Новости БеларусиTelegram | VK | RSS-лента
Информационный портал Беларуси "МойBY" - только самые свежие и самые актуальные беларусские новости

«Государевы люди»

07.02.2016 общество
«Государевы люди»

Мы даўно жывём у краіне для службовага карыстаньня.

Чыноўнікі са смакам называюць сябе «государевыми людьми». Каб засьведчыць найбольшую ступень ляяльнасьці.

Сяргей Дубавец робіць выснову, што словы чыноўнікаў ускосна могуць сьведчыць, што ў нас можа быць манархія, аб чым мы пакуль не здагадваліся. Хаця напэўна да такіх складаных «умозаключений» у чыноўнікаў не даходзіць, проста падабаюцца важкія словы, роля з нафталіну гісторыі, якую яны самі сабе ўзялі добраахвотна.

Напэўна іхняя думка не сягае так глыбока, што «государевы люди» азначае падначаленых цара. Само сабой, ужо не самадзержца ўсерасейскага, якога даўно няма. Тады якога? Застаецца варажыць на кавовай гушчы. Цалкам можна дапусьціць, што нейкія ўнутраныя інструкцыі наконт манархіі (ужыта можа быць іншае слова) сапраўды існуюць. «Для службовага карыстаньня».

Мы даўно жывём у краіне для службовага карыстаньня. Просты прыклад з журналісцкай практыкі. У вас журналісцкае пасьведчаньне. Але ў суд вас не пускае міліцэйская сошка. Канстытуцыя? Закон аб друку? Такіх рэчаў яны ня ведаюць. Вось загад камандзіра ўзводу: толькі ўдзельнікі працэсу, іншых не пускаць, ніякіх журналістаў. Дзе шукаць праўды? А дзе ты будзеш яе шукаць? Камандзір узводу загадаў пісьмова, што няясна? Калі просіш прапусьціць да старшыні суду, ён амаль «пашол вон!» табе крычыць. Яфрэйтар ці малодшы сяржант, прапаршчык там за вялікага начальніка.

Мінаюць гады, і нешта зрушваецца. Адліга. Журналістаў пачынаюць пускаць. Але без дыктафону і фотаапарату. Куды табе іх? Пакінь на ганку. Але ж у законе напісана: судзьдзя дае дазвол альбо не — карыстацца гэтымі рэчамі. Не цікавіць! Вось загад камандзіра ўзводу!

І можна дапусьціць, што ўсе важныя законы маюць інструкцыю для службовага карыстаньня. Дапусьцім, як мы можам здагадвацца, у інструкцыі да канстытуцыі напісана, што «гэтак званыя» правы чалавека — гэта мець занятак для рук і койку, каб спаць. Усё. Няхай у самой канстытуцыі ледзь не кісельныя берагі і малочныя рэкі ў адпаведным разьдзеле. Але нам вядома, што расслабляцца нельга, прымаць за чыстую манэту.

Заўважце, раз яны могуць недзе сказаць выпадкова «мы — гасударавы людзі», значыць прывыклі ў сябе там, прынамсі ў думках, у душы. Ім не ў галаве, што калі людзі пабочныя пачуюць, народ, то могуць уразіцца. А што тут такога? Гасударавы, так, вялікага сакрэту ня робім.

Ня выключана, у іх там «табэль аб рангах» існуе. І ўсё расьпісана. Для службовага, само сабой, карыстаньня. Што мы ўвогуле ведаем аб сваіх начальніках? Мы іх не выбіраем, справаздачы яны нам не даюць. У іх там свая тусоўка. У нашай краіне начальства і народ аддзеленыя адзін ад аднаго. Хаця ў канстытуцыі такога, здаецца, не было. А можа ўжо ёсьць? У той менавіта частцы, што для службовага карыстаньня?

А што да інструкцый, то яны павінны існаваць на ўсе выпадкі жыцьця. Дапусьцім, на выпадак ваеннага становішча. Расьпісана — хто, каго і дзе будзе браць і куды дастаўляць. А як жа бяз гэтага? Адны бяруць тых, хто сымпатызуе, напрыклад, беларускай мове, але не размаўляе. Наступныя ў сьпісе — хто чытае на роднай мове. Далей — хто карыстаецца. Наступныя — хто «размаўляе на тарашкевіцы» і гэтак далей. У іх там мабыць ва ўсім улік і кантроль, столькі органаў розных, што мама дарагая.

Не зьдзіўлюся, калі ў «гасударавых людзей» у галаве і звароты адпаведныя, «вашэ прэвасхадзіцельства» ці нешта падобнае. Хто ведае? Мы іхніх інструкцый ня бачылі. Яны — для службовага карыстаньня.

Сяргей Астраўцоў, «Радыё Свабода»

Последние новости:
Популярные:
архив новостей


Вверх ↑
Новости Беларуси
© 2009 - 2024 Мой BY — Информационный портал Беларуси
Новости и события в Беларуси и мире.
Пресс-центр [email protected]