Задается вопросом Александр Милинкевич и сам себе отвечает «нет».
Статья лидера движения «За свободу» была опубликована на сайте «Белорусские новости». Приводим полный текст.
Еўрапейскі шанец Беларусі
Хваля дэманстратыўных рэпрэсіўных дзеянняў беларускага рэжыму супраць грамадзянскай супольнасці ў апошні час зноў аднавіла дыскусіі аб палітыцы дыялогу паміж Еўразвязам і нашай краінай. Тэма парушэння правоў чалавека на прыкладзе непрызнанага ўладамі Саюза Палякаў Беларусі на чале з Анжэлікай Борыс дамінавала на мінулым тыдні ў Брусэлі. Дзякуючы гэтаму шырока абмяркоўваліся ў Еўрапарламенце і ў Еўракамісіі паднятыя намі праблемы палітвязняў, адмовы ў рэгістрацыі БХД, “Маладога Фронта”, “Вясны”, Асамблеі дэмакратычных НДА, іншых аб’яднанняў, пераследы журналістаў, царквы “Новае жыццё” і незалежных актывістаў, што распачалі ўдзел у кампаніі мясцовых выбараў.
Гэтыя падзеі натуральна знайшлі водгук і ў нашай краіне. Абсалютная большасць экспертнай супольнасці па-ранейшаму лічыць, што няма пазітыўнай альтэрнатывы дыялогу, і спрачаецца аб тым, як павялічыць эфектыўнасць новай тактыкі ЕЗ у адносінах з Беларуссю. Частка апазіцыйных лідэраў сцвярджае, што яны даўно папярэджвалі “наіўных клеркаў з Брусэлю” аб непазбежным фіаска іх дзеянняў, што “аб’яднаная Еўропа здрадзіла сваім каштоўнасцям і сваёй палітыкай шкодзіць развіццю рэвалюцыйнай сітуацыі ў краіне”.
Ці сапраўды новыя падыходы ЕЗ збанкрутавалі? Упэўнены, што не. Але трэба прызнаць: ёсць крызіс, пэўнае расчараванне. Мы і на самым пачатку сцвярджалі: дыялог — не гарантыя, а шанец. Шанец на еўрапейскі шлях Бацькаўшчыны, на ўмацаванне незалежнасці, на мадэрнізацыю гаспадаркі Беларусі. Палітыка адкрыцця — доўгатэрміновая стратэгія і не ў стане прынесці імгненныя канчатковыя вынікі. Гэта не значыць, што ўзяты курс не павінен карэктавацца. Ён не ёсць догма.
Успомнім першыя крокі новай палітыкі ЕЗ. Пасля расійска-грузінскай вайны стала зразумела, што Крэмль жорстка ўзмацняе ціск на сваіх былых сатэлітаў. Ён будзе спрабаваць пакінуць іх у сферы свайго максімальнага ўплыву любымі спосабамі. Сітуацыя нашай краіны ў гэты момант была крытычнай. Гаспадарка – нерэфармаваная, неканкурэнтаздольная, з адмоўным інвестыцыйным іміджам. Надыходзячы сусветны фінансавы крызіс накладаўся на ўнутраны крызіс сацыяльна-эканамічнай мадэлі, якая не можа існаваць без вонкавых датацый. Запазычанасць Расіі рабілася пагражальнай. Масква папярэдзіла, што праз тры гады спыніць палітыку “танныя нафта і газ у абмен на пацалункі”.
Рэальнай супрацьвагай паступовай ліквідацыі нашага суверэнітэту было прапанаванае аўтарытарнаму рэжыму праз Еўразвяз узаемнае пакрокавае набліжэнне – крытычны абумоўлены дыялог. Тым самым паўстала прастора магчымага ўплыву на палітыку Мінска.
Не буду ўкрываць: у мяне таксама, як і ў многіх маіх сябраў дэмакратычных поглядаў, была пэўная горыч. Як можна распачынаць супрацоўніцтва з уладай, якая сістэматычна парушае правы чалавека, прыніжае суграмадзян страхам і афіцыйнай хлуснёй, разбурае нацыянальную ідэнтычнасць? Але працяг самаізаляцыі – гэта пераўтварэнне нашай дзяржавы ў пратэктарат усходняга суседа. Думаю, у такой сітуацыі намі павінна кіраваць не пачуццё помсты, а жаданне захаваць Радзіму і забяспечыць яе рэальную незалежнасць.
