Алеся Кіпель — дачка эмігранта, дзеяча беларускай дыяспары, дасьледчыка Вітаўта Кіпеля.
Яна ніколі не жыла ў Беларусі, але свабодна валодае беларускай мовай, а ў амэрыканскім Кангрэсе распавядае пра палітвязьняў і зьніклых.
Пра тое, ці лёгка атрымаць пасаду ў Міністэрстве ўнутраных спраў ЗША, навошта амэрыканскай грамадзянцы беларуская мова і што ёй не падабаецца ў беларусах, Алеся Кіпель распавяла ў інтэрвію «Радыё Свабода».
— Алеся, вы нарадзіліся ў ЗША і ніколі не жылі ў Беларусі. Адкуль вы ведаеце беларускую мову?
— Мае бацькі, дзяды зь Беларусі, таму ў хаце размаўлялі па-беларуску. У ЗША тады было некалькі беларускіх асяродкаў, дзе ў школках можна было вывучаць беларускую мову. Я наведвала такую школку ў беларускай царкве ў Брукліне ў Нью-Ёрку. Нас прыходзіла недзе ад 10 да 20 дзяцей, мы вывучалі беларускую гісторыю, граматыку, развучвалі вершы, песьні. Ужо студэнткай я пераехала ў Вашынгтон. Сюды пачалі прыяжджаць многія беларусы, я пазнаёмілася з Ірынай Красоўскай, мы размаўляем паміж сабой па-беларуску. Таму беларуская мова такой вось ніткай праходзіць праз маё жыцьцё.
— Калі вы першы раз трапілі ў Беларусь?
— У 1990 годзе. Я і іншая моладзь займаліся ў танцавальным гуртку «Васілёк», які вяла таксама імігрантка Ала Орса-Рамана. Мы выступалі на Беласточчыне, пазьней нас запрасілі ў Беларусь. Яшчэ быў Савецкі Саюз, але межы сталі больш адкрытыя. Памятаю, пасьля выступу ў Беларусі мы мусілі паехаць у Вільню, дык трэба было прасіць дазволу ў Гарбачова, каб празь мяжу пераехаць. Вядома, дазвол мы тады атрымалі, бо гэта ж амэрыканцы прыехалі!
— Бацькі вам шмат распавядалі пра Беларусь, таму, відаць, нейкае ўяўленьне пра краіну вы ўжо мелі. Якія ўражаньні ў вас былі, калі прыехалі?
— Менск быў значна прыгажэйшы, чым я сабе ўяўляла. Я апынулася ў Беларусі, калі мне было ўжо больш за трыццаць гадоў, дык я штосьці ўжо ведала пра краіну. Ва ўнівэрсытэце я вывучала савецкую палітыку, эканоміку, таму ўяўляла сабе, што ўсё там такое шэрае. А ўбачыла вельмі прыгожую краіну, прыгожую прыроду. Тады ўсе гэтыя беларускія вершы, якія я вучыла, сталі зразумелыя.
— Вы вучыліся ў прэстыжных амэрыканскіх унівэрсытэтах — Прынстане ў Нью-Джэрзі, Джорджтаўне ў Вашынгтоне. Ці ведалі там пра Беларусь? Ці вы неяк падкрэсьлівалі, што маеце беларускае паходжаньне?
— Вядома, калі бацькі размаўляюць з моцным акцэнтам, то ўсе сябры ведаюць, што бацькі не нарадзіліся тут. Мы з братам распавядалі, што паходзім зь Беларусі — тады гэта была частка Савецкага Саюзу. Падкрэсьлівалі, што беларуская мова — не расейская. На той момант мала хто з амэрыканцаў ведаў пра Беларусь. Прасьцей было патлумачыць, што Беларусь — сябра-заснавальніца ААН. Пасьля распаду СССР больш амэрыканцаў сталі чуць пра былыя савецкія рэспублікі.
— Усе мае суразмоўцы, якія пераехалі ў ЗША, распавядалі пра тое, што тут нялёгка жыць. Вы тут нарадзіліся. Амэрыка — краіна спаўненьня мараў, ці ўсё ж тут таксама складана?
— Праблемы ёсьць паўсюль. У Амэрыцы сёньня трэба вельмі шмат працаваць, каб мець добрае жыцьцё, дом. Гэта такі наш спосаб жыцьця — мы вельмі мала адпачываем. Калі я была партнэрам у адвакацкай фірме Steptoe & Johnson LLP, працавала ня сорак гадзін на тыдзень, а ўсе восемдзесят: і ў суботу, нядзелю, па вечарах. Многім эўрапейцам гэтага не зразумець, бо мы не выяжджаем штогод на шэсьць тыдняў у адпачынак. Тут добра, калі хоць тыдзень будзе вольны.
