маюць некаторыя гарадскія кварталы, і экалагічныя выклікі не даюць спакою…

Балячак у Літве ніхто не дэманструе, але ніхто іх і не хавае. Краіна жыве па сваіх магчымасцях, з надзеяй, што ў рэшце рэшт дрэннае міне і жыццё палепшыцца… Галоўнае – не вяртацца назад, у імперыю пад назвай СССР.

Не, што ні кажыце, а літоўцы не падобныя на нас, цяперашніх беларусаў. Іх сёння не купіш таннай расійскай нафтай ці кавалкам варанай каўбасы. Яны згодны хадзіць па шчарбатых тратуарах, здавольвацца тым невысокім узроўнем дабрабыту, які маецца, але толькі б не пазбавіцца таго, за што змагаліся 25 гадоў таму! І не толькі 25 гадоў таму…

За свабоднае, вольнае жыццё яны, літоўцы, змагаліся на працягу ўсёй сваёй гісторыі. І тады, калі былі разам з намі, ліцвінамі, і пасля таго, як нашы пуцявіны разышліся.

Праязджаючы на машыне праз беларуска-літоўскую мяжу, што за Ашмянамі, я не-не ды і спыняюся ля шклянога мемарыяла, які ў нейкай сотні метраў ад апошняга шлагбаума. Не кожны беларус ведае, у памяць аб кім ён узведзены. Менавіта на гэтым месцы летам 1991 года прынялі жудасную смерць шэсць літоўскіх памежнікаў, мытнікаў і міліцыянтаў. З сямі толькі адзін, цяжка паранены, выжыў. У тую кароткую ліпеньскую ноч нарад, які дзяжурыў на пераходзе Мядзінінкай – Каменны Лог, расстралялі бандыты-амапаўцы, кіруемыя з Масквы. Расстралялі, спадзеючыся на тое, што такім чынам запалохаюць літоўскі народ і ён спыніць барацьбу за выхад з СССР. Не запалохалі! Ды і наогул позна ўжо было страшыць. За паўгода да гэтага ён пацвердзіў, што голас Свабоды не заглушыць ніякімі выстраламі. Калі па злачынным загадзе з той жа Масквы пачаўся штурм тэлевежы, на вуліцы Вільнюса выйшлі сотні тысяч патрыётаў. Чатырнаццаццю жыццямі годных сыноў і дачок ахвяравала тады маленькая Літва, але Свабода была вырвана з лап крамлёўскіх імперцаў.

Адраджэнню Незалежнасці Літвы – 25 гадоў! Дух Волі, дух Свабоды жыве ў душы кожнага літоўца – ад чалавека сталага веку да дзіцяці. Вось бачу: на трыбуну падымаецца Лайма Андрыкене, якая 11 сакавіка 1990 года без ваганняў, хоць недзе ўнутры панавала трывога, паставіла свой подпіс пад гістарычным Актам аб аднаўленні Літоўскай дзяржавы. Адчуваецца, хвалюецца яна і цяпер. Але гэта ўжо не трывожнае, а радаснае хваляванне. Звяртаючыся да ўдзельнікаў урачыстага сходу, яна кажа: "Я ўчора і сёння зранку пабывала ў шэрагу працоўных калектываў, сустрэлася з жыхарамі некалькіх населеных пунктаў – размова ішла толькі пра Дзень Незалежнасці. Завітала ў дзіцячы садок – і, паверце, пяцігадовыя хлопчыкі і дзяўчынкі таксама ведаюць, якое сёння свята адзначае Літва".

Кранальна! Вось так нараджаецца заўтрашні дзень Літвы! Праз дух Свабоды, які пануе ў гэтыя дні літаральна ва ўсіх куточках краіны! У мяне слёзы міжволі наварочваліся, калі старшыня Сейма, мілавідная Ларэта Граўжыніене вяла цырымонію, якая ўмоўна называецца "Кветкі – героям!". Каля двух дзясяткаў маладых высокарослых, адзін у адзін парадных вайскоўцаў з вялізнымі кампазіцыямі натуральных кветак у руках выстраіліся перад сцэнай галоўнай залы Сейма, той залы, у якой 25 гадоў таму быў падпісаны гістарычны Акт аб адраджэнні Незалежнасці Літвы. Дыктар гучна аб’яўляе імя і прозвішча Героя, які аддаў жыццё за свабоду Літвы, месца яго пахавання. Пасля гэтага кветкі кладуцца на рукі старшыні Сейма, а ўжо з яе рук яны далікатна трапляюць на рукі землякоў славутых змагароў за народнае шчасце, якія разам з вайскоўцамі даставяць іх на магілы Герояў. Такім чынам 11 сакавіка 2015 года ў Літве былі ўшанаваны ўсе, хто здабываў Свабоду краіне, свайму народу. Кожнаму дэпутату, які 25 гадоў таму паставіў свой подпіс пад Актам аб аднаўленні Незалежнасці, але які не дажыў да сённяшніх дзён, былі ўскладзены кветкі ад удзячнай Літвы непасрэдна на яго магіле. Такая ж хвала была выказана і тым, чый прах знаходзіцца ў ваенных брацкіх захаваннях.