Мэты адкрыцця Брусэля на новыя адносіны з Беларуссю датычылі не толькі таго, каб схіліць уладу да лібералізацыі сістэмы, але і даць Мінску поле манеўру ў адносінах з Крамлём. Так, сёння ўсім відавочна, што рэжым імітуе дэмакратызацыю. Але робяцца, хай не заўсёды паслядоўныя, такія неабходныя краіне рынкавыя рэформы. І, што вельмі важна, дасягаецца адна з першачарговых палітычнах мэтаў дыялогу: ствараецца сітуацыя, калі, дзякуючы паглыбленню супрацоўніцтва, у дэмакратычнага свету з’яўляецца магчымасць уздзейнічаць на палітыку рэжыму. Сёння яму ўжо ёсць што губляць у адносінах з ЕЗ, калі ён будзе жорстка абмяжоўваць грамадзянскія свабоды.
Такой магчымасці ўплыву не прыносіла палітыка персальных санкцыяў і абмежаваных афіцыйных кантактаў з Беларуссю. Усім відавочна, што і шматгадовая ізаляцыя Кубы і Паўночнай Карэі не перашкаджае дыктатарам – братам Кастра і Кім Чэн Іру — ажыццяўляць масавыя рэпрэсіі. Санкцыі часцей за ўсё б’юць эканамічна па простых людзях. Улада ў такіх краінах сябе заўсёды не толькі пракорміць, але і будзе жыць у раскошы пры збяднелым народзе. У выпадку Беларусі санкцыі яшчэ і сур’ёзная пагроза дамінацыі расійскага капіталу з перспектывай страты дзяржаўнай самастойнасці.
Сур’ёзным недахопам папярэдняй палітыкі ЕЗ было тое, што дапамога і супрацоўніцтва не былі абумоўленыя канкрэтнымі і вымяральнымі абавязкамі з боку рэжыму па лібералізацыі палітычнага і грамадскага жыцця. Перш за ўсё, гэта адсутнасць палітвязняў, заяўляльны прынцып рэгістрацыі медыяў, грамадскіх і палітычных аб’яднанняў, свабода медыяў, права мець сваіх прадстаўнікоў для незалежных кандыдатаў ва ўчастковых выбарчых камісіях і так далей. Неабходна, каб жаданне ўлады працягваць палітычны пераслед стрымлівалася пачуццём неадваротнасці страчаных магчымасцяў. А губляць ёсць што. На жаль, не толькі ўладзе, але і ўсім беларусам:
• плённае супрацоўніцтва з Міжнародным Валютным Фондам;
• ратыфікацыя Пагаднення аб Партнёрстве і Супрацоўніцтве з ЕЗ;
• вяртанне Беларусі прэферэнцыяў у гандлі з ЕЗ;
• супрацоўніцтва з Еўрапейскім інвестыцыйным банкам ды Еўрапейскім банкам рэканструкцыі і развіцця;
• паўнафарматны ўдзел Беларусі ў праграмах Еўрапейскай палітыкі суседства і Ўсходняга партнёрства ЕЗ;
• падпісанне Пагаднення аб спрошчаным візавым рэжыме паміж ЕЗ і Беларуссю, змяншэнне коштаў візаў і спрашчэнне працэдуры іх атрымання;
• далучэнне Беларусі да Рады Еўропы, Рады краінаў Балтыйскага мора і Сусветнай гандлёвай арганізацыі.
Чарговае абвастрэнне рэпрэсіяў супраць незарэгістраванага Саюза Палякаў, як ні парадаксальна, у значнай ступені спрычынілася да пачатку выпрацоўкі супольнай і больш эфектыўнай палітыкі ЕЗ адносна Мінску. Ведаю, што Брусэль, зрабіўшы працу над памылкамі першага этапу дыялогу з нашай краінай, у стане ўжо ў бліжэйшы час стварыць мадэль супрацоўніцтва, дзе будуць абсалютна празрыстыя крытэры дэмакратызацыі Беларусі.