— Ці цяжка было стаць партнэрам у адной з найстарэйшых і самых вядомых адвакацкіх фірмаў у ЗША? Чым менавіта займаліся?
— Я займалася судовымі справамі, якія тычацца імпарту ў Амэрыку. Але, мяркую, гэта не такая цікавая тэма. А партнэрам тут стаць цяжка, асабліва жанчыне.
— Нават цяпер?
— У такіх фірмах, як мая, толькі 20% партнэраў — жанчыны. Хоць сканчаюць юрыдычны факультэт пароўну мужчын і жанчын. Гэтая статыстыка ў такіх фірмах, як мая, не зьмяняецца ўжо 25 гадоў. Вядома, аніякай дыскрымінацыі тут няма, але ўсё роўна вельмі мала жанчын дасягаюць тут такой высокай прыступкі.
— Чаму вы тады вырашылі зьмяніць працу?
— Скажу так: больш за 30 гадоў працавала ў той самай сфэры. Захацелася зьменаў — вырашыла, што яшчэ ня позна і што было б карысна пайсьці на дзяржаўную службу.
— Чаму Міністэрства ўнутраных спраў ЗША?
— Перадусім варта патлумачыць, што я працую як адвакат-дарадца на дзяржаўнай службе. Але хоць і можна перакласьці амэрыканскі Department of the Interior як «Міністэрства ўнутраных спраў», то пад нашай юрысдыкцыяй іншыя справы, чым у адпаведных ведамствах у іншых краінах. У ЗША гэта: нацыянальныя паркі, адносіны з індзейскімі плямёнамі, шахты на дзяржаўных землях, аддзел па рыбах і жывой прыродзе, кіраваньне энэргіяй у дзяржаўных марскіх водах, рэгуляваньне правоў арэнды на нафту і газ у дзяржаўных марскіх водах, рэгуляваньне карыстаньня марскімі мінэраламі, якія знаходзяцца пад марскім дном. Наш сымбаль — амэрыканскі бізон; гэты факт мне, дарэчы, вельмі падабаецца. А пасада ў мяне не высокая. Экалягічныя прадметы для мяне новыя, дык мушу цяпер шмат вучыцца.
— Відаць, з вашым досьведам было проста атрымаць пасаду дарадцы ў МУС ЗША?
— Не, атрымаць пасаду было цяжка. Тут скептычна ставяцца, калі партнэр у адвакацкай фірме кажа, што хоча пайсьці на дзяржаўную службу — заробак не такі самы. Трэба было іх пераканаць, што гэта лягічны крок і што ня буду расчараваная.
— Пра Беларусь нейкім чынам даводзілася размаўляць?
— Не, нагодаў пакуль было мала. Хутчэй у тэматыцы працы майго бацькі Вітаўта Кіпеля як геоляга.
— Вы старшыня Беларуска-Амэрыканскага Задзіночаньня ў Вашынгтоне. Чым вы займаецеся?
— У Вашынгтоне БАЗА займаецца палітычнымі справамі. Гэта і таму, што сталіца, і таму, што ўсе сябры нашай арганізацыі зацікаўленыя ў гэтым. Ходзім у амэрыканскі Кангрэс, у Дзярждэпартамэнт, арганізуем акцыі, нагадваем пра правы чалавека, зьніклых. Зьбіраемся выдаць новы альбом пра жыцьцё беларускай дыяспары, бо папярэдні зьявіўся пяць гадоў таму. Сур’ёзныя кнігі ня маем магчымасьці выдаваць, бо ня маем столькі часу і фінансаў. У нас складкі па $35 на год, з гэтага і фінансуем дзейнасьць. Вось вырабілі значкі зь бел-чырвона-белым і амэрыканскім сьцягамі. Два гады таму рабілі паказ фільму «Беларуская мара» і дыскусію тут, у Вашынгтоне. Большая частка наведнікаў былі амэрыканцы. Таксама ў Вашынгтоне ёсьць Central and East European Coalition, якая складаецца зь беларусаў, украінцаў, літоўцаў, славакаў — усяго 18 такіх нацыянальных групаў. Разам ходзім па офісах у Кангрэсе і тлумачым, што адбываецца ва Ўкраіне, у Беларусі, Расеі.
— Ці зьнікае ўвага да Беларусі?
