Новости БеларусиTelegram | VK | RSS-лента
Информационный портал Беларуси "МойBY" - только самые свежие и самые актуальные беларусские новости

Тры карты мясцовай стратэгіі

14.03.2010 политика
Тры карты мясцовай стратэгіі

Жыць паміж Усходам і Захадам цяжка. Увесь час даводзіцца ўдакладняць свой статус. І адказваць на архаічныя пытанні. Хто мы? Дзе мы? Куды ідзем?

Немагчыма ўявіць сабе нарвежца або, скажам, люксембуржца, які пераймаўся б гэткімі развагамі. Яны, як і іх далёкія і блізкія суседзі даўно знайшлі адказы на ўсе тыя пытанні. А ў нас гэта штосьці накшталт той самай “нацыянальнай ідэі”, якую так доўга шукала вядомая ўсім Адміністрацыя па загаду свайго надзвычай патрабавальнага начальніка. Ды так і не знайшла.

Часам здавалася ўжо нават, што само жыццё прымушае вызначыцца канчаткова. Пасля доўгай і цяжкай цукрова-малочнай, а ў дадатак яшчэ і нафтава-газавай вайны, нават зацятыя прыхільнікі ўсходняй інтэграцыі пачалі з тугой паглядаць на Захад. І нават у дзяржаўных сродках масавай інфармацыі загучалі нейкія нязвыклыя ноткі. Мы – цэнтр Еўропы. І шлях у нас – адпаведны.

Новы мэсідж незаўважаным не застаўся. І вось прэзідэнт Даля Грыбаўскайтэ гасцінна расчыніла мяжу Еўразвязу перад учорашнім неўяздным. Госць упэўнена прайшоўся па Вільні, раздаючы ўсім навокал усмешкі і паціскаючы рукі. На ўсе пытанні адказваў шматслоўна і ахвотна. Які там дыктатар! Без пяці хвілін еўрапеец. Трэба прымаць такім, які ёсць. Наладжваць узаемавыгодныя кантакты. Свой чалавек. Горача пераконвае ўсіх, што дэмакратыі ў ягонай краіны нават болей, чым у старой Еўропе. Дык навошта ж яго крыўдзіць нейкімі санкцыямі ды ізаляцыяй?

Але ўжо наступнае запрашэнне наведаць Літву з нагоды яе нацыянальнага свята прынесла поўнае расчараванне. Запрошаны ехаць адмовіўся. Паслаў туды чыноўніка. І нават магчымасцю засвяціцца сярод высокіх гасцей не скарыстаўся. Усходні вектар зноў узяў сваё.

На нашай няпэўнай тэрыторыі тым часам грукаталі ўжо малаткі ды заўзята звінелі сякеры – майстры палітычных авантур натхнёна будавалі агульны барак мытнага саюзу. Па новабудоўлі бегаў усім вядомы Барадзін. І крычаў пра новую валюту – адну на ўсіх. Не рубель і не тэнге, а своеасаблівы азіяцкі антыеўра. Такая вось замест доўгачаканых кантактаў з Захадам атрымалася эквілібрыстыка на дроце. Па-тутэйшаму - шматвектарнасць. Ні нашым, ні вашым. Мы з тымі, хто болей дае.

Аднак у хуткім часе высветлілася: і тут штосьці не тое. Даць ніхто не спяшаўся. Затое галоўны ініцыятар новай супольнасці нахабна спрабаваў у сваіх хаўруснікаў хоць што-небудзь ухапіць. У Масквы таксама нявыкрутка з грашыма. Нават з пенсійнага фонду пачалі ўжо выграбаць на бягучыя выдаткі. Пра новыя крэдыты для Беларусі Крэмль нават і размовы не вядзе. А ў такім разе, што рабіць? Скарыстаўшыся ўсё той жа “шматвектарнасцю”, па новую пазыку падацца на Захад?

Толькі і там далёка не ўсё так проста. Даць немалыя крэдыты могуць. Але ж на слова, як раней, ужо даўно не верыць ніхто. Патрабуюць вызначыцца. І даволі настойліва. Еўрапарламент прымае новую рэзалюцыю па Беларусі. А там усё тое ж: вызваліць палітвязняў, аднавіць на вучобе выключаную незаконна Таццяну Шапуцьку, прызнаць альтэрнатыўны Саюз палякаў, зарэгістраваць праваабарончы цэнтр “Вясна” і партыю БХД. Калі ўдумацца, дробязь. Ніякіх намаганняў. Толькі крыху патрымацца ў межах прыстойнасці. Зрабіць дэмакратычны выгляд хоць на нейкі час.

