Новости БеларусиTelegram | VK | RSS-лента
Информационный портал Беларуси "МойBY" - только самые свежие и самые актуальные беларусские новости

Апошні акоп ветэрана

12.04.2010 политика
Апошні акоп ветэрана

Беларусь – франтавая краіна. Яшчэ падчас Першай сусветнай размясціўся ў Менску штаб. І мімаволі ўзнікае ўражанне, што нікуды ён адгэтуль не сышоў.

Ператварыўся ў фантом, у прывід. А таму да гэтага часу няма тут спакою. Гучаць каманды. Грукочуць салдацкія боты. Па краіне блукаюць франты. Узнікаюць раптам у самых неверагодных месцах.

Апошні разгарнуўся зусім нечакана. У цэнтры сталіцы. Каля рэдакцыі адной з апошніх недадушаных уладай газет. Месціцца яна ў нейкім падвале. Затое квартал які! Славуты адрас “Карла Маркса, 38” – рукой падаць. Усяго толькі вуліцу перайсці – і вось ужо тутэйшая “крамлёўка”. Яна ж – лечкамісія. Тое сакральнае месца, дзе вядзецца няспынны нагляд за прастатай асаблівай дзяржаўнай важнасці. Калі ў гэткім адметным квартале не тое што з палітычнымі мэтамі, а нават проста з задумай скінуцца на трох збярэцца нейкі люд, адразу нібы з-пад зямлі з’явіцца да зубоў узброены спецназ. І змесіць усіх у горкі яблык.

А тут, бачыце, сабраўся немалы натоўп, разгарнуў загаддзя напісаныя лозунгі і наважыўся пікетаваць. І ні табе міліцэйскіх мацюгоў у грымотны мегафон, ні спецназаўскіх дубінак у вольным палёце. Ідылія поўнага ўзаемаразумення паміж пратэстоўцамі і ўладай. Можна АБСЕ выклікаць, каб засведчыць пераканаўчае вяртанне краіны ў Еўропу. Хто можа цяпер усумніцца, што правы чалавека тут маюць бясспрэчны прыярытэт. Дакладней, правы аднаго чалавека.

І таму тут зноў вайна. У бой ідуць адны старыя. Бароняць апошні акоп ветэрана тутэйшай улады. І лінія фронту праходзіць непасрэдна пад вокнамі “Народнай волі”. Спачатку супраць газеты ды крамольных сайтаў па старой завядзёнцы кінулі пэўныя сілы міліцыі. Аднак яны дзейнічалі прымітыўна і бяздарна. Выклікалі нікому не патрэбны рэзананс. Старанна прадуманую аперацыю “Ы” амаль што правалілі. Ініцыятару інфармацыйнага пагрому давялося асабіста палохаць свет неверагоднымі жахамі, якія нібыта крыюцца ў канфіскаваных кампутарах незалежных журналістаў. Але вынік і гэтых намаганняў быў непажаданы. З’явіўся хіба яшчэ адзін бясспрэчны доказ таго, што улада, нібы пакаёўка праз замочную адтуліну, адсочвае такім чынам прыватнае жыццё грамадзян.

І тады на выратаванне кіраўнічай рэпутацыі быў кінуты самы надзейны рэзерв – ветэраны. Напярэдадні чарговай гадавіны перамогі амаль што бездакорны ход. Хто ж у такіх варунках пасмее не паверыць у шчырасць гнеўнага парыву. Гэта публікацыя Іллі Копыла пра жыццё ягонай вёскі Нябышына выклікала ў ветэранаў абурэнне. Яны добра ведаюць, што перажытага ім за тры гады акупацыі быць не магло. А таму аповед падлетка часоў вайны трэба рашуча забараніць. А вінаватых пакараць. Па ўсёй строгасці савецкага закону.

Зухаваты стаўрапольскі палітрук, які атабарыўся тут, прывёў да сцен рэдакцыі гнеўную калону мсціўцаў. Ён ніяк не можа супакоіцца. Служыў недзе ў Егіпце менавіта ў той час, калі тут душылі Алеся Адамовіча. Спазніўся на ўсе выхаваўчыя экзекуцыі, наладжаныя тагачаснай уладай. А было ж на што паглядзець!

