Ад траціны да паловы зняволеных у беларускіх турмах сядзіць паводле несправядлівых або выдуманых прысудаў.
Пра гэта сведчаць ў сваіх інтэрв'ю многія з былых палітвязняў. У выніку працяглай ізаляцыі ад грамадства многія з асуджаных выходзяць на свабоду асацыяльнымі. Яны губляюць былыя сувязі з сям'ёй, сябрамі, калегамі. За некалькі гадоў турмы забываюць, як карыстацца звыклымі некалі бытавымі рэчамі - у турме адвучваюць ад элементарнага самаабслугоўвання, нават ад таго, як трымаць нож і відэлец. Чалавеку ў такім стане вельмі часта няма дзе працаваць і жыць. Нядзіўна, што назад за краты вяртаецца мінімум кожны другі, паведамляе «Радыё Свабода».
Былы палітвязень Алесь Міхалевіч - юрыст па адукацыі, экс-кандыдат на прэзідэнцкую пасаду на выбарах 2010 года. На днях ён пасля больш чатырохгадовай эміграцыі вярнуўся на радзіму. З ягоных слоў, тэма рэфармавання сістэмы выканання пакаранняў цікавіць яго як спецыяліста і як беларускага грамадзяніна, бо сёння ў нашай краіне ад гэтага не застрахаваны ніхто.
- Гэты інстытут павінен не толькі ізаляваць, але і выпраўляць людзей. А таму павінна быць сацыялізацыя, каб людзі маглі мець стасункі са знешнім светам. У нашых жа ўмовах сацыялізацыі як раз няма, усё зроблена для таго, каб чалавек страціў тыя сувязі, якія меў да пасадкі і набыў новыя, крымінальныя, каб выйшаў з-за кратаў ваўком... Успамінаю «Валадарку». З тымі злачынцамі, з якімі сядзеў разам у камеры, давялося абмяркоўваць іх, што называецца, кейсы, нярэдка з пункту гледжання таго, у чым былі іх памылкі, праз што іх затрымалі... Вельмі добра відаць: тыя, хто раней праходзіў праз турму - гэта нашмат больш прафесійныя злачынцы, чым тыя, хто не праходзіў, - мяркуе Алесь Міхалевіч.
- Злачынцы ў «амерыканцы» - што вы скажаце пра іх?
- А ў «амерыканцы» іншы кантынгент. Там я, акрамя чалавека, якога нарэшце пасадзілі за наркагандаль, больш злачынцаў і не памятаю. Усе астатнія былі тыя, каго сістэма ламала, малола, каб атрымаць паказанні супраць кагосьці іншага. У «амерыканцы» ўсё ж кантынгент вельмі інтэлігентны, інтэлектуальны. Напрыклад, у той час, калі я сядзеў, там было ўсё кіраўніцтва МТЗ, сядзелі людзі з дэпартамента фінансавых расследаванняў. Уся віна іх была ў тым, што яны воляй лёсу трапілі не ў той клан, які цяпер кіруе Беларуссю.
- Постсавецкая турма - вельмі закрыты інстытут. Але, у адрозненне ад Расеі, у Беларусі няма такіх моцных, закладзеных у савецкія часы, праваабарончых традыцый, дабрачыннай падтрымкі спачатку палітвязняў, а потым, пасля развалу СССР, проста зняволеных. Гэта значыць, сітуацыя ў нас яшчэ больш закрытая. Штосьці прыадчыняецца, калі там сядзяць палітвязні, якія сігналізуюць аб розных прыгнятаннях. Але палітвязняў пад ціскам грамадскасці выпускаюць, тэма становіцца ўсё меней запатрабаванай, пра яе нават забываюць. Праблема ж застаецца.
- Мяркую, што перш за ўсё гэтая тэма павінна быць адкрытай для журналістаў, для грамадскасці, адвакатаў і гэтак далей. Таксама павінна быць больш праваабарончых профільных арганізацый. Напрыклад, у Польшчы пасля дэмакратычнай трансфармацыі сітуацыя ў турмах стала істотна лепшай. Менавіта таму, што чалавек, які займаўся турэмным рэфармаваннем, сам праз турму праходзіў. Ён ведаў самыя розныя нюансы. Вось на што звычайна звяртаюць увагу розныя назіральнікі? На нейкія вонкавыя фактары, як правіла. У якасці прыкладу - выпадак, які адбыўся падчас майго знаходжання ў СІЗА КДБ. Разам з намі ўтрымліваўся адзін хлопец-афганец. І хто-небудзь з арыштантаў сказаў: над намі тут здзекуюцца, але тут лепш, чым у турме талібаў. На што мы пачулі такі адказ: я быў у турме "Талібану", там няма ўсёй гэта мадэрнізацыі (ён паказаў на белыя прасціны), але да людзей там ставяцца нашмат лепш. Вось розныя замежныя камісіі як раз прыглядаюцца да гэтай мадэрнізацыі, абсалютна не звяртаючы ўвагі на тое, як ставяцца да людзей. І людзі вельмі хутка ў жывёл ператвараюцца. А гэта адна з галоўных праблем цяперашніх беларускіх турмаў.
Я б параіў беларускім кіраўнікам таксама падумаць пра гэта. Бо ніколі не ведаеш, калі там апынешся. Лепш пачаць праводзіць гэтыя рэформы, незалежна ад таго, хто туды трапляе. Гэтымі пытаннямі, я ўпэўнены, трэба займвацца.