Новости БеларусиTelegram | VK | RSS-лента
Информационный портал Беларуси "МойBY" - только самые свежие и самые актуальные беларусские новости

Трэк «19». Пяць гадоў на паўзе

19.12.2015 общество
Трэк «19». Пяць гадоў на паўзе

Вонкава паўза грамадзкага жыцьця ў Беларусі зацягнулася. Але гэта ўсяго толькі паўза.

– Не хадзі туды, – кажа мне хлопец у кавярні каля вакзалу, і паказвае ў бок плошчы Незалежнасьці. – Там вельмі небясьпечна.

Я моўчкі ківаю галавою. Я сюды заскочыў аддыхацца. Я толькі што вырваўся з кола атачэньня. Акурат паміж вайсковымі грузавікамі, якія толькі пад'ехалі калёнай да краю плошчы, і ўжо глушылі маторы. Гэта заўтра я дазнаюся пра тое, што невялікая група людзей ламала дзьверы ў Доме ўраду. У нас у цэнтры натоўпу было ўтульна і нават весела. Чуваць было хіба людзей блізу цябе. Размаўлялі зь сябрамі пра сваё. Ня надта доўга. Мароз, людзі актыўна разыходзіліся. Усё, што хацелі зрабіць, зрабілі – выказалі сваёй прысутнасьцю ўласнае стаўленьне да «выбараў». Толькі заўтра я дазнаюся пра маштаб зьбіцьця і паляваньня на людзей у цэнтры Менску.

А пакуль праз вакно кавярні я бачу «касманаўтаў», якія прабягаюць па Ленінградзкай. Па пустой вуліцы. Бачу тралейбус, які набліжаецца, лаўлю момант, бягу да прыпынку, ускокваю. Едзем. Праз вакно гляджу як хапаюць мінакоў у Міхайлаўскім сквэрыку і бліжэй да «Дынама». Дзікасьць сытуацыі ў тым, што на двары амаль пуста. Натоўпы ўзброеных дубінкамі міліцыянтаў кідаюцца на самотныя фігуры людзей.

Гэтыя «нюансы» ня трапяць у матэрыялы замежных СМІ, дый беларускія ўзгадаюць мімаходзь. «Чарговы разгон акцыі апазыцыі адбыўся ў Менску». Чарговы, але зусім не ардынарны. Д'ябал хаваецца ў дэталях.

Чаму дасюль многія ў Беларусі ўзгадваюць і перажываюць падзеі 19 сьнежня 2010? Мінула пяць гадоў, ня так мала. Раней праз пяць гадоў падобныя падзеі траплялі ў разьдзел «гісторыя», і прыгадваліся толькі «вузкімі спэцыялістамі».

Я быў амаль на ўсіх вялікіх мітынгах і дэманстрацыях у Менску ад 1988 да 2010. А пасьля я бачыў карцінкі ў мэдыях.

Ня толькі за мяжой, але і большасьць саміх беларусаў успрымалі вулічную грамадзка-палітычную актыўнасьць у краіне праз інтэрпрэтацыю ў СМІ. І ў залежнасьці ад свайго сьветагляду чакалі таго ці іншага фіналу. Ці то пераменаў, ці то супакойваліся, што ўсё застаецца як ёсьць.

А карцінкі ў СМІ яскравыя: патасныя, драматычныя. Іншых глядзець ня будуць. Фатографы і апэратары выхоплівалі сутычкі, бойкі, зьбіцьцё дэманстрантаў. Магчыма, праз гэтыя дынамічныя і жорсткія кадры складалася ўражаньне, што вось яшчэ крыху, і шалі зрушаць у нейкі бок.

Насамрэч, шалі заставаліся ў раўнавазе. Бо на 99,99% усе менскія акцыі пратэсту за апошнія 27 гадоў былі мірнымі. І эфэкт яны давалі толькі да канца 1996 году, калі ў краіне дзейнічаў легітымны парлямэнт. Пэўны эфэкт для некалькіх дзясяткаў тысяч удзельнікаў.

З кожным годам міліцыя ўсё больш навучвалася разганяць, узбройвалася сучасным рыштункам, а дзяржаўныя СМІ наганялі на абываталяў усё болей разнастайныя вобразы жахаў, якімі пагражае простаму народу «кучка адмарозкаў». А на дэманстрацыі пратэсту выходзілі тыя, якіх апошнім часам прынята называць «крэатыўным клясам». Выходзіла ўсё меней. Але ў 2010 зноў сабраліся па беларускіх мерках вялікай колькасьцю.

