У свой апошні дзень на зямлі Аляксей быў асабліва шчаслівы — ён гутарыў з намі ды ўсміхаўся сваёй прамяністай усмешкай.
Апошняй кнігай, якую ён чытаў, была «Уздым Літвы» Стэфана Роуэла...
Аляксей Кароль з супругай Вольгай
Пасля таго, як навіна аб сыходзе з жыцця Аляксея Караля разляцелася па беларускіх СМІ, наша сям’я была глыбока кранутая вялізнай колькасцю шчырых спачуванняў, якія мы атрымалі не толькі праз званкі, мэйлы і смс, але і праз публікацыі ды каментары ў незалежнай прэсе.
Паколькі Аляксей памёр у далёкай ад Беларусі краіне і свой ад’езд у чэрвені не афішаваў, навіна пра яго смерць для многіх стала нечаканай. Мы падумалі, што тым, хто любіў, паважаў і цаніў Аляксея Сцяпанавіча, магчыма, хацелася б даведацца пра апошні этап ягонага жыцця.
Роўна год таму, у верасні 2014 года, Аляксей меў тэрміновую аперацыю на лёгкім у НДІ анкалогіі і радыялогіі ў Бараўлянах, за якой прайшоў курс хіміятэрапіі. Мы вельмі ўдзячныя беларускім хірургам, лекарам, радыёлагам і медычнаму персаналу за іх прафесіяналізм і вельмі ўважлівае стаўленне. На жаль, у сакавіку 2015 года хвароба вярнулася і пачала распаўсюджвацца.
У Бараўлянах
Пасля шматлікіх сямейных нарадаў Аляксей прыняў рашэнне паспрабаваць лячэнне ў Нацыянальным анкалагічным цэнтры Сінгапура, які ўваходзіць у лік вядучых даследчыцкіх установаў у свеце і дзе распрацоўваюцца інавацыйныя метады барацьбы з гэтай страшнай хваробай. Наяўнасць там найноўшых прэпаратаў давала надзею, хаця і не гарантыю.
Яшчэ адным моцным матыватарам было жаданне сустрэцца з унукам, які нарадзіўся ў жніўні мінулага года, і быць разам з сям’ёй. Таму напрыканцы чэрвеня Аляксей разам з жонкай Вольгай прыехалі ў Сінгапур, дзе з сакавіка жыве і працуе іх сын. Курс лячэння распачаўся неадкладна. Да тэрапіі Аляксей падышоў як да новага свайго праекта — з уласцівай яму цікаўнасцю, энтузіязмам і энергіяй.
На жаль, імклівы ход развіцця хваробы змяніць не ўдалося. З сярэдзіны жніўня яе хада паскорылася. Тыдзень Аляксей правёў у шпіталі. Апошнія дні яму было цяжка, але на болі, характэрныя для гэтага захворвання, ён не пакутаваў.
Да гэтага заключнага перыяду Аляксей заставаўся такім, якім мы ўсе яго ведалі, — поўным энергіі і прагі да жыцця, цікаўным журналістам, які пачынаў свой дзень з чытанняў навінаў у Беларусі і за яе межамі. Ён актыўна вывучаў сінгапурскую мадэль, параўноўваў з беларускім шляхам, працягваў пераасэнсоўваць найноўшую гісторыю.
Хвароба дала яму год насычанага, паўнавартаснага і шчаслівага жыцця, асветленага яшчэ і тым, што пасля доўгіх гадоў жыцця на розных кантынентах, уся сям’я нарэшце ўз’ядналася. Воляй лёсу дачка Ірына прыляцела з Мінску ў Сінгапур акурат у той дзень, калі бацька быў раптоўна шпіталізаваны.
У свой апошні дзень на зямлі Аляксей быў асабліва шчаслівы — ён гутарыў з намі ды ўсміхаўся сваёй прамяністай усмешкай. За вячэрай разважаў пра палітычную сітуацыю ў Бірме, цікавіўся вынікамі выбараў у парламент Сінгапура, што адбываліся ў той самы дзень, і абмяркоўваў выбарчую кампанію ў Беларусі, за якой вельмі ўважліва сачыў.
Яшчэ мы хацелі б распавесці пра тое, як жыхары краіны, з якой сам Аляксей ніяк не быў звязаны, зрабілі ягоны сыход надзвычай годным, а мы адчулі такую цеплыню, што ў гэтыя цяжкія для нас дні мы ні хвіліны не пачуліся тут чужынцамі. Момантам прыехаўшая брыгада хуткай дапамогі ўжо ў кватэры рабіла ўсё, каб выратаваць Аляксея. Яшчэ гадзіну дактары змагаліся за яго жыццё ў шпіталі, а калі яго не стала, паведамілі пра гэта з вялікім тактам, не прыспешваючы, адказаўшы на ўсе пытанні і растлумачыўшы наступныя крокі.
Калегі сына самі звязаліся з рытуальнай службай, супрацоўнік якой нябачна прысутнічаў пры правядзенні неабходных працэдур, узнікаючы як з паветра, калі трэба было нешта патлумачыць. Нідзе мы не сутыкнуліся з казённым, грэблівым альбо таропкім стаўленнем. Кіроўца кампаніі, дзе працуе Сяргей, вазіў нас па мегаполісе, а адна з калег суправаджала нас увесь дзень развітання. Рада дырэктараў замовіла свежыя белыя і чырвоныя ружы, а раніцай у панядзелак старшыня кампаніі асабіста прыйшоў выказаць сям’і свае спачуванні і застаўся, каб пераканацца, што провады прайшлі ў адпаведнасці з сінгапурскімі традыцыямі. Супрацоўнікі рытуальнай службы не толькі не спрабавалі прапанаваць больш дарагія паслугі, а, наадварот, клапаціліся пра тое, каб мы не марнавалі лішнія грошы. У нас было дастаткова часу на развітанне, бо труна з целам бацькі знаходзілася ў рытуальнай залі, куды мы мелі кругласутачны доступ. Мы чыталі яму артыкулы з беларускіх СМІ і размаўлялі, як падчас той апошняй вячэры дома.
Паводле мясцовага звычаю, партрэт Аляксея ў абрамленні кветак быў усталяваны на радыятары катафалка, за якім мы праехалі праз увесь горад у крэматорый, размешчаны ў ціхім кутку на беразе вадаёма, дзе пасля высакароднай цырымоніі мы развіталіся назаўжды. Вось так, краіна, дзе Сяргей жыве ўсяго паўгода і дзе ніхто з Каралей раней не бываў, стала гасцінным домам для Аляксея і дапамагла крыху зменшыць наш боль ад яго сыходу.
Аляксей заставаўся верным сваім ідэалам да канца. Апошняй кнігай, якую ён чытаў, была «Уздым Літвы» Стэфана Роуэла. Апошняй справай, якую ён зрабіў перад тым, як пажадаў нам добрай ночы, стаў прагляд абноўленай версіі сайта «Новага Часу», якая вось-вось павінна з’явіцца ў сеціве.
Ад сям’і Каралей выказваем сардэчную падзяку ўсім, хто адгукнуўся на нашу вельмі сумную вестку з далёкага Сінгапура.
У Беларусі развітанне з Аляксеем Каралём адбудзецца 25 верасня з 14.00 да 16.00 у Мінску, у Палацы Мастацтваў на Казлова, 3. Пасля чаго прах галоўнага рэдактара «Новага Часу» будзе пахаваны на Паўночных могілках.
Вольга Кароль, Сяргей Кароль, Ірына Віданава, «Новы час»