Новости БеларусиTelegram | VK | RSS-лента
Информационный портал Беларуси "МойBY" - только самые свежие и самые актуальные беларусские новости

Сезонны псіхоз драздоўскага тыпу

18.03.2010 политика
Сезонны псіхоз драздоўскага тыпу

Пераход ад зімы да вясны ці не самая цудоўная пара году. Аднак сустракаюцца людзі, для якіх звычайная змена сезонаў - пакутны час.

Калі ж гэткія бедалагі пры пасадах, ды яшчэ вякілікіх, то шмат каму навокал мала не пакажацца. Вось і ў нас каторы год развітанне з зімою лірычнага настрою не выклікае. Ледзь павее цёплы ветрык, у краіне непазбежна пачынаецца чарговы прыступ незразумелага шаленства.

У мінулы аўторак дамовіўся з дачкою, што вазьму малога Даньку. Надвор’е ў той дзень было цудоўнае. Хацеў паказаць яму, як тае снег, цякуць па асфальце ручаіны ды чорныя гракі блукаюць па праталінах. Аднак дарогу нам перабегла ўлада. Яна проста не выносіць, калі нехта хоць на хвіліну забывае пра яе пачварную прысутнасць.

Прыходжу ў прызначаны час, а ў майго ўнука някліканыя госці. Чужыя людзі па-гаспадарску гойсаюць па кватэры. Пакуюць у чорныя мяшкі нейкія рэчы. Рабаўнікі ўламіліся?.. Ды не, з’ява зусім іншая. У Беларусі амаль што побытавая – чарговы ператрус. Неад’емная частка той самай лібералізацыі, якую калісьці аптымістычна заўважыў тут Еўразвяз.

Сенсацыйнае адкрыццё заходніх выхавацеляў ніяк не паўплывала на былыя звычкі балотнай дыктатуры. Пасыпаліся шчодрыя крэдыты. Пачуліся першыя воплескі з нагоды нібыта нейкіх перамен. А паўсядзённае жыццё ішло ўсё тым жа звыклым шляхам. На месца вызваленых палітвязняў ужо кідалі новых. Людзей карнікі збівалі на вуліцах і плошчах. Катавалі ў пастарунках. Спецслужбы старанна вынішчалі ўсё, што яшчэ варушыцца.

А цяпер вось новы паварот. Хваля рэпрэсій абрынулася на журналістаў апошніх незалежных крыніц інфармацыі. З мандатамі нейкай гомельскай цёткі ў пракурорскім чыне па рэдакцыйных офісах і прыватных кватэрах носяцца купкі змрочных людзей у цывільным. Яны выграбаюць кампутары, ноўтбукі, дыскі, флэшкі. Тэрарызуюць журналістаў і іх сем’і. Паводле афіцыйнай версіі супрацоўнікі газет і сайтаў справакавалі гэта самі. Нібыта выдалі страшэнную дзяржаўную таямніцу – распавялі грамадству пра чарговую грызню паміж гэбушкай і міліцыяй. Якія сутыкнуліся ў гэтак званай “паляўнічай справе”. І нейкі гэбэшны начальнік так страшэнна ўзбудзіўся наконт сваёй чэкісцкай годнасці, што давялося прынцыповай уладзе на рогі ставіць усю краіну. Нават зноў выплыла на паверхню любімае іх слова – “клявята”.

Па пад’ездах пабеглі міліцыянты. Усе чамусьці закамуфляваныя пад цывільных. Іх шмат. І ўвогуле, невядома нават, хто разам з імі ходзіць. Калі ўламіліся ў кватэру, якую здымае рэдактар сайта Наталля Радзіна, а потым грамілі офіс “Хартыі-97”, нейкі азвярэлы тып пусціў у ход нават кулакі. Вырадак біў жанчыну ў твар. А двое ў чорных масках, з якіх выглядалі толькі свінячыя вочкі, на законнае патрабаванне журналісткі паказаць службовыя пасведчанні, пачалі скакаць, выкідваючы наперад рукі. Маўляў, хайль Гітлер! Якія тут пасведчанні - яны вярнуліся.

Дарэмна правадыр усёй гэтай шпаны на пачатку сваёй кар’еры палахліва адракаўся ад пахвалы на адрас фюрэра, выказанай у інтэрвью журналісту газеты “Хандэльсблат”. Пракручанае па тутэйшым радыё шчырае прызнанне таго, што нямецкі парадак – “это то, что соответствует нашему пониманию президентской республики и роли в ней президента”, падначаленыя пачулі. І добра ведаюць цяпер, як найлепей высокаму начальству дагадзіць.У некаторых публікацыях гэтых нягоднікаў у масках неабачліва назвалі “афіцэрамі”. Што за легкадумнасць! Ім да афіцэраў, як смаўжам да кавалерыі. Тыповая шпана ў наймітах. Нічога болей.

Аднак вернемся да майго сарванага шпацыру з Данькам. У той час, калі ён яшчэ спаў, у ягоным пакойчыку таксама ішоў усё той жа ператрус. Зразумець уладу можна. Дзіцячыя цацкі таксама на мяжы сезонаў падаюцца жудаснай крамолай. Не выпадкова ж пільныя шукальнікі захапілі нават дыск са здымкамі малога. І не памыліліся. Там ёсць такая фотка, дзе Данька паказвае язык. Мімаволі можа ўзнікнуць прынцыповае пытанне: а каму?..

Мае шаноўныя суграмадзяне часам з непрыхаванай гордасцю прамаўляюць бездакорную формулу тутэйшай памяркоўнасці: а я палітыкай не займаюся. І я таксама яе не люблю. Не думаю, што і мой Данька захапляўся ёю з пялюшак. Але ж вось тая палітыка ў абліччы неразважлівых і змрочных выканаўцаў сама да яго прыйшла. І не варта наіўна спадзявацца, што гэта наканаванне толькі нейкіх непаслухмяных журналістаў. Карнікіі, калі ім даюць адмашку, на кароткім спісе не спыняюцца. Разлічацца з тымі, хто не маўчыць, зазірнуць і пад венік. Ім усё роўна, з кім ваяваць.

Гэтым разам псіхоз абумоўлены не надыходам вясны. Проста драздоўскіх насельнікаў агарнула трывога. Прэзідэнцкія выбары ўжо зусім недалёка, а настроі ў грамадстве не тыя. А таму ў офісы вольнай журналістыкі і прыватныя кватэры ломіцца ўладны авангард. І калі памяркоўным беларусам зноў не хопіць волі і рашучасці спыніць новы выбух шаленства, людзі ў чорных масках канчаткова усталююць тут свой парадак. Той, адметны. Калі можна ўскідваць руку ў фашыстоўскім вітанні, не хаваючы морду пад маскай.

Падчас вяртання з Вільні, убачыўшы літоўскіх памежнікаў, Данька, маючы ўжо сумны досвед, насцярожыўся раптам: “Гэта дрэнныя дзядзькі?”

Не, маленькі. Гэта звычайныя людзі. Тыя, пра каго ты пытаеш, сустрэнуцца крыху далей. На нашай зямлі. І наўрад ці ты будзеш апошнім, хто пра гэта спытае.

Последние новости:
Популярные:
архив новостей


Вверх ↑
Новости Беларуси
© 2009 - 2024 Мой BY — Информационный портал Беларуси
Новости и события в Беларуси и мире.
Пресс-центр [email protected]