Навошта людзі выходзілі, нават калі зразумелі, што тут і цяпер яны нічога ня могуць зьмяніць? Як па мне, дзеля той самай годнасьці, якая ў 2013 годзе дала назву Майдану – Рэвалюцыя Годнасьці.

У 2010 была ня «акцыя апазыцыі». Гэта была акцыя самых розных грамадзянаў, з рознымі палітычнымі поглядамі, але аб'яднаных пачуцьцём годнасьці, нежаданьнем жыць у краіне-казарме.

Думаю, менавіта годнасьць рухала людзьмі ад Балтыйскага да Чорнага мора ў розны час. Годнасьць выводзіла людзей на вуліцы. «Чаму ідзеш? Там цябе чакаюць дубінкі і краты». – «Бо інакш не магу, я мушу прадэманстраваць, што я ёсьць, што мы ёсьць». Так было ў Беларусі шмат гадоў, ня гледзячы на пагрозу пакалечыцца ці сесьці на суткі. Такая сабе «сацыяльная дамова»: мы – выходзім, вы – хоць і рэпрэсуеце, але не пераходзіце мяжу здаровага глузду.

19 сьнежня 2010 адбыўся не звычайны «разгон дэманстрацыі». У экраны тэлевізараў і маніторы кампутараў проста фізычна ня мог увайсьці ўвесь размах карнай апэрацыі, калі людзей зьбівалі і хапалі далёка ад плошчы Незалежнасьці. Самы вядомы прыклад – прыпынак на Нямізе, які за колькі кілямэтраў ад мітынгу. Дзе схапілі маці з сынам, якія вярталіся адкульсьці з супрацьлеглага боку ад акцыі, і нават пасьля пісалі лісты, маўляў, «гэта памылка, мы ня супраць Лукашэнкі». Мноства такіх вось «памылак» ад Цэнтральнага вакзалу да Нямігі.

Сьледам за нематываванай жорсткасьцю і масавымі затрыманьнямі пайшлі арышты палітыкаў – ўдзельнікаў выбарчай кампаніі, гэта таксама стала важнай карцінкай. А вось наступныя два месяцы ўціску грамадзкіх арганізацый ды ініцыятываў засталіся па-за акцэнтам. Два месяцы навінаў пра ператрусы. Час, калі здавалася, што ў кагосьці «катушкі зьехалі канчаткова», і гэта ніколі ня скончыцца.

Гэта была акцыя застрашэньня ўсіх менчукоў. Усіх беларусаў.

Мы можам толькі здагадвацца пра матывы. Магчыма, Аналітычны цэнтар (Апэратыўна-аналітычны цэнтар пры прэзыдэнце Рэспублікі Беларусь) ведаў штосьці пра настроі ў краіне. І што праз некалькі месяцаў пачнецца абвал беларускай эканомікі. І маўклівыя акцыі пратэсту наступнага 2011 году даюць права на існаваньне такой вэрсіі. Тады выходзілі многія, хто «палітыкай не цікавіцца», «на Плошчу не хадзіў», і ўрэшце ня мог паверыць, што нават за плясканьне ў ладкі можна трапіць у аўтазак.

А можа проста нэрвы здалі, маўляў, гадамі копім сілу, а яны ўсё мірным шляхам ідуць. «Наце вам правакацыю каля Дому ўраду, а далей атрымайце ўжо нарэшце па поўнай». У кожным разе, пяць гадоў таму ўлада перайшла чарговы ад канстытуцыйнага перавароту 1996 году рубікон.

19 сьнежня 2010 году быў пахаваны спадзеў на мірны супраціў у асягальнай будучыні.

Але. Узьнік досьвед беспрэцэдэнтнай для Беларусі салідарнасьці, калі сотням затрыманых дапамагалі тысячы добраахвотнікаў: большасьць грашыма і рэчамі, а самыя мабільныя – арганізацыйна.

Вонкава паўза грамадзкага жыцьця ў Беларусі зацягнулася. Але гэта ўсяго толькі паўза. Колькі шалі ні стрымвай штучна, у прыроды свае законы. У прыроды грамадзтваў таксама.

Севярын Квяткоўскі, («Радыё Свабода» http://www.svaboda.org/content/article/27437121.html)

Последние новости:
Популярные:
архив новостей


Вверх ↑
Новости Беларуси
© 2009 - 2024 Мой BY — Информационный портал Беларуси
Новости и события в Беларуси и мире.
Пресс-центр [email protected]