Гісторык Сяргей Палехаў рыхтуе да выдання кнігу пра дынастычную вайну ў Вялікім Княстве Літоўскім у 30-х — 40-х гг. XV ст.
Вядомы маскоўскі даследчык, вучань Барыса Флоры гісторык Сяргей Палехаў рыхтуе да выдання сваю манаграфію, прысвечаную дынастычнай барацьбе ў ВКЛ пасля смерці вялікага князя Вітаўта ў 1430 г. Драматычныя падзеі гэтага перыяда — прыход да ўлады Свідрыгайла, ягоны канфлікт з Польшчай, Ашмянская змова і ўкняжанне Сігізмунда Кейстутавіча, ягоныя спробы ўмацаваць сваю ўладу і смерць у выніку чарговай змовы —разгледжаны ў шырокім кантэксце сацыяльнай гісторыі наймагутнейшай дзяржавы Усходняй Еўропы і яе ўзаемаадносін з суседзямі. Даследаванне абапіраецца на шырокае кола крыніц, многія з якіх упершыню ўваходзяць у навуковы зварот.
Манаграфія стала вынікам кандыдацкай дысертацыі Сяргея Палехава. Арыгінальныя высновы аўтара падмацаваны комплексам архіўных дакументаў літоўскага, польскага, украінскага, нямецкага паходжання. Прынамсі трэба адзначыць наноў адкрытыя дакументы са сховішчаў Тэўтонскага ордэна, дзякуючы якім аўтару ўдалося закрыць шмат «белых плямаў» з бурнай палітычнай гісторыі Вялікага княства першай паловы XV ст.
Негледзячы на факталагічную насычанасць і высокі ўзровень навуковасці, кніга напісаная простай мовай і будзе цікавая не толькі гісторыкам, але і ўсім, хто цікавіцца гісторыяй Вялікага княства.
Піліп Падбярозкін, «Новы Час»