Абяцаюць жа ўзамен немалыя выгоды. Нават хоць бы нейкі прагрэс у дэмакратазыцыі дазволіць спадзявацца на падпісанне пагаднення аб супрацоўніцтве і партнерстве з Еўразвязам. Будзе аказана таксама падтрымка і ў выдзяленні чарговага крэдыта МВФ. І нават вяртанне ў агульную сістэму прэферэнцый, якія былі страчаны пасля чарговага азвярэння ўлады ў дачыненнях з вольнымі прафсаюзамі. Карацей кажучы, жывыя грошы пастаўлены на кон. Пра што тут думаць?

Але ж не ўсё так проста. Калі паглядзець на сітуацыю з іншага боку, то патрабуюць еўрапейскія парламентары ні многа ні мала, а павагі да правоў чалавека. Жартуеце, панове? Свой, адметны, вычварэнскі погляд на тыя самыя правы і ёсць аснова асноў дзеючага рэжыму. Каго хоча, таго і душыць. Тым і трымаецца. І дазволу на гвалт и здзек ні ў каго пытаць не збіраецца. Менавіта гэта і ёсць той самы суверэнітэт, гарантам якога ўжо шаснаццаць гадоў застаецца нязменны правіцель.

Вось толькі адна бяда - грошы патрэбны катастрафічна. Надта вялікія. Неадкладна. Нават за ўсенародную любоў заплаціць ужо нечым. Запазычанасць надзвычай небяспечная. А таму перавагу зноў пачынае набіраць усё той жа вектар ўсходні. Не можа таго быць, каб на неабсяжным полі адзінай эканамічнай прасторы, якая паціху ствараецца, не знайшліся хоць нейкія грошы. Аднак і адтуль замест хацяб няпэўных абяцанняў чуюцца зусім іншыя словы. На рабочы стол Дзмітрыя Мядзведзева толькі што лёг грунтоўны даклад аб новай расійскай стратэгіі. І там чорным па беламу: “Государства Содружества – это жизненное пространство, необходимое нашей стране для сохранения статуса великой державы”. Здаецца ж, недзе пра гэта “жизненное пространство” мы ўжо чулі. Так, сумнавядомы “План Барбароса”. Толькі там гэта гучала крыху інакш – Lebensraum. Як кажуць, прыехалі.

І ўсё ж хоць адну перавагу існавання ў патэнцыйнай зоне агульнай эканамічнай прасторы знайшлі. Ігорны бізнес, ад якога адмовілася нават прагная да грошай Масква, тутэйшаеае чынавенства забірае сабе. Калі рашуча адрынулі яго там, можна ўявіць сабе, які гэта “бізнес”. Але ж іншага выйсця няма. Не прымаць жа, сапраўды, такой гордай краіне нахабныя еўразвязаўскія прапановы наконт гэтых клятых правоў чалавека. А таму ператворым Беларусь у суцэльны Лас-Вегас. Як было сказана, “у нас есть все шансы выйти на ведущие позиции в этой тонкой и чувствительной сфере”.

Аспрэчваць немагчыма. Сфера насамрэч “чувствительная”. І Беларусь гэта ў хуткім часе адчуе. А грошы, на якія так спадзяваліся, здабудуць іншыя. Хіба толькі мудры ініцыятар праекту імгненнага ўзбагачэння паспрабуе вырашыць праблемы збанкрутаванай эканомікі асабіста. За зялёным сукном. Можа, менавіта ён, а не пушкінскі Герман ведае самы галоўны сакрэт – запаветныя тры карты. А калі не, на што тады яшчэ спадзявацца?

Жыць паміж Усходам і Захадам немагчыма. Рана ці позна, а вызначыцца давядзецца. Куды нас цягне болей. У Азію ці ў Еўропу. Калісьці Станіслаў Ежы Лец кпіў з гэткага ж незайздроснага становішча сацыялістычнай Польшчы, што яна “Захад на Усходзе і Усход на Захадзе”. Але там быў народ. І яму такі лад жыцця не падабаўся. А таму аднойчы краіна вызначылася. І засталася там, дзе і павінна быць – у Еўропе. А незайздросную эстафету няпэўнасці ад яе перанялі чамусьці беларусы.

А можа, наспеў ужо час і нам сказаць сваё слова? Геапалітычны статус дзяржавы – далёка не апошняя рэч. Інакш застаецца хіба толькі адно спадзяванне на тыя тры карты, якія выратуюць нацыю ў новазбудаваным казіно.

Последние новости:
Популярные:
архив новостей


Вверх ↑
Новости Беларуси
© 2009 - 2024 Мой BY — Информационный портал Беларуси
Новости и события в Беларуси и мире.
Пресс-центр [email protected]