Беларусь – краіна герояў. Менавіта яны ў віхурах мінулых стагоддзяў уратавалі народ ад знікнення.
І нават сёння, у часы абыякавасці і заняпаду, сваімі мужнымі ўчынкамі абуджаюць сонны люд. Не дазваляюць яму ў летаргічным сне сысці ў нябыт.
У студзеньскія дні, калі тутэйшая грамада яшчэ даядала навагоднія запасы ды збіралася падступіца да калядных, у Віцебску здарылася неверагоднае. На тую плошчу, куды паводле загаду абласнога вертыкальшчыка перанеслі святочныя пагулянкі, выйшаў малады чалавек і ўзняў над горадам і ўсёй краінай бел-чырвона-белы сцяг. На саракаметровую вышыню. Ні натаўскія верталёты, ні таямнічыя крылы, прывезеныя патаемна апазіцыяй з-за мяжы, падчас гэтай акцыі чалавек са сцягам не выкарыстоўваў. На неверагодную вышыню яго узняла асабістая мужнасць і любоў да Айчыны. Не пагадзіўся ён моўчкі праглынуць знявагу, якую нанесла краіне купка цынічных яе ўладароў, забараніўшы гістарычныя святыні беларусаў.
Не ўпершыню над Віцебскам лунае сцяг народа. Аднак цяпер улада ўсёй скурай адчула, якую пагрозу яе існаванню нясе новы дзёрзкі выклік. Усе вартавыя найвышэйшага кіраўнічага крэсла на рогі ўсталі. Такога небяспечнага здарэння яшчэ тут не было. Не пад покрывам ночы, а ў дзень, не тоячыся, Сяргей Каваленка, грамадзянін Краіны Беларусь, узняў над сваім горадам той сцяг. Ні ад каго ён не хаваўся. Нікуды не ўцякаў. Рызыкаваў жыццём. А гэта ўжо не жарты. Зразумела, што адважны ўчынак надасць гістарычным сымбалям яшчэ большую прывабнасць і павагу.
А таму па ўсёй вертыкалі была абвешчана трывога. На плошчу паімкнуліся амапаўцы, спецтэхніка, міліцэйскае высокае начальства. Кожны ратаваў свае пагоны. У краіне жалезнай стабільнасці такога промаху ахове зазвычай не даруюць. Унізе Сяргея Каваленку чакалі амапаўцы. Яго моцна збілі. Бруднай лаянкай прадэманстравалі непахісную адданасць кіраўніцтву. І кінулі за краты.
Найперш яго трэба было дыскрэдытаваць. А таму адразу пачалі шыць крымінальны артыкул аб злосным хуліганстве. Якім прадугледжана зняволенне да шасці гадоў. У свой час, калі чынавенскія вырадкі зневажалі сарваны з галоўнага флагштока краіны, але яшчэ не адменены ніякімі ўказамі бел-чырвона-белы сцяг, перад тэлекамерамі раздзіраючы яго на кавалкі, чамусьці ніхто не паспяшаўся прыцягнуць іх да адказнасці. А за спробу аддаць сцягу належнае – адразу шэсць гадоў зняволення. Такая вось пануе тут законнасць.
Пракурор, да якога прывялі арыштанта, стылем размовы ад амапаўцаў асабліва не адрозніваўся. Але затое адразу знайшоў, на ягоны погляд, надзвычай тонкае параўнанне, каб давесці Сяргею Каваленку ўвесь жах ягонага ўчынку. Паводле пракурора, парушальнік кіраўнічага спакою ўварваўся на чужое вяселле і сваім сцягам разбурыў старанна серваваны стол. Майстар юрыдычных дэфініцый ведае, што гаворыць. І сапраўды, у выніку інтэграцыйных гульняў тутэйшая ўлада можа ў адзін цудоўны момант пабрацца шлюбам з заможным Крамлём. Ужо нават падрыхтаваны стол для шыкоўнай чынавенскай жратвы. Шмат хто прыгледзеў сабе тлусты кавалак. А тут з’яўляецца раптам чалавек з крамольным сцягам і псуе дзівосную ідылію. Ды яшчэ нагадвае нахабна, што нарачоная ўвогуле можа застацца без пасагу.
Нездарма ж яны так ліхаманкава мянялі законны сцяг дзяржавы на чырвона-зялёны. З самага пачатку свайго існавання гэтая блудлівая ўлада ўзяла курс на ўваходжанне ў склад Расіі. Недарэчнаму спалучэнню колераў аддалі перавагу ў адпаведнасці з формай ўласнасці. Гэты сцяг маскоўскага паходжання. У той час Захаду распавядалі казкі пра добраахвотны саюз суверэнных савецкіх дзяржаў. А у такім разе, патрэбна была адпаведная атрыбутыка. І не выключана, што намалявалі яго напачатку для нейкай сярэднеазіяцкай рэспублікі. А потым хтосьці з пільных партыйных начальнікаў уцяміў, што не варта тым рэспублікам узгадваць пра зялёны колер іслама. А каб дабро не прападала, ашчаслівілі ім цярплівую Беларусь. У Мадагаскара сцяг амаль гэткі ж, але што зробіш – Масква загадала.
І так ужо сталася, што выбар колераў сцягу вызначае і выбар будучыні дзяржавы. Калі мы сапраўды хочам дайсці да вольнай, незалежнай, дэмакратычнай Беларусі, тады давядзецца далучацца да тых, хто даўно і назаўсёды абраў сапраўдны сцяг свайго народа – бел-чырвона-белы. Калі ж на ўсё начхаць і існаванне ў якасці расійскай правінцыі падаецца перспектывай прывабнай, то крочыць у светлае заўтра лепей з роднай уладай пад сцягам чырвона-зялёным. І вярнуць яго давядзецца ў хуткім часе маскоўскаму ўласніку. Разам з краінай. Бо іншых варыянтаў не існуе. Незалежная дзяржава пад чужым сцягам – гэта недарэчны анекдот.
Яны яшчэ могуць з дапамогай дробных вертыкальшчыкаў, амапу ды спецназу ўкараняць у свядомасці запалоханых людзей зялёна-чырвоныя колеры. Але ніхто з іх нічога не будзе рабіць “за так”. А тым болей, рызыкаваць жыццём.
Сёмага студзеня Сяргей Каваленка не проста здзейсніў мужны ўчынак. Ён яшчэ абрынуў апошні бастыён сляпога страху, так старанна збудаваны тут уладай. Паказаў усім, што кожны чалавек нават ва ўмовах усеагульнага бязвер’я можа паводзіць сябе годна і ўпэўнена. Карнікам, якія на плошчы ўзялі яго ў аблогу, ён сказаў: “Я на сваёй зямлі”.
Як бы ні душылі яны тут усё жывое, а найпрыгажэйшы ў свеце сцяг ужо вяртаецца з выгнання. Вольная Беларусь збіраецца пад ім. І няма такой сілы, якая здолела б вырваць яго са свядомасці людзей. З іх сэрцаў. Хіба што разам з жыццём.