Паводле словаў Ларысы Геніюш, Максім Танк — «Казачны прынц» беларускай літаратуры.
Менавіта дзякуючы Яго спрыяньню, аўтарка «Споведзі» пачала ізноў друкавацца; менавіта Ягоны ліст палепшыў лягерныя ўмовы Пятра Бітэля, перакладніка «Пана Тадэвуша»; яшчэ ў 1948-м годзе Ён спрабаваў надрукаваць творы другога сталінскага вязьня — Барыса Мікуліча; спрыяў Зянону Пазьняку, калі таго выганялі з Тэатральнага Інстытуту. Ён не любіў ўмоўнасьцяў і пафасу. У адрозьненьні ад бальшыні калегаў, не заводзіў раманаў, бо кахаў (і шчыра кахаў) толькі адну жанчыну — сваю жонку Любу. Як і Язэп Драздовіч, верыў, што на далёкіх плянэтах ёсьць іншае жыцьцё, інфармуе «Радыё Свабода».
Сёньня герой нашых 20 незвычайных фактаў — дзівосны чалавек і паэт Максім Танк.
1. Свой творчы шлях пачаў і завяршыў, уславіўшы «Пагоню» і бел-чырвона-белы сьцяг.
У 18-гадовым узросьце пісаў: «Пад сьцягам бел-чырвона-белым чакае перамога нас. Няхай жа меч Пагоні зьзяе... », а ў адным з апошніх выступаў сказаў: «... сёньняшні XI зьезд пісьменнікаў сапраўды заслугоўвае званьня гістарычнага, бо ўпершыню сабраўся ў свабоднай і сувэрэннай нашай Беларусі, над якой горда рэе бел-чырвона-белы сьцяг...»
2. Не любіў юбілеі
«...юбілеі ўсякія лічу... вясёлай рэпэтыцыяй пахаваньня...», «...Сёньня іх адзначаюць толькі графаманы ды хворыя на амбіцыі».
3. Яго натхнялі мастакі-авангардысты.
«Ад бачаных мной карцін [Малевіча, Кандзінскага, Шагала — В. Д.-М.] я нёс з сабою нейкую дзівосную музыку, надзвычайнае спалучэньне колераў і непакой пошукаў. Мне здаецца, што патрабаваць ад мастацтва, каб яно было адбіцьцём толькі рэчаіснасьці, — вельмі мала. Тады хопіць і фатографаў».
4. У 30-ыя гады клясык польскага кіно хацеў здымаць па яго паэме фільм
Вядома польскі кінарэжысэр Аляксандар Форд працаваў над экранізацыяй паэмы Максіма Танка «Нарач». Другая сусьветная вайна перашкодзіла гэтай задуме зьдзейсьніцца.
5. Быў вялікім прыхільнікам фільмаў жахаў, мэлядрамаў і баевікоў.
Стужкі пра Франкенштэйна («Нявеста Франкенштэйна»), Тарзана, карціны з Марлен Дзітрых, Пэтэрэм Лорэ («Злачынства і пакараньне») і Полай Нэгры — былі яго самыя любімыя: «Помню яе [Полы Нэгры — В. Д.-М.] фільмы «Вочы муміі» і «Кармэн». У кіно не было дзе сесьці, і я, стоячы, іх праглядзеў».
6. Засмучаўся, што беларускія літаратары ня могуць (ды і ня хочуць) вырвацца з палону «нашаніўскай» традыцыйнасьці.
«...беларуская [літаратура — В. Д.-М.], працяглы час не магла выйсьці па-за кола т. зв. адраджанізму...», «Паэзія наша ўсё яшчэ разьвіваецца ў нейкай самаізаляцыі ад усіх сучасных авангардысцкіх напрамкаў, якія адмовіліся ад старых рыфмаў, дакучнай мэлядыйнасьці, кананічнай лёгікі разьвіцьця вобразаў...», «У літаратуры амаль ніхто не клапоціцца аб форме, хоць абыякавыя адносіны да яе сьведчаць і аб несур’ёзных адносінах да любой ідэі — нават самай перадавой», «...вершы нашых піітаў... вельмі слабыя. Папулярнасьць некаторых зь іх магла зарадзіцца, разрасьціся і разлапушыцца толькі ў нашым бедным і прымітыўным літаратурным асяродзьдзі».
