Дзень Волі стаў добрай нагодай для сустрэчы прадстаўнікоў «Еўрапейскай Беларусі», руху «За свабоду» і прафсаюза радыёэлектроннай прамысловасці.
Яны сабраліся ў офісе прафсаюза за круглым сталом для абмеркавання актуальных тэмаў. Прысутныя праглядзелі дакументальную стужку рэжысёраў Юрыя Хашчавацкага, Алега Дашкевіча і пісьменніка Уладзіміра Арлова «Дзень волі». З крытычным словам выступіў кіраўнік рэспубліканскага прафсаюза радыёэлектроннай прамысловасці Генадзь Федыніч, паведамляе «Радыё Рацыя».
- Маем шэраг палітычных партый, плыняў, рухаў, маем частку незалежных прафсаюзаў, але яны ўсе паасобку. Пакуль не памерлі кожны будзе выжываць паасобку, тады мабыць усіх нас варта замяніць. Пыл засціць вочы нам яшчэ, але дойдзем, дойдзем мы да Беларусі, - сказаў ён.
Выступілі таксама актывісты з Берасцейшчыны – Алесь Мех і Хведар Петрусевіч. Яны прапанавалі сваё бачанне выхаду з сітуацыі, у якой апынуўся народ.