І ўсё ж Беларусь ідзе сваім адметным шляхам. Скептыкі сцвярджаюць, што ў балота. Цынікі ўзгадваюць напрамак яшчэ горшы.
Аднак прэс-каферэнцыя, якая адбылася ў мінулы аўторак, расставіла нарэшце і ў гэтым пытанні неабходныя акцэнты. Усе зразумелі ўсё. Простаму ды яшчэ і законапаслухмянаму чалавеку не варта хвалявацца. На тое ўвогуле няма падстаў.
Магілёўскія раёншчыкі, які шаснаць год таму дарваліся да ўлады, хлопцы прагматычныя. Свайго не ўпусцяць. І абы куды не павядуць. Перад краінай, нягледзечы на крызіс, перспектывы светлыя і нават неабсяжныя. Нездарма ж калісьці найгалоўнейшы начальнік у гневе выкрыкнуў, што дэмакратыі ў Беларусі болей, чым на Захадзе. І гэта аўтэрытэтна пацвердзіў на вышэйзгаданай канферэнцыі Пётр Міклашэвіч, які стаіць на чале самага прынцыповага і бездакорнага суда. Імя якому – Канстытуцыйны.
Журналісты зноў паказалі сябе не лепшым чынам. Задавалі пытанні, якія маглі збянтэжыць каго заўгодна. Толькі не таго, хто ачольвае сёння такі высокі суд. Зразумела, закранулі набалелае. Наконт злашчасных дадаткаў да закону аб аператыўна-вышуковай працы, якія выклікалі шырокі розгалас у грамадстве. А ці не супярэчыць гэта канстытуцыйным нормам?
Знайшлі праблему – хтосьці там без санкцыі пракурора можа праслухоўваць прыватныя тэлефонныя размовы. Такая навіна! Нібыта іх ніколі ніхто не праслухоўваў. І цнатлівае вуха былога савецкага чалавека проста ржавее з тае нагоды, што недзе на лініі падключана адпаведная апаратура.
Тым не менш, дазорца тутэйшай законнасці цярпліва і настойліва абгрунтаваў юрыдычныя падставы гэткай абвостранай цікаўнасці ўлады да падрабязнасцяў жыцця беларускіх грамадзян. Ягоныя тлумачэнні сапраўды вартыя ўвагі. Каб мімаволі не сказіць іх сэнс, працытаваць варта без перакладу. У тым выглядзе, як яны з’явіліся ў сродках інфармацыі. “Здесь прямого противоречия конституционным нормам не видим мы. Мы рассматривали положения данного закона в суде в порядке предварительного контроля и, исходя из статьи 23 Конституции, которая дает возможность в целях национальной безопасности, защиты правопорядка и охраны здоровья делать определенные ограничения, то здесь, соответственно было принято соразмерное ограничение в целях усиления борьбы с преступностью”.
Залатыя словы! Калісьці незабыўны Ленін настойліва даводзіў: не трэба баяцца чалавека з ружжом. І цяпер вось нарэшце ўсё зразумела. Тыя зверствы і неверагодныя дзікунствы, якія чыніць неўтаймаваная ўлада – у інтарэсах саміх жа грамадзян. Гэта робіцца выключна дзеля “охраны здоровья”. І навязлівае падслухоўванне асабістых тэлефонаў, і беспадстаўнае ўварванне розных гарыл у прыватныя кватэры, і выкраданне ды збіццё пераапранутымі ў цывільнае прыўладнымі мордаваротамі апазіцыйных моладзевых актывістаў – гэта ўсё таксама ў інтарэсах грамадзян. Інтарэсы тыя вартуе пільна бескампрамісны Канстутыцыйны суд. І самае галоўнае, ён знайшоў нарэшце юрыдычнае абгрунтаванне прававога бязмежжа, якое ўсталявалася ў краіне намаганнямі незлічоных спецслужб. Артыкул 23 асноўнага закону. Як кажуць, чытайце вашу канстытуцыю!
Калі ў якім-небудзь памяшканні пацукі знаходзяць штосьці карыснае для іх, яны не патрабуюць, каб ім шырока расчынілі дзверы. Выяўляюць непрыкметную шчылінку і праз яе выносяць усё да драбніцы. Так і тут. Грамадства і без таго каторы год жыве ў прававой галечы. А цяпер праз адтуліну нумар 23 вынесуць апошняе. Непазбежна. З чым і варта павіншаваць ўсіх памяркоўных і цярплівых.
Дзіўна нават, а навошта столькі лішніх слоў у той канстытуцыі, калі ўвесь сэнс яе можна перайначыць адным артыкулам. Можа, варта было б выдаць той артыкул масавым тыражом у якасці асноўнага закону і жыць сабе без глупстваў і ілюзій, як у незабыўным трыццаць сёмым. Чакаючы, калі загрыміць у дзверы бот амапаўца, які вырашыў з дазволу непасрэднага начальніка паклапаціцца пра здароўе людзей яшчэ адной кватэры. Мае права!
Ды што там тыя тэлефоны. Чуткі пра іх цнатлівасць надта перабольшаны. Яшчэ ў савецкія часы людзі прызвычаіліся неяк да таго, што дыялог тут не ідзе. Абавязкова прысутнічае хтосьці трэці. Дык навошта ж парушаць даўнія традыціі?
Прэс-канферэнцыя шмат каму дапамагла б зразумець, у які час і дзе жывем. Калі б інфармацыя аб ёй была больш грунтоўнай і шырокай. Такія шчыраванні здараюцца не часта. Пётр Міклашэвіч з лёгкасцю ўпэўненага ў сваёй перавазе фехтавальшчыка адбіваў наскокі журналістаў. Мытны саюз кагосьці там хвалюе? Канстытуцыйны суд на адпаведнасць юрыдычным нормам тыя дакументы правяраў. Але фармальна. А даследваць усё па сутнасці можна толькі ў тым выпадку, калі ўсумніцца ў нечым кіраўнік дзяржавы. І сапраўды, наіўныя людзі. Хто-небудзь можа нават ўявіць сабе правадыра ў гэткім стане?
І ўвогуле, як высветлілася на прэс-канферэнцыі, прававая сістэма РБ няўхільна і ўпэўнена набліжаецца да ідэалу. На гэтым удзячным полі шчыруюць усе, хто можа. Нібы шахцёр Стаханаў на ўдарнай вахце. Толькі за мінулы год Канстытуцыйны суд праверыў ажно 104 законы, прынятыя нястомнымі дэпутатамі палаткі. І што б вы думалі? Усё бездакорна! Нават фізічна накрэмзаць гэткую колькасць папер не кожнаму пісарчуку па плячы. А тут узяліся гуртам – і вось ён, вынік. 104 не законы нават, а натхнёныя паэмы пра бязмежную павагу да канстытуцыі і палымяную любоў да таго, у чыіх руках іх лёс і дабрабыт. Хіба што пазайздросціць варта народу, які жыве ў такой краіне.
А на нязначныя дробязі, кшталту той пракурорскай санкцыі, можна і ўвагі не звяртаць. Вялікая бяда – нейкай паперкі ў пэўны момант ў іх няма. Напішуць пазней. Затое потым, ужо на нарах, кожна грамадзянін зможа спакойна і разважліва пачытаць асноўны свой закон. Поўны тэкст. Або адаптаваны – хітрык-23. Галоўнае – ёсць выбар.
Хіба не ў гэтым сэнс сапраўднай дэмакратыі?