Новости БеларусиTelegram | VK | RSS-лента
Информационный портал Беларуси "МойBY" - только самые свежие и самые актуальные беларусские новости

Амбасадар Вялікабрытаніі выступіў з лекцыяй аб самасвядомасці беларусаў і «рускім свеце»

22.11.2015 общество

Амбасадар Вялікабрытаніі Брус Бакнел выступіў у Менску з публічнай лекцыяй аб нацыянальнай ідэнтычнасці ў межах праекта «Лятучага універсітэта» «Urbi et Orbi».

У даволі прасторнай галерэі «tut.by» паслухаць брытанскага амбасадара сабралася каля трох сотняў чалавек. У другой частцы мерапрыемства разгарэлася гарачыя дыскусія, паведамляе «Радыё Свабода».

На частку пытанняў Брус Бакнел адказваў па-руску, калі пытанне было занадта філасофскім або падступным, пераходзіў на ангельскую.

«У першыя месяцы свайго знаходжання ў Беларусі я часта пытаўся суразмоўцаў-беларусаў аб іх нацыянальнай самасвядомасці. Адказы на сваё пытанне я атрымліваў розныя, але мне здавалася, што гэтая тэма больш цікавая мне, чым ім. З гэтага нарадзілася ідэя спачатку напісаць пра гэта ў блогу, а потым выступіць з публічнай прамовай» - так патлумачыў выбар тэмы сваёй першай і апошняй у Беларусі публічнай лекцыі брытанскі амбасадар.

«У ангельскай мове ёсць добрае слова belonging. Гэта пачуццё прыналежнасці да чаго-небудзь, прыналежнасці да месца. Мяне па-сапраўднаму інтрыгуе паняцце «нацыянальнай ідэнтычнасці» і ўсё, што на яе ўплывае. Брытанскія даследчыкі Энтані Сміт і Бенедыкт Андэрсан ў 1980-я гады выказалі цікавую тэорыю, што нацыі вызначае не толькі агульная тэрыторыя, мова і культура, але і калектыўная самасвядомасць, атаясамлення сябе са светам, адчуванне сябе супольнасцю», - адзначыў амбасадар Бакнэл.

«І гэтая наша асаблівасць апошнім часам праходзіць праверку на трываласць - праблемамі з мігрантамі, радыкалізмам, тэрарыстычнымі пагрозамі. Сам тэрмін «мультыкультуралізм» істотна змяніўся апошнім часам, часткова - праз радыкальны іслам. Апошні прыклад - Парыж», - мяркуе Бакнел.

Падчас дыскусіі беларускі мастак Міхаіл Анемпадыстаў папрасіў назваць найбольш паспяховыя мерапрыемствы ва ўкараненні брытанскай ідэнтычнасці, распавесці, што паўплывала на тое, што ў брытанцаў такая паспяховая, трывалая ідэнтычнасць. Амбасадар адказаў зноў жа з пачуццём гумару:

«Магчыма, надвор'е. У нас іншы клімат, даволі мяккі. Мы жывем на выспе, у аддаленасці ад астатняга свету. Гэта наша маленькая радзіма, якая абмежаваная тэрытарыяльна, геаграфічна. Мы не бачылі ўсіх жахаў Другой сусветнай вайны, якія бачылі вы, хоць у ёй і ўдзельнічалі. Ды і ўся гісторыя наша іншая».

Зноў і зноў аўдыторыя вярталася да асноўнай тэмы публічнай лекцыі.

«Магчыма, беларусы маюць праблемы з нацыянальнай самасвядомасцю, таму што не гавораць па-беларуску ў паўсядзённым жыцці?» - спытаў малады чалавек.

На гэтае пытанне амбасадар Брус Бакнел пачаў адказваць па-руску: «Гэта як ідэя аб «рускім свеце». Ва Уладзіміра Пуціна - адзін «рускі свет», у Святланы Алексіевіч магчыма, іншае ўяўленне, што такое «рускі свет». Тое, што большасць беларусаў не размаўляе па-беларуску - гэта факт».

Затым амбасадар перайшоў на ангельскую мову: «Рускі свет» - гэта не проста як бы абстрактная ідэя, гэта ідэалогія. Калі вы уважаеце сябе мацнейшым, калі размаўляеце па-беларуску - гэта выхад».

На пытанне, як беларусам не страціць сябе, бо краіна невялікая, шмат беларусаў працуе ў Расеі - брытанскі амбасадар Брус Бакнел не адказаў, маўляў, не ведае адказу, пытанне цяжкі. Сказаў толькі, што ў яго ёсць адна ідэя:

«Ідэя ў тым, каб зрабіць Беларусь домам для тых беларусаў, якія цяпер з'яўляюцца эмігрантамі. Тады гэтыя людзі падцягнуцца сюды. Я ведаю вельмі шмат прыкладаў, калі беларусы, прычым, вельмі паспяховыя, не жывуць тут. Вам іх трэба вярнуць. Ну і яшчэ адзін пункт, які вам не спадабаецца - гэта быць ветлівымі з рускімі, таму што яны зараз праходзяць тое, што мы ўжо прайшлі. Гэта такі постімперскі сіндром, які мы прайшлі (нават сама каралева Вялікабрытаніі наведала Ірландыю). Але гэта не азначае, што вам не трэба нагадваць, што іх сітуацыя ў нафтай і газам і іх мовай не робяць іх асаблівымі. Будзьце ветлівымі. Ну і збірайце з іх грошы», - у канцы пажартаваў амбасадар.

Украінец Аляксандр, які тры месяцы таму прыехаў у Беларусь, спытаў, колькі павінна прайсці часу, каб і ў беларусаў, і ў украінцаў сфармавалася такая самасвядомасць, якую немагчыма было пахіснуць звонку.

Брус Бакнел прадэманстраваў добрае веданне сённяшняй сітуацыі і ў Беларусі, і ва Украіне:

«Я выдатна разумею, што Беларусь і Украіна - абсалютна розныя па сітуацыі краіны. І той жа самы Львоў, які быў пад Габсбургамі - вельмі цудоўнае месца. І часам кажуць, што калі б такую гісторыю, як Львоў, мелa б уся Украіна - магчыма, усё было б інакш. Таксама я ведаю і пра ўсход Украіны, які мае зусім іншы, збольшага савецкі досвед з жудаснай гісторыяй калектывізацыі і гэтак далей... Я разумею, што Беларусь у гэтым плане больш аднастайная, але я не ведаю, колькі трэба часу, каб мець тую ідэнтычнасць , пра якую вы кажаце. Калі так будзе з Расеяй, калі яна будзе сябе паводзіць так, як цяпер - то спатрэбіцца пэўны час. Трэба ўлічваць дэмаграфічную сітуацыю, якая таксама важная. У Расеі дэмаграфічная сітуацыя амаль такая ж, як і ў Еўропе. У іншых краінах яна зусім іншая, мы пра гэта ўжо казалі. Гэта я кажу не для таго, каб адказаць на ваша пытанне, паколькі адказу няма. А кажу для таго, каб падкрэсліць і паказаць вам, наколькі цяжкае гэта пытанне».

Последние новости:
Популярные:
архив новостей


Вверх ↑
Новости Беларуси
© 2009 - 2024 Мой BY — Информационный портал Беларуси
Новости и события в Беларуси и мире.
Пресс-центр [email protected]