Новости БеларусиTelegram | VK | RSS-лента
Информационный портал Беларуси "МойBY" - только самые свежие и самые актуальные беларусские новости

Цёмныя завулкі Мытнага саюзу

26.02.2010 политика
Цёмныя завулкі Мытнага саюзу

А чаму гэта змоўклі фанфары? Было так урачыста абвешчана аб стварэнні «саюза трох».

Грамадзянам усходу і захаду абяцалі амаль неадкладнае шчасце ў вялікіх памерах. Рынак без аніякіх бар’ераў аж да самай кітайскай мяжы. Беларускія прадпрымальнікі бесперашкодна пагоняць караваны з пянькой і дзёгцем па Вялікім шаўковым шляху. Ці недзе там паблізу. Дэталі не маюць значэння. Галоўнае – перспектыва. Неверагодная. Вось толькі ўвойдзе ў дзеянне дамова аб стварэнні мытнага саюза, падпісаная кіраўнікамі Расіі, Беларусі і Казахстана, і адразу пачнецца росквіт нашай эканомікі. Магчыма, нават узлёт.

Да таго ж і спрадвечная беларуская туга па Казахстану набудзе нарэшце дакладнае юрыдычнае абгрунтаванне. Апошняе адбылося. А вось з усім астатнім нейкая нявыкрутка. Дык што ж там адбылося пасля ўзаемных абдымкаў і віншаванняў?

Зразумела, не ўсё адразу. Вось аўтамабілісты цярпліва чакаюць свайго падарунку толькі недзе з ліпеня. Але ж хоць нейкія зрухі на амаль што агульнай прасторы павінны ўжо адбывацца. І кіраўнічыя саюзнікі, пры ўсіх асабістых антыпатыях адзін да аднаго, павінны былі падаць хоць нейкія знакі прыхільнасці. Пазначыць тэндэнцыю. Аднак рэальныя падзеі ў чарговым «саюзе непарушным» развіваюцца чамусьці па зусім іншым сцэнары. Яшчэ па-сапраўднаму не паспелі раззброіцца ветэраны малочнай вайны. А ўжо адгрымела і новая, нафтавая вайна. І скончылася ўсё тым жа: Масква выразна патлумачыла, што дробнаму інтэгратару спадзявацца на нафтавую халяву падстаў няма.

Усё тое можна было б патлумачыць не супярэчнасцямі новага саюза, а даўно вядомай канфліктнасцю бакоў. Аднак жа амаль адразу і паміж Расіяй і Казахстанам таксама пачалася цяжкая валтузня вакол мытных пошлін на нафту. А гэта чым выклікана?

Расійскія аналітыкі тлумачаць усё даволі аб’ектыўна. Дамова сырая, непадрыхтаваная. У яе не столькі эканамічная, колькі палітычная аснова. Узнікла яна ў выніку эмацыйнага імперскага парыву. Пуцін вырашыў не прапусціць спрыяльны момант і надзець аброць на стэпавага коніка і тутэшую кабылку, якая ўсё яшчэ спадзяецца схапіць кавалачак цукру з маскоўскай далоні. А таму з лёгкасцю трапляе на кароткі павадок. І няма нічога дзіўнага, што не паспелі яшчэ новаму саюзу надаць хоць нейкія рэальныя рысы, а з яго, нібы іржавыя пружыны са старой канапы, палезлі супярэчнасці. Амаль невырашальныя. І ў паветры выразна запахла потам сумнавядомага траянскага каня.

Ва ўсякім разе доўгачаканага прарыву на ўсход нашай мазаўскай тэхнікі так і не адбылося. А на гэта, як і на ільготную нафту ў неабмежаваных памерах, дужа спадзяваліся. Прадаючы, няведама за што, яшчэ адну – і немалую! – частку суверэнітэту. А дзе ў такім разе абяцаныя дывідэнды ад здзелкі? Шчодрая Беларусь дзеля прывіднага камфорту ў новым саюзе паспяшалася прыдушыць нават уласных аўтамабілістаў. А пра славутыя гіганты айчыннай прамысловасці ўжо і гаварыць няма чаго. Яны не толькі што ніякіх выгод на рынку не дачакаліся, але нават наварам ад яек сябе не пацешылі. Такі вось сумны з інтэграцыйных урачыстасцяў атрымаўся анекдот.

