У Мінску адбыўся доўгачаканы клубны канцэрт «бацькоў беларускага рок-н-ролу» гурта «Крама», на якім прагучалі дзве кампазіцыі з будучага альбома.
Паколькі ў музыкаў вялікія праблемы з фінансамі, здавалася, новай кружэлкі ў хуткім часе чакаць не выпадае. Аднак пасля інтэрв'ю парталу TUT.by легедарнай камандзе працягнулі руку дапамогі.
Нягледзячы на тое, што канцэрты «Крамы» апошнім часам з’ява нячастая, людзей у «Рэактары» сабралася не так шмат, як вымагаюць выступы легендарных гуртоў, - чалавек 300. Усё гэта, праўда, не зашкодзіла музыкам зладзіць файнае шоў. У зале панавала натхнёная і па-сапраўднаму цёплая атмасфера. Падобнае бывае толькі на сустрэчы старых сяброў.
Ігар Варашкевіч, Сяржук Трухановіч, Андрэй Лявончык і Аляксандр Ванькевіч самааддана выконвалі ўсё: ад уласных хітоў «на ўсе часы» да старых, падзабытых кампазіцыяў, часам у эксперыментальных інструментоўках. Па добрай завядзёнцы, сваім з’яўленнем на сцэне гледачоў парадаваў стары сябар «Крамы» гітарыст-вітруоз Лёнік Вярэніч, які «грае лепей за Сантану». Сам Варашкевіч сыграў на прывезенай з-за акіяну гітары Fender Telecaster.
Як і абяцаў нязменны франтмэн гурта Ігар Варашкевіч ў нядаўнім інтэрв’ю TUT.BY, у рэактары прагучалі дзве абсалютна новыя песні — «З новым годам» і «Дзяўчынка са шклянымі вачамі». Абедзве кампазіцыі зроблены ў фірмовай «крамаўскай» стылістыцы, але разам з тым падаліся дужа свежымі і драйвовымі.
«Насамрэч, у мяне ёсць прынцып: пакуль альбом не выйдзе, новыя рэчы на канцэртах не выконваць. Калісьці ў 1995 годзе мы прэзентавалі адразу два альбомы: «Камендант» і «Лянівыя танцы», які потым ператварыўся ў «Што дапаможа нам». Калі першы мы выдалі адразу, то другі ляжаў яшчэ тры гады, хоць песні з яго мы выконвалі на канцэртах. І я даў сабе слова, што ніколі не буду падобнага рабіць. Але цяпер прыйшлося адступіць ад правіла, бо матэрыял ужо даўно ёсць не на адзін альбом, але сродкаў, каб іх запісаць, няма, і незразумела, калі яны з’явяцца, — распавядаў нам Варашкевічу напярэдадні канцэрта. — Мы не патрэбны ані дзяржаве (і дзякуй Богу!), ані апазіцыі. Мы жывем самі па сабе. У нас няма столькі канцэртаў і яны не каштуюць так шмат, каб назбіраць неабходную для запісу альбома суму. Сёння, нягледзячы на крызіс, запіс адной песні каштуе тысячу даляраў. Можна, канечне, у хатніх умовах запісацца, але ж наш статус не дазваляе займацца аматарствам».
Сёння «Крама» перажывае не лепшыя часы. У іх багата матэрыялу для новага альбома (апошні выйшаў у 2007-м годзе), але няма сродкаў для яго запісу. Гэтаксама, як няма былых запрашэнняў і выступленняў. Тым прыямней, што акурат пасля апублікавання TUT інтэрв'ю з Варашкевічам руку дапамогі «Краме» працягнуў Ілья Міцько, вядомы па праектах «Лепрыконсы», «Love&Doors». Як паведамляе Еўрарадыё, ён прапанаваў Варашкевічу запісваць новы альбом ва ўласнай студыі «Супер 8» на ільготных умовах. То бок, кошт гадзіны запісу для гурта «Крама» будзе ўкладацца ў сумму не больш за 5 долараў!
Добра, што нягледзячы на цяжкія часы, у Беларусі па-ранейшаму знаходзяцца добрыя і ўдзячныя людзі.
Апроч гэтага, усе ахвочыя змогуць паглядзець канцэрт улюбёнай каманды ў тэлеэфіры. Выступ «Крамы» у «Рэактары» здымаў канал «СТВ».