Новости БеларусиTelegram | VK | RSS-лента
Информационный портал Беларуси "МойBY" - только самые свежие и самые актуальные беларусские новости

Анджэю Вайду - 90 гадоў

06.03.2016 украина
Анджэю Вайду - 90 гадоў

Сёньня польскаму рэжысэру Анджэю Вайду спаўняецца 90 гадоў. Ніхто ў Польшчы не сумняваецца, што Вайда — найвыдатнейшы польскі кінэматаграфіст.

За мяжою думаюць пра яго, хутчэй за ўсё, падобным чынам. У 1981 годзе ён атрымаў «Залатую пальму» ў Канах за фільм «Чалавек з жалеза». За кінэматаграфічныя дасягненьні ўсяго жыцьця яго ўзнагародзілі «Залатым львом» Вэнэцыянскага кінафэстывалю (1998), «Оскарам» Амэрыканскай акадэміі кінэматаграфістаў (2000) і «Залатым мядзьведзем» Бэрлінскага кінафэстывалю (2006).

Справа, аднак, у тым, што Анджэй Вайда лічыўся найлепшым польскім рэжысэрам ужо нашмат раней, калі ні за мяжою, ні нават у Польшчы яго і ня думалі расьпешчваць прэміямі ці ордэнамі і мэдалямі.

Прыгадваецца, як у сярэдзіне 1970-х гадоў мы з калегам арганізавалі кінаклюб у нашым ліцэі ў Гайнаўцы. Раз на два тыдні мы замаўлялі з фільмовых архіваў у Беластоку стужку, якая лічылася або «клясычнай» для сусьветнага кінэматографу, або занадта «цяжкой», каб ісьці ў штодзённым, «паточным» кінапракаце. Тады якраз, у нашым кінаклюбе, я і паглядзеў большасьць фільмаў Вайды, які ўжо 40 гадоў таму меў статус клясыка польскага кінэматографу.

Вайда дэбютаваў яшчэ ў сталінскую эпоху, сацрэалістычнымі фільмовымі эцюдамі, якіх ніхто сёньня ня помніць і не прыгадвае. Але імя сабе ён зрабіў ўжо ў 1950-х гадах, трыма мастацкімі фільмамі, якія крытыкамі спалучаюцца ў своеасаблівую ваенную трылёгію: «Пакаленьне» (1955), «Канал» (1956) і «Попел і дыямант» (1958). Фільмы «Канал» (пра трагічны лёс варшаўскага паўстаньня 1944 году) і «Попел і дыямант» (аповед пра палітычныя і маральныя шляхі жаўнераў Арміі Краёвай пасьля вайны) — як польскія, так і замежныя крытыкі адназначна залічваюць да шэдэўраў польскага і сусьветнага кіно. У іх Анджэй Вайда паставіў вострыя пытаньні маральнага характару і моцна паспрачаўся з агульна прынятымі польскімі поглядамі і мітамі пра сэнс найноўшай гісторыі краіны. Адначасова гэтыя фільмы стварылі своеасаблівы «вайдаўскі міт» польскай гісторыі, у якім глыбокі рамантызм і сымбалізм змаганьня за свабоду спалучаўся зь бязьлітасным палітычным рэалізмам.

Яшчэ адным фільмам, які бязьлітасна «дэканструяваў» польскія гістарычныя міты, была карціна «Попел» (1965) — экранізацыя вядомага ў Польшчы аднайменнага раману Стэфана Жаромскага. Вайда паказаў польскіх кавалерыстаў, якія змагаліся на баку Напалеона ў Гішпаніі і на востраве Сан-Дамінга ў пачатку ХІХ стагодзьдзя, з аднаго боку як ахвяраў палітыкі францускага імпэратара, а з другога — як жорсткіх захопнікаў і акупантаў.

У 1970 годзе зьявіліся два наступныя шэдэўры Анджэя Вайды — стужкі «Краявід пасьля бітвы» (на аснове апавяданьняў Тадэвуша Бароўскага) і «Бярэзьнік» (на аснове апавяданьня Яраслава Івашкевіча). Калі б пасьля гэтых карцінаў Анджэй Вайда перастаў здымаць фільмы, ягонае месца ў гісторыі польскага кінэматографу засталося б ня менш пачэсным, чым цяпер, калі ён зьняў яшчэ два дзясяткі поўнамэтражных мастацкіх стужак. З самых істотных варта тут прыгадаць: «Вясельле» (1972), «Абяцаная зямля» (1974), «Чалавек з мармуру» (1976), «Без наркозу» (1978), «Чалавек з жалеза» (1981), «Пан Тадэвуш» (1998).

Асобным радком належала б выдзеліць карціну «Катынь» з 2007 году, якой Анджэй Вайда аддаў шанаваньне свайму бацьку, афіцэру польскай арміі, які быў узяты ў палон саветамі ў 1939 годзе і расстраляны ў Харкаве ў 1940. «Катынь» — выдатная карціна, у якой кадры расстрэлу польскіх афіцэраў энкавэдыстамі належаць да найбольш запамінальных сцэнаў з усяго сусьветнага кінэматографу.

Безумоўна, у больш чым 60-гадовай кінэматаграфічнай кар’еры Анджэя Вайды былі і творчыя пралікі, і больш ці менш няўдалыя карціны. Але самыя істотныя фільмы 90-гадовага творцы пакінулі трывалы сьлед у польскай культуры.

Польскі крытык Тадэвуш Любэльскі некалі запамінальна напісаў, што сучасныя палякі глядзяць на сваю нацыянальную гісторыю вачыма Вайды: «Ад польскага ўдзелу ў ваенных кампаніях арміі Напалеона, праз трагедыю варшаўскага паўстаньня ажно па жнівеньскі страйк рабочых судавэрфі ў 1980 годзе — усе істотныя сюжэты нацыянальнай гісторыі мінулых 200 гадоў атрымалі форму выяваў, пакліканых да жыцьця ягонымі фільмамі».

Пра колькі кінэматаграфістаў на сьвеце можна такое сказаць?

Ян Максімюк, «Радыё Свабода»

Последние новости:
Популярные:
архив новостей


Вверх ↑
Новости Беларуси
© 2009 - 2024 Мой BY — Информационный портал Беларуси
Новости и события в Беларуси и мире.
Пресс-центр [email protected]