У студзені вытворчасць МАЗа ў параўнанні з тым жа месяцам 2008 года панізілася на 70 адсоткаў. Кіраўніцтва прадпрыемства апынулася перад неабходнасцю рэзкага скарачэння працоўных дзён і звальнення амаль пяці тысяч чалавек. Улада страшэнна баіцца масавых пратэстаў рабочых. А таму найбольш пацярпяць інжынеры ды іншыя безабаронныя катэгорыі. Забастовак супрацоўніц бухгалтэрыі ды прыбіральшчыц пакуль не назіралася. Толькі і тым, хто ацалее, спакойна жыць не давядзецца. Эканамічныя здабыткі калгасна-саматужнага кіраўніцтва краіны непазбежна размяркуюцца на ўсіх. Дойдзе чарга і да недатыкальных.

Так, былі спадзяванні. Вось падпішуць дамову, яна ўвойдзе ў дзеянне і будзе лягчэй прабівацца на расійскі рынак. Але ў свой час нават Кучма, якога лічылі прарасійскім палітыкам, спыніў усе размовы наконт мытнага саюза. І патлумачыў найбольш цёмным, што гэткія гульні могуць скончыцца толькі адным – расійскай эканамічнай экспансіяй.

Хіба нашы адмыслоўцы не разумелі, што Расія ва ўмовах крызісу будзе ўсімі сродкамі бараніць свой рынак? А тым болей, шматпакутны аўтапрам. Самазвалы ды іншую тэхніку гэткага кшталту там купляюць пераважна па лініі дзяржаўнага крэдытавання. Дык што, патэнцыйным пакупнікам дзяржава будзе ствараць спрыяльныя ўмовы, каб тыя, ігнаруючы сваё, куплялі беларускае?

Усе ўсё цудоўна ведалі. І напэўна ж, цвярозыя галасы чуліся і тут. І выпрацоўвалася, зусім верагодна, дакладна пралічаная і ўзважаная стратэгія. Аднак выніковае рашэнне прымаюць тут не адмыслоўцы. А толькі адзін чалавек з завочнай адукацыяй калгаснага эканаміста ды яшчэ – гісторыка-трашчанкоўца. Менавіта той узровень падрыхтоўкі, каб кіраваць краінай падчас глыбокага эканамічнага крызісу. І таму ў выніку ягоных магутных намаганняў маем тое, што маем – мытны саюз. І праблемы, якія абрынуліся на нашу краіну і прымусілі нават чыноўнікаў крычаць ва ўвесь голас, што Расія фактычна выводзіць з гэтага саюза энергетычны сектар, - толькі першыя кветачкі. Можна здагадацца, якімі будуць ягадкі.Саюз яшчэ сябе пакажа.

У ягоных глухіх завулках такія тояцца пачвары, якіх запалоханае тутэйшае чынавенства нават у цяжкіх снах не бачыла. Дырэктар расійскага фонда энергетычнай бяспекі Канстанцін Сіманаў на гэты конт быў бязмежна шчыры: «Ідэя выглядае прыгожа, але там такі д’ябал сядзіць у дэталях, што мала не пакажацца». Пра імперыялістычны сэнс гэтай крамлёўскай задумы ў Расіі гавораць адкрыта. Якую галаву трэба мець, каб усур’ёз разлічваць, што Крэмль ахвяруе мытнымі паступленнямі ад нафты, газу і нафтапрадуктаў у свой надзвычай праблемны бюджэт. І без аніякай карысці для сябе зноў падтрымае рэжым, які шаснаццаць год дурыць усім галовы сваёй адданасцю імперыі.

Аднак не ўсё ў нас так кепска. Ёсць і добрыя весткі. Фартуна ўсміхнулася нарэшце аўтамабілістам – першым у чарзе пакрыўджаных саюзам трох. Высветлілася, што шыкоўнае «Маторшоў», якое па вядомых абставінах нібыта ляснула, усё ж адбудзецца. Толькі не вясной, як планавалася, а ўвосень. Калі ўмацуецца саюз. Аціхнуць жарсці. І вось тады шмат хто на свае вочы ўбачыць тое, што калісьці нават мог набыць. Так ці інакш, а было магчыма. Але праляцела міма, як фанера над Парыжам.

Нічога страшнага. Не мы першыя, не мы апошнія, хто ўрэшце рэшт павінен зразумець: у гэтым жыцці за ўсё трэба плаціць. А за глупства і абыякавасць да ўласнага лёсу – не аднойчы.

Последние новости:
Популярные:
архив новостей


Вверх ↑
Новости Беларуси
© 2009 - 2024 Мой BY — Информационный портал Беларуси
Новости и события в Беларуси и мире.
Пресс-центр [email protected]