Цырымонія "Кветкі – героям!" закончылася на той жа ўрачыста-жалобнай ноце, як і пачалася. Але жыццё не спыніць, і ўсялякай пахвалы заслугоўваюць многія з тых, хто, як і Героі, што адышлі ў іншы свет, у свой час праявілі адвагу і мужнасць, адстойваючы свабоду для сваёй Радзімы. Вялізная парламенцкая зала літаральна ўзарвалася апладысментамі, калі да трыбуны падыходзіў легендарны Вітаўтас Ландсбергіс, прафесар ад навукі і патрыярх палітыкі. Дзесяць хвілін прамовы – і зноў шквал апладысментаў у знак удзячнасці за тое, што ён, першы спікер дэмакратычна абранага парламента, разам з некалькімі дзясяткамі аднадумцаў выратаваў Незалежнасць краіны.

Цяжка перадаць словамі адчуванні, якія я перажыў на другі дзень у Палацы Вялікіх Князёў Літоўскіх, дзе адбываўся дзяржаўны прыём у сувязі з 25-годдзем аднаўлення Незалежнасці Літвы. Баюся памыліцца, але мне здаецца, што за святочна аформленымі сталамі знаходзілася не менш за тысячу чалавек.

…На першых хвілінах у зале з’яўляецца прэзідэнт Літвы Даля Грыбаўскайтэ. Спыняецца ля адной групы гасцей, ля другой, трэцяй, чацвёртай… Гутарыць, фатаграфуецца… Як быццам яна не прэзідэнт краіны, а звычайная гасцінная гаспадыня.

Крыху пазней пачынаецца ўзнагароджанне сігнатараў – тых дэпутатаў Сейма, якія тады, 11 сакавіка 1990 года, кінулі выклік савецкай імперыі, аб’явіўшы ўсяму свету, што Літва адраджае сваю Незалежнасць. Вось сапраўды: ніхто не забыты, нішто не забыта!

Так атрымалася, што я апынуўся за адным сталом з Юргісам Юргелісам, подпіс якога таксама стаіць пад Актам аб аднаўленні Літоўскай дзяржавы. Павіншаваўшы яго з памятным медалём, які ён толькі што атрымаў з рук сённяшняга старшыні Сейма, я як быццам між іншым пацікавіўся:

– Такая ўвага да вас, дэпутатаў Сейма, якім выпала доля вяртаць Літве Незалежнасць, толькі сёння, калі святкуецца юбілей, ці гэта ўжо своеасаблівая традыцыя?

– Хоць мы ўжо даўным-даўно не дэпутаты Сейма, але, заўважу, з’яўляемся членамі Клуба сігнатараў. Так называюцца ў нас тыя, хто паставіў подпіс пад Актам аб аднаўленні Незалежнасці Літвы ў той гістарычны дзень 11 сакавіка 1990 года.

Яны, тагачасныя дэпутаты Сейма, якія, у многім рызыкуючы сваім жыццём, вырвалі краіну з кіпцюроў савецкай імперыі, – таксама Героі. А значыць, ім не толькі павага, але і пэўныя ўзнагароджанні, даброты. Як маральныя, так і матэрыяльныя. Ад таго ж Юргеліса я даведаўся, што ён мае значную даплату да пенсіі за заслугі перад Літвой у адстойванні яе Незалежнасці.

