Новости БеларусиTelegram | VK | RSS-лента
Информационный портал Беларуси "