Новости БеларусиTelegram | VK | RSS-лента
Информационный портал Беларуси "МойBY" - только самые свежие и самые актуальные беларусские новости

Галасаванне аўтобусным квітком

24.09.2015 общество
Галасаванне аўтобусным квітком

Людзі жывуць сваім жыццём, а ўлада сваім.

Гарадскі аўтобус спыняецца на прыпынку. З яго выходзяць пасажыры. Частка з іх у руках трымаюць аўтобусныя квіткі і перадаюць іх тым, хто сядае ў аўтобус. Для гарадзенцаў, якія сядаюць ў аўтобус, гэтая сітуацыя не новая і добра вядомая. Яны з ахвотай бяруць квіткі, дзякуюць за іх і заходзяць у маршрутны транспарт. Ім ужо не трэба аплачваць праезд. Тыя, каму не пашанцавала і такія дармовыя квіткі ім не дасталіся, паглядаюць на пустыя сядзенні. На іх таксама часта гарадзенцы, якія пакінулі аўтобус, кладуць свае квіткі для новых пасажыраў.

Ужо каля году ў Гародні існуе такая звычка. І становіцца ўсё больш папулярнай і ўсё больш масавай. Я памятаю, як шмат гадоў таму падобнае пачынанне таксама ўзнікала. Але чамусьці тады яно не прыжылося. Ну а зараз, здаецца, яно набывае ўсё большую папулярнасць.

Мяне вельмі зацікавіла чаму гэта так, і я вырашыў выключна для сябе разабрацца ў гэтым. Але тое, што я пачуў, падалося мне настолькі цікавым, што надумаўся падзяліцца сваімі развагамі.

– Чаму вы аддалі свой квіток зусім незнаёмаму чалавеку? – Пачаў пытацца я ў людзей. – Ён жа вам не вярнуў нават частку грошаў? У чым ваша карысць?

– Сёння я аддаў, заўтра мне дадуць, – адказвае з усмешкай сярэдніх гадоў мужчына і хуценька зыходзіць. У нас ужо даўно не любяць людзей, якія чапляюцца з пытаннямі.

– А вы ведаеце, зараз не ва ўсіх ёсць грошы, каб аплаціць праезд, – тлумачыць маладая жанчына. – У мяне суседзі працу шукаюць ужо даўно. Знайсці не могуць. Ужо і на аўтобус грошы эканомяць. А каб шукаць працу трэба на нечым ездзіць. А тут яшчэ закон пра тунеядцаў. Як ім выкруціцца будзе, зусім не ведаю. І колькі такіх людзей ёсць?! Хай хоць на дарозе зэканомяць.

– Калі нас не любяць людзі пры ўладзе, то хоць мы павінны паважаць і шанаваць адзін другога, і як можам так і падтрымліваць, – вельмі сур’ёзна сцвярджае спартовага выгляду юнак.

Я вырашыў павярнуць размову крыху іншым бокам:

– Паслухайце, – даводжу я. – Гарадскі транспарт таксама ж каштуе грошы. Таму як мы яго аплачваем, то папаўняем гарадскі бюджэт. Гэта значыць, што там з’яўляюцца грошы на нейкія праграмы для гораду, у тым ліку і на паляпшэнне якасці гарадскога транспарту. Таму плаціць за праезд трэба.

– Во як павярнуў, – усміхаецца малады мужчына. – Уладу ён пашкадаваў. Не хвалюйся. Яны знойдуць дзе нас абдзерці.

– Абдзяруць і не спытаюцца, – у адзін голас заявілі сярэдняга веку муж і жонка. – І колькі ім не давай, усё як у яму. Мы былыя ўжо прадпрымальнікі. Ведаем што гаворым.

– А вы ведаеце колькі я зарабляю? – пытаецца маладая жанчына. – Ну то спачатку даведайцеся, а пасля скажаце, ці маю я права ўзяць квіток на праезд у незнаёмага чалавека.

Мне прыйшлося спыніць размову. Бо жарсці распальваліся, і можна было паплаціцца за няўдалыя пытанні. Хоць пытанні ў такой размове не маюць аніякага значэння. Значэнне маюць адказы. І гэтыя адказы паказалі ўсё.

І зараз, на «выбарах», якія б лічбы нам не абвясцілі, якую б усенародную падтрымку не паказалі, для мяне важнейшым будзе вось гэтае галасаванне. Галасаванне аўтобусным квітком. Бо гэтае галасаванне паказвае, што людзі жывуць сваім жыццём, а ўлада сваім.

Гэта там, наверсе, улада праводзіць выбары. Ну і хай сабе. Яны там прагаласуюць як трэба. Лічбамі і бюлетэнямі. А для звычайнага выбаршчыка больш важным ёсць вось гэтае галасаванне аўтобусным квітком.

Галасаванне, дзе ён выказвае свае адносіны да таго, што адбываецца ў яго краіне. І ўжо не знайшоўшы спагады ад улады, шукае салідарнасці сярод бліжніх.

Я зайшоў у аўтобус і паехаў далей. На адным з прыпынкаў нейкі юнак выйшаў з аўтобуса трымаючы ў руках квіток. Па ўсім было бачна, што ён хоча яго каму-небудзь аддаць. Але нікога не было. І тады ён не паленаваўся, заскочыў у аўтобус і паклаў квіток на пустое сядзенне.

Не ведаю, ці яго узрост дазваляе яму удзельнічаць у выбарах. Хіба што не. Але ён ужо прагаласаваў сваім аўтобусным квітком.

Прагаласаваў па ўсіх правілах нашага абсурду – датэрмінова.

Віктар Сазонаў, «Гродненская вясна»

Последние новости:
Путин лжет 23.11.2024 Путин лжет
Популярные:
архив новостей


Вверх ↑
Новости Беларуси
© 2009 - 2024 Мой BY — Информационный портал Беларуси
Новости и события в Беларуси и мире.
Пресс-центр [email protected]