Спявачка нарэшце запісала песню, без якой 6 гадоў не абыходзіўся ніводны яе выступ.
Песьня «Красавік» — добравядомая ўсім тым, хто быў на канцэртах Паліны Рэспублікі. Безь яе выкананьня не абыходзіцца ніводны выступ сьпявачкі ўжо цягам шасьці гадоў, паведамляе tuzin.fm.
«Я напісала гэтую песьню яшчэ ў 15 гадоў і ў ёй апавядаецца пра тое сьветлае пачуцьцё, якое пакідае ў юнацтве толькі добрыя ўспаміны і надзею на лепшае», — распавядае аўтарка.
Кампазыцыя запісаная на студыі «Бегемот» у Аляксея Зайцава адмыслова да дэбютнага альбому. Аранжыроўку зрабіў Уладзь Пыльчанка, гітарыст жывога складу Паліны. У запісе ўдзельнічалі таксама Джэймз Глюк (бас), Юры Мартынаў (бубны), Аляксандра Аляксюк (віялянчэль). Сьпявачка вырашыла прадставіць трэк у выглядзе самотніка акурат на свой дзень народзінаў — 8 красавіка ёй спаўняецца 21 год.
«Цяпер можам з пэўнасьцю сказаць: альбом, які так доўга ўсе мы чакалі, урэшце рэшт запісаны і хутка пабачыць сьвет, — кажа Паліна. — Дыск завецца «Бясконцы красавік» , а яшчэ я яго ідэнтыфікую, як «8.4», што па-сутнасьці азначае тую самую бясконцасьць красавіка, колькасьць песень у альбоме — 8 электрычных і 4 акустычныя — і дату маіх народзінаў».