95 год таму, у верасні-лістападзе 1920 года, на тэрыторыі сучаснай Берасцейшчыны і Гомельшчыны адбываліся лёсавызначальныя падзеі для беларускай дзяржаўнасці.
Генерал Булак-Балаховіч заняў Палессе, прыняў тытул Начальніка Беларускай Дзяржавы і намагаўся ўтрымацца на поўдні Беларусі, абвясціўшы яе незалежнасць.
Змаганне за Пінск гісторыкі называюць самай удалай аперацыяй генерала ў ходзе ягонага паходу на Палессе. У горадзе над Пінай няма помніка тым легендарным бітвам, але ёсць сведкі даўніны… Пройдземся па палескай сталіцы ў пошуках таго, дзе жыве памяць пра Станіслава Булак-Балаховіча.
Чыгуначны вакзал – стратэгічная кропка
Чыгунка была і ёсць адным з галоўных сродкаў камунікацыі, хуткага перасоўвання войска. У 1918-1920 гады лінію палескай чыгункі імкнуліся кантраляваць усе ўдзельнікі баявых дзеянняў: палякі, украінцы, кайзераўцы, бальшавікі. Чыгуначны вакзал Пінска змяніў свой выгляд, але месца засталося нязменным. Амаль насупраць галоўнага ўваходу яшчэ стаіць будынак паліцэйскай управы, у якім кватэраваліся жаўнеры ў залежнасці ад таго, хто заняў горад. Да балахоўцаў тут мясціліся жаўнеры Украінскай Народнай Рэспублікі, якія пакінулі Пінск у 1919 годзе.
Штаб 4-й арміі бальшавікоў
Булак-Балаховіч захопам Пінска рассек 4-ю армію Саветаў, перарваў сувязь паміж яе часткамі. Нехта са штабу паспеў збегчы з горада і замацавацца ў суседнім на ўсход Лунінцы. Цяпер у гэтым будынку месцяцца ювелірныя крамы.
Калегіум, кафедральны касцёл і галоўная вуліца
Патрыярх палескай даўніны – калегіум езуітаў – бачыў не толькі генерала. Велічныя муры памятаюць апошняга караля Рэчы Паспалітай Панятоўскага, шведскага караля Карла ды палкоўнікаў Багдана Хмяльніцкага. Кафедральны касцёл Унебаўзяцця Найсвяцейшай Дзевы Марыі ў бурлівыя восеньскія дні 1920 года стаў надзейным прытулкам для гараджан. На вуліцы, якая носіць імя правадыра расейскай рэвалюцыі, адбываліся значныя падзеі для горада. Тут мітынгавалі працоўныя, адбываліся шэсці, вяліся вулічныя баі за Пінск, і тут жа змагаліся балахоўцы. Кожны будынак таму сведка.
Пераправа праз Піну
Паблізу з калегіумам, на месцы сучаснага і апораў былога маста праз Піну, у 1920 годзе была пераправа, праз якую генералу прыйшла дапамога. Пасля ўзяцця сталіцы Палесся корпус Булахоўцаў павялічыўся ўдвая: 4600 штыкоў і 1150 шабляў.
Адкуль Чырвоная Армія абстрэльвала пазіцыі жаўнераў Булак-Балаховіча
Сабраўшы сілы ў Лунінцы, бальшавікі накіравалі на мост праз Ясельду (на ўсход ад Пінска, побач вёскі Гарадзішча) бронецягнік, які біў па Пінску. Жаўнерам удалося заняць і знішчыць цягнік непрыяцеля. Змаганне Булак-Балаховіча на Палессі – гэта іскравы прыклад жадання беларусаў мець сваю Незалежную Дзяржаву. Постаць генерала выклікае шмат дыскусій, але, пэўна, неардэнарныя часы ствараюць неардэнарных асоб, якія гатовыя да дзеянняў.
Пятро Савіч, «Радыё Рацыя»