Міжволі думкі вярнулі мяне ў Беларусь, у тыя часы, калі літаральна ўзрывалася ад эмоцый Авальная зала Дома ўрада, дзе праводзілі свае пасяджэнні дэпутаты Вярхоўнага Савета 12-га склікання. Пахвілінна помню той дзень, калі прымалася Дэкларацыя аб суверэнітэце Беларусі. Як і той дзень, калі была пастаўлена апошняя кропка ў галасаванні за новую Канстытуцыю. Жарсці не ведалі межаў, але здаровы сэнс узяў верх. Тады ўзяў, а вось пазней… З тых часоў, калі да ўлады прыйшоў Лукашэнка, пра Дэкларацыю "Аб дзяржаўным суверэнітэце Рэспублікі Беларусь", лічы, ніхто з высокіх асоб і не ўзгадвае. Канстытуцыю, якая моцна паходзіла на канстытуцыі самых дэмакратычных краін свету, пакрэслілі так, што ўсё стала з ног на галаву.

А што з тымі дэпутатамі Вярхоўнага Савета 12-га склікання, якія, бывала, урукапашную кідаліся на праціўнікаў дэмакратыі, адстойваючы кожны пункт новай Канстытуцыі? Каго ўжо даўным-даўно няма ў жывых (Ганчара, Карпенкі, Булахава, Семдзянавай…), хто – за трыдзевяццю зямель (Пазьняк, Шарэцкі, Навумчык…). Астатнія – ізгоі ў сваёй краіне. Першы старшыня Вярхоўнага Савета суверэннай Беларусі Станіслаў Шушкевіч мае пенсію памерам крыху больш за тры тысячы беларускіх рублёў. Жабрацкая пенсія і ва ўсіх астатніх тагачасных сумленных дэпутатаў. Тыя ж, хто пазней здрадзіў Канстытуцыі, стаў па-халуйску служыць Лукашэнку, маюць у тры-чатыры-пяць разоў большыя пенсіі, чым дэпутаты-сігнатары, якія рызыкавалі многім пры змаганні за дэмакратычную Беларусь.

Не буду далей развіваць "хатнюю" тэму. Не хлебам адзіным жыве чалавек. Вернемся да рэалій суседзяў. На пачатку нататак я сказаў, што ў літоўцаў праблем вышэй галавы, але для іх дух Свабоды мае куды большы сэнс, чым усё астатняе. Менавіта такая думка мроілася ў маёй галаве і тады, калі я браў удзел у мерапрыемствах, звязаных са святкаваннем 25-х угодкаў адраджэння Незалежнай Літвы, і тады, калі ў вольны час проста гуляў па Вільнюсе. Амаль на кожным доме – жоўта-зялёна-чырвоны нацыянальны сцяг, вячэрняя ілюмінацыя на праспекце Гедымінаса – у выглядзе дзяржаўнай сімволікі. А можаце ўявіць літоўскі трыкалор даўжынёю ў дзвесце метраў – менавіта такі аграмаднейшы галоўны сцяг краіны трапятаў над галовамі моладзі на лёгкім ветрыку ад Сейма да Кафедральнага Сабора.

Дух Свабоды падтрымліваецца ў літоўскім народзе не толькі падчас святкаванняў. На яго нязгаснасць скіравана ўся дзяржаўная палітыка. У якой яшчэ краіне ёсць Дзень нацыянальнага касцюма? У Літве ён адзначаецца з гордасцю, з пачуццём гонару за родны край, за Радзіму. Я не мог адарваць вачэй ад здымка у Сейме, на якім Даля Грыбаўскайте з ног да галавы ў прыгожым нацыянальным строі. Вось бы Аляксандру Лукашэнку нашу беларускую вышыванку!

І апошні штрых да ўражанняў ад святкавання Літвой 25-гадовага юбілею аднаўлення Незалежнасці. Напярэдадні афіцыйных урачыстасцяў я выйшаў з Сейма на прылягаючую плошчу. Тры аркестры – Літвы, Латвіі і Эстоніі – праводзілі апошнюю рэпетыцыю. Загучаў гімн Літвы. Усе, хто праходзіў побач, спыніліся і сталі спяваць. Словы гімна ў Літве ведаюць усе, ад старога да малога.

Таму што яны, словы гімна, як і словы Акта аб Незалежнасці, пранізаны духам Свабоды. А гэта для любога літоўца з’яўляецца галоўным сэнсам жыцця.

Іосіф Сярэдзіч, галоўны рэдактар «Народнай волі»



Последние новости:
Популярные:
архив новостей


Вверх ↑
Новости Беларуси
© 2009 - 2024 Мой BY — Информационный портал Беларуси
Новости и события в Беларуси и мире.
Пресс-центр [email protected]