— Я ня думаю, што зацікаўленасьць Беларусьсю зьнікае. Для амэрыканскай палітыкі тыпова, што калі ёсьць крызіс, трэба зь ім змагацца. У Беларусі пакуль спакойна, таму Дзярждэпартамэнт імкнецца мець лепшыя дачыненьні зь Беларусьсю. Але ў іх вочы расплюшчаныя, яны разумеюць, што Лукашэнка не зьмяніўся. Націскаць на яго амэрыканская адміністрацыя ня будзе, пакуль ім няясна, што рабіць з Пуціным, які будзе ягоны наступны крок. Наша БАЗАўская пазыцыя ў Дзярждэпартамэнце такая, што трэба націскаць, нельга забывацца пра беларускіх палітвязьняў, пра зьніклых, пра тое, што Лукашэнка ніякіх крокаў не зрабіў, якіх ад яго вымагалі. Слухаюць нас ці не — гэта ўжо іншая справа, але наша пазыцыя такая.
— Вашу арганізацыю не падтрымліваюць аніякім чынам амэрыканскія ўлады. Ці з урадам, беларускай амбасадай у Вашынгтоне маеце нейкія дачыненьні?
— Мы туды лісты пішам вельмі часта (сьмяецца). Калі нейкія парушэньні падчас выбараў ці сьмяротнае пакараньне адбываецца. Але калі Лукашэнка яшчэ не прыйшоў да ўлады, у нас былі добрыя дачыненьні, часта хадзілі ў амбасаду на мерапрыемствы. Спадзяюся, некалі зноў гэтак будзе.
— Як часта вы цяпер наведваеце Беларусь? Якія зьмены заўважаеце?
— Апошні раз была два гады таму назад на Шостым зьезьдзе беларусаў сьвету з дакладам. Акурат былі Дзяды, я пайшла з кузынкай на могілкі ў Менску. Іду па адной сьцежцы — тут Вінцук Вячорка, там хтосьці яшчэ. Мая кузынка зьдзівілася: «Ты ў Менску не жыла, а ўсіх ведаеш!».
Ніколі ня ведаеш, ці будуць размаўляць па-беларуску, калі прыедзеш у наступны раз. У першыя гады атрыманьня незалежнасьці было чуваць больш беларускай мовы. Але цяпер сытуацыя крыху паляпшаецца — зьяўляецца больш гэтай беларускасьці. Краіна таксама стала больш эўрапейская.
— Вы — амэрыканка, маеце амэрыканскае грамадзянства і наўрад ці плянуеце пераяжджаць у Беларусь. Навошта вам беларуская мова?
— Бо гэта наша родная мова. А мова — гэта частка ідэнтычнасьці народа. Беларуская мова старая, вельмі багатая. Наша гісторыя таксама багатая, яна іншая, чым у балтыйскіх народаў, палякаў, украінцаў, расейцаў. Мы маем сваё — і варта гэтым ганарыцца. Што нас яднае ў Амэрыцы? Ангельская мова. Безь яе тут цяжка чагосьці дасягнуць, паступіць ва ўнівэрсытэт, знайсьці добрую працу, ісьці наперад. І гэтаксама ў іншых краінах.
— Ці ёсьць у амэрыканцаў стэрэатып наконт беларусаў?
— Амэрыканцы надта многа пра Беларусь ня ведаюць. Але беларусы самі ствараюць такі стэрэатып, што цягам столькіх гадоў празь Беларусь усялякія войскі праходзілі, столькі было ўсяго, што беларусы будуць цярпець, цярпець, але ўсё вытрымаюць. І што беларусы вельмі спакойныя, таму ніякай вайны ў нас ня будзе.
— Як думаеце, з гэтай прычыны беларусы так доўга церпяць Лукашэнку? Амэрыканцы, напэўна, столькі б не пагадзіліся яго цярпець.
— Хто яго ведае, ці цярпелі б амэрыканцы ў падобных умовах. У беларусаў ёсьць такая рыса — і з гэтай прычыны краіна ня зьнікла пасьля столькіх выпрабаваньняў. Так, усе ціхенька церпяць, але, можа, гэта і ўратуе народ.
— А ці ёсьць у вас нешта беларускае?
— Часам вось таксама сяджу і цярплю (сьмяецца).
— Што вам не падабаецца ў беларусах?
— Што мы не найлепшыя, што нехта лепшы за нас. Што я не на першай прыступцы стаю, а на другой. Здаецца, у нас такая мэнтальнасьць, што іншы — лепшы за нас. Калі б мы больш разумелі ўласную вартасьць, мяркую, Лукашэнка б ня быў столькі гадоў на сваёй пасадзе.