Пісьменнік Адамовіч зялёным падлеткам пайшоў у партызаны. Пры штабе не служыў. У камісарах не значыўся. А таму ягоныя творы пра вайну катастрафічна не супадалі з патрабаваннямі паліткамісараў. Чаго ветэраны знесці вядома ж не маглі. Гэта ўсё іх проста зневажала. А заадно і кнігі Васіля Быкава, напісаныя не пра тое. Ён, лейтэнант, камандзір супрацьтанкавага ўзвода, на якога з фронту прыйшла калісьці нават пахаронка, нічога не ведаў пра сапраўдную вайну, бо пры штабе ніколі не служыў. І палітрукі яго таксама збіраліся вучыць публічна. Абураныя адстаўнікі егіпецкага і стаўрапольскага разліву па свістку з роднага ЦК наладжвалі бурныя акцыі пратэсту. З усё тымі ж, адной рукой напісанымі лозунгамі. Якія і да сёння яшчэ не састарэлі.

Часам так хочацца выслужыцца. Нібы ў тыя незабыўныя часы. А дзе ж гэта зрабіць ваяўнічаму палітруку, калі не на ідэалагічным фронце? Вось толькі ці варта ўвесь час таптацца пад вокнамі адной і той жа газеты. Ёсць іншыя, адпаведныя патрыятычнаму парыву адрасы, дзе можна годна адстаяць высокую праўду аб вайне. Напрыклад вёсачка Забораўна на Ўшаччыне. За тыя тры гады партызаны ператварылі яе ў сапраўдны самагонны канвеер. З высакароднымі, зразумела, мэтамі. Пераважна медычнымі. А падчас жудаснай блакады сорак чацвертага года на знак удзячнасці яе маўклівым жыхарам яшчэ і ўдалую засаду зладзілі непадалёку ад яе. Немцы, якія добра ведалі пра сапраўдны статус Забораўна, вярнуліся туды пасля бою і перастралялі ўсіх мужчын. Знясіленая, замардаваная вёска не змагла ўжо нават забітых дацягнуць да могілак. Так і пахавалі іх: кожнага на сваім падворку. Там і сёння што ні хата - крыж.

Лепшага месца для абароны праўды аб вайне прыдумаць цяжка. Толькі не варта крыўдзіцца, калі замест ветлівай рэдактаркі Святланы Калінкінай, якая доўга і цярпліва даводзіць гнеўным пікетоўцам, што погляды людзей не заўсёды і не абавязкова павінны дакладна супадаць, там можа выйсці раптам якая-небудзь змрочная цётка ды яшчэ з плоту выхапіць знянацку добры дрын. Вайна даўно ўжо скончылася. Але Забораўна канчаткова пераканацца ў гэтым пакуль што не паспела. Як між іншым і ўся наша краіна. Фантом вайны ў крыві, у генах беларусаў. І адметнасць тая ўладаю старанна песціцца і зберагаецца. Яшчэ б – нацыя герояў!

А можа, ахвяр? Забітых, запалоханых, затурканых дурной і злоснай дыктатурай. Якая з году ў год дзеля сваёй карысці эксплуатуе забабоны, страхі, прывіды вайны. Грукоча ў барабаны. Нагнятае масавы псіхоз. Дзе яшчэ ў Еўропе можна сутрэць на гарадскіх вуліцах у звычайны дзень столькі людзей ў пагонах, у вайсковым камуфляжы? Ні адна з мінулых войнаў тут пакуль не скончана. Па-ранейшаму жывуць яны ў кожным доме.

Нашаму ваяўнічаму грамадству даўно наспеў час заключыць мірную дамову. Са сваёй гісторыяй. З суседзямі і блізкімі. І кожнаму – з сабой.

Последние новости:
Популярные:
архив новостей


Вверх ↑
Новости Беларуси
© 2009 - 2024 Мой BY — Информационный портал Беларуси
Новости и события в Беларуси и мире.
Пресс-центр [email protected]