Гуканне вясны сябрамі Беларуска-амерыканскага згуртаваньня «Пагоня» ў Нью-Ёрку ужо зрабілася традыцыйным.
Хоць сіноптыкі ў нядзелю, 6 сакавіка, пагражалі парывістым ветрам і нават снегападам, яны зноў сабраліся ля Гудзона.
Свежы ветрык і сонейка, якое не столькі грэла, колькі свяціла, надавалі імпэту. Беларусы, якія на радзіме ніколі не прымалі ўдзелу ў гэткіх святах, раптам атрымалі мажлівасць дакрануцца да ўласнае культуры тут у замежжы.
Строі, вяночкі на галоўках дзяўчат і саламяныя птушкі з вобразам зімы й холаду ў абліччы лялькі Марэны адразу стварылі адказны й урачысты настрой. Усе сталі ў кола вакол іх, пайшлі па руху сонца.
І паляцелі загукальныя беларускія песьні па навакольлю: «Вясна, хадзі ў двору, нясі ключ за сабою, зіму замыкаці, вясну адмыкаці!», — якія суправаджаліся своеасаблівым, уласцівым толькі для вяснянак прыпевам накшталт перагуквання: «Гу-гу-гу!» Пры тым усе удзельнікі ўскідвалі рукі ў гару, пасылаючы гэты гук у касмічную прастору. Таму ж і атрымала сьвята сваю назву — Гуканне вясны.
Карагоды, «крывыя танкі» й гульні з пацалункамі развесялілі ўсіх.
А браты адзінаццацігадовы Янка, дзевяцігадовы Алесік і шасцігадовы Марцінка Рыжыя, якім на баяне акампанавалі маці Алена, станчылі ажно два беларускія жартаўлівыя танцы, чым прывялі ўсіх у захапленне. Пасьля кожны, хто хацеў, напісалі па цыдулках усё нядобрае, што здаралася з імі ў мінулым годзе і, каб яно больш не паўтаралася, прымацавалі іх да строю Марэны і пад песьні хлапчукі Марцінка з Янкам укінулі разам з ёй ў раку.
Разыходзіцца не хацелася, але чакала рытуальная страва ў выглядзе гарохавага супу, грэчнявай кашы з гуляшом, грыбнога булёну, бліноў і пірагоў з макам і кампотам ці кавай. Падсілкаваўшыся, хлопцы пайшлі гуляць у футбол, а іншыя пачалі спяваць застольныя песьні. Цяпер беларусы ўпэўненыя, што адыдуць халады з вятрамі й сьнегам да заўладарыць вясна.
Валянціны Якімовіч, Беларуска-Амэрыканскае згуртаваньне "Пагоня"