Правіцель стаміўся. Нічога нечаканага. Шаснаццаць год нялёгкай і няўдзячнай працы. Ні хвіліны спакою. Лыжаролеры ўлетку. Зімою – Мінская лыжня.
Ды яшчэ бясконцы хакей. Трэба ж па ўсяму былому Саюзу сабраць ветэранаў канькоў і клюшкі. А потым асабіста закінуць ім шайбу. Каб роднай дзяржаве прынесці з лядовых палёў доўгачаканую перамогу. Змаганне цяжкое і жорсткае, без права на пройгрыш.
І гэта яшчэ не ўсё. Трэба амаль штодня з атрадам адважнай аховы прарывацца з Драздоў да высокага крэсла на вуліцы Карла Маркса. А там кіраваць – крэатыўна і мудра. Потым сесці ў верталёт і з вышыні аглядаць пільным вокам краіну. Прызямліцца дзе-небудзь у глыбінцы, каб навучыць вяскоўцаў касіць і сеяць. І трэба таксама няўхільна сачыць за парадкам. Умацоўваць стабільнасць. Без ягонага дазволу тут і трава не расце і карова не доіцца. Усё сам, сваімі рукамі, асабістым прыкладам. Нібы камісар часоў грамадзянскай вайны. І нічога ў тым імклівым рытме не зменіш – такая ўжо трапілася краіна.
Аднак і гэта далёка не ўсё. Трэба ўпарта, нястомна будаваць саюзную дзяржаву з Расіяй. Не звяртаючы ўвагі на выпады ворагаў, патаемных і яўных. Інакш нельга – вышэйзгаданы сімбіёз даўно ўжо вызначаны ў якасці мэты жыцця. А тут яшчэ і партнёр па альянсу пачаў біць капытам і крыўдзіць саюзніка. А ў яго і ўласных клопатаў пад завязку. Трэба ж падуладную краіну выцягваць з бездані, на самым ускрайку якой яна нечакана завісла.
Не дзіва, што ён стаміўся. І пра тое паведаміў шчыра, сабраўшы невялікую купку людзей. Пераважна жанчын і дзяцей. Кантынгент правераны і надзейны, як меркавалі петрыкаўскія вертыкальшчыкі, адказныя за цёплую сустрэчу правадыра з народам. І напачатку ўсё ішло нібы па маслу. Шматлікія тэлекамеры здолелі перадаць узнёслы і нават крыху трывожны настрой кіраўнічага зачыну пра выбары. “Расслабляться нам ни в коем случае нельзя. Впереди у нас основная кампания. Очень тяжелая. И если в этой кампании будет участвовать действующий президент, то она будет еще тяжелей». Масоўка пагрозу ўспрыняла з абыякавасцю. Не навіна. Хто ж тут не ведае, што ў светлай будучыні чакаць палёгкі не выпадае.
І калі была вытрымана выразная паўза, грымнула сенсацыйная навіна, дзеля якой і рыхтавалася тая зусім выпадковая сустрэча. “Если честно, я уже наработался. Если найдете другого президента, страха не будет. Ведь рано или поздно его придется найти. Поэтому, если найдете, то хорошо”.
Тут бы скіраваць тэлекамеры на знямелы натоўп і паказаць ўсяму свету, як апамятаўшыся, загаласіў агаломшаны люд: “А родненькі, а на каго ж ты нас пакідаеш?” І тады пытанне аб легітымнасці новага тэрміну адпала б само сабой. Аднак высветлілася, што ў тым Петрыкаве нікуды не вартая рэжысура. Вертыкальшчыкі не здагадаліся нават падрыхтаваць выбух народнай роспачы. Масоўка тупа прамаўчала. І спектакль, з якога сам народ мог бы непрыкметна распачаць электаральную кампанію па ўтрыманні незаменнага правадыра на ягонай звыклай пасадзе, з трэскам праваліўся.
А тут яшчэ неўтаймаваныя блогеры, пакорпаўшыся ў старых прамовах, высветлілі дакладна, што гэты плач пра неадольную стому пачаўся яшчэ на восьмым годзе славутага кіравання. Амаль у адных і тых жа словах. Нібыта ўлады ён ўжо наеўся. І думкамі скіроўваецца найчасцей ў родны “Гарадзец”. Пільна сочыць за надвор’ем. І калі пачынаецца дождж, трывожыцца: а як там у аграгадку?
Пакуль доўжыцца ўсеагульнае маўчанне, ён паціху паглыбляе свой акоп. Урастае ў зямлю. І будзе гераічна стаяць на ўзятай вышыні да скону дзён. А словы – гэта словы. І нічога болей.
Чыноўніца з Цэнтрвыбаркаму паведаміла шчыра, што нядаўнія выбары былі генеральнай рэпетыцыяй прэзідэнцкай выбарчай кампаніі. А таму не цяжка ўявіць, як тая кампанія ў свой час пройдзе. І якімі будуць вынікі. Тут у іх усё цудоўна. Алгарытм знойдзены выдатны. Поспех забяспечаны.
Непрадказальным напрамкам у змаганні за ўладу застаецца толькі плошча. Ніхто не ведае, што можа там адбыцца. Не аднаго ўпартага правіцеля яна адправіла ў доўгі адпачынак. Не ў нас, вядома. Але і тут аднойчы выразна нагадала, што суб’ектам права ёсць народ. І калі ў пэўны момант тутэйшы люд пазбавіцца навязлівага страху і дзесяткамі тысячаў скіруецца на плошчу, даўняя мара стомленага начальніка пра новага прэзідэнта можа спраўдзіцца.
Не, генеральнай рэпетыцыяй рэжымнага спектаклю былі зусім не тыя выбары, што адбыліся на мінулым тыдні. Сцэнар утрымання ўлады быў апрабавана ў Мінску 26 красавіка. У дзень Чарнобыльскага шляху. І ніякая гэта не рэпетыцыя. Гэта генеральныя манеўры сілавога вырашэння ўсіх праблем. Незадаволеныя ў клетцы з металашукальнікаў і калона пад канвоем – самы надзейны варыянт чарговай элегантнай перамогі. Калі яны насамрэч наважацца рэалізаваць гэты свой сцэнар, Беларусь у хуткім часе будзе нагадваць Гаіці часоў тантон-макутаў, папы Дока і ягонага сынка.
Усе выхадкі са спецназаўскім канвоем і абрыдлая песня пра стому сведчаць толькі пра адно. У Драздах надзейна пасяліўся страх. І застанецца там да наступных выбараў. А вось тады ўсім стане зразумела, ёсць тут яшчэ народ, ці засталася толькі звычайная масоўка. Маўклівая. Баязлівая. Тупая.
І ўсё ж, і ўсё ж, і ўсё ж…