7. Цаніў Язэпа Драздовіча як вялікага мастака, але скептычна ставіўся да яго паэтычных і астранамічных здольнасьцяў.
«...Паэма [Язэпа Драздовіча «Трызна мінуўшчыны» — В. Д.-М.] ня можа... (...) быць мастацкім творам, бо ня мае ані вобразнасьці, ані арыгінальнасьці, не кажучы аб заганах з тэхнічнага боку...», «Ня знаю, які зь яго астраном. Мне здаецца, што ён не праз тэлескоп, а праз бутэльку глядзеў на нябесныя бегі плянэтаў».
8. Не любіў піва
«...забеглі ў нейкую сталовую каля Рыбнага рынку ды выпілі па куфлю піва, хоць я і не люблю гэтага піва. Помню, калісьці мяне ўпершыню пачаставаў ім крывіцкі лясны купец Гавэнда... І мне яно здавалася такім нясмачным, што я ледзь дапіў сваю шклянку».
9. Быў заўзятым паляўнічым
Малодшы сын Якуба Коласа Міхась: «памог мне калісьці набыць [стрэльбу — В. Д.-М.]... Нумар стрэльбы «Сымсан», калібар 16».
10. Крытыкаваў Якуба Коласа за яго пасьляваенныя вершы
«...Стары ня хоча зразумець, што ў вершах атупела яго пяро. Пісаў бы ён прозай...», «Не падабаюцца мне апошнія яго паэмы: слаба напісана, і за мовай і формай перастаў сачыць наш паважаны дзядзька Якуб».
11. Будучы атэістам і камуністам, тым ня менш лічыў, што Біблію трэба ўключыць у школьную праграму
«...я вывудзіў зь яе мора легенд і паданьняў, шмат... лірычных тэм, мэтафар, параўнаньняў, вобразаў. Гэтую цікавую кнігу трэба было б вывучаць у школах разам зь міфамі Эгіпту, Грэцыі, Рыму...»
12. Раздражняла культываваньне нацыянальнай ганарлівасьці
«Не сьвятыя і палякі, і літоўцы, і мы, беларусы. Раней многіх заядала халопства, а зараз — пачынае вылазіць пыха: і Міцкевіч — наш, і Дастаеўскі — наш, і Касцюшка, і Апалінэр, і Пілсудзкі; і пад Грунвальдам мы перамаглі, і татар разьбілі, і ў апошняй вайне... Самых чорных пудаляў пачынаем адмываць і падымаць на шчыт... самае разумнае пачынаньне заўсёды даводзілі... да абсурду», «Наш засьцянковы патрыятызм узьвёў у сан сьвятых і геніяў вельмі шмат пасрэдных вершаплётаў, даўшы іх творам завышаныя ацэнкі... Мо таму „не разумеюць“ нас і мала цікавяцца намі на шырокім сьвеце...»
13. Называў Іосіфа Бродзкага «сукіным сынам»
«Пры ўручэньні І. Бродзкаму дыплёму «Гонорыс кауза»...Сылезскага ўнівэрсытэту, эх, як ён распінаўся ў... троннай прамове перад палякамі! «Сваё выступленьне агалашу па-ангельску, бо не хачу дражніць усімі вамі зьненавіджанай мовай тут — рускай мовай — уражлівы польскі слых». І гэта сказаць асьмеліўся там, дзе 360 тысяч савецкіх людзей аддалі сваё жыцьцё за вызваленьне Польшчы. А на якой бы ты, сукін сын, мове гаварыў у Хірасіме ці Нагасакі?..»
14. Не адмаўляўся ад розных кіроўных пасадаў, але і ня радаваўся ім
«У сувязі з назначэньнем мяне сакратаром Саюзу пісьменьнікаў, прымаю толькі спачуваньні, бо гэта не па майму характару работа. Відаць, прыйдзецца цягнуць да інфаркту, чорт бы яе пабраў. Столькі розных крыўд, справаў, антаганізмаў! І на якога чорта ўсё гэта мне здалося! Зрабіў непапраўнае глупства, паслухаўшы сваіх шматлікіх сяброў і сватоў».
15. Ня мог сабе дараваць, што не разьвітаўся з бацькам, бо ў гэты час знаходзіўся ў адной са шматлікіх творчых камандзіровак
«...Адышоў чалавек, якому я абавязаны ўсім, і нічым яму ня змог дапамагчы, аддзячыць, акрамя пустой славы, што ён — бацька вядомага паэта...»
16. Меў цудоўны почырк, умеў падрабляць дакумэнты і карыстацца рознымі шрыфтамі*
Калі сядзеў на Лукішках «турэмны камітэт неаднойчы даручаў яму перапісваць грыпсы». А скончыўшы Віленскую расейскую гімназію імя А. Пушкіна паэт «унёс лёгкія каліграфічныя зьмены» у свой вучнёўскі білет, які быў сапраўдны да 1 верасьня 1932 году, «у выніку якіх... дата сапраўднасьці падоўжылася да 1 верасьня 1933 году...»
17. Яшчэ са сталінскіх часоў не любіў сацыялістычны рэалізм
«Я даўно сумняваюся ў тым, што можа існаваць толькі адзін мэтад... адлюстраваньня жыцьця — мэтад сацыялістычнага рэалізму. Хоць пакуль што ўсе мы гэтаму богу клянёмся ў любові і на яго алтар складаем свае ахвяры».
18. Скептычна ставіўся да жаночай паэзіі
«Трэба прызнацца... нам ня вельмі вязло на паэтэс. Цётка, Буйло, Арсеньнева... як бы мы іх не ўздымалі, ні ўзьвялічвалі, вельмі абмежаваны тэматычны абсяг іх паэзіі, выйсьці за які рэдка калі ўдавалася нават Жаньне д’Арк — Ларысе Геніюш...»
19. Лічыў «Споведзь» Ларысы Геніюш больш значным творам, чым «Архіпелаг ГУЛАГ» Аляксандра Салжаніцына
«Чытаю «Споведзь» Ларысы Геніюш... Гэты твор пакідае большае ўражаньне, як «Архіпелаг ГУЛАГ» Салжаніцына, бо ўсё, пра што яна піша, перажыта ёю, а да ўсяго яшчэ — у кожным слове чуеш біцьцё яе няскоранага і самаахвярнага сэрца. «Споведзь» Л. Геніюш — твор велізарнай выбуховай сілы».
20. Яго лепшым сябрам быў Пімен Панчанка, якога цаніў больш чым каго са сваіх сучасьнікаў-паэтаў
«Пытаўся ў Клімковіча... пра твой зборнік. Ён абяцаў, што ў ліпені... абавязкова выйдзе. Праўда рознаму г... павязло. Выйшлі зборнікі Агняцьвет, Астрэйкі, а зараз выйдзе Машара...»; «Ён [Пімен Панчанка — В. Д.-М.] — адзін зь нямногіх, хто разьбіраецца ў паэзіі». «...такога друга, як Ты, у мяне... не было. І мне хочацца пранесьці гэту дружбу праз усё жыцьцё, як усё самае дарагое, з чым і бяда — не бяда, і гора — ня гора».
* Некаторыя матэрыялы скарыстаны з архіўнай аповесьці Леаніда Дранько-Майсюка «...натуральны, як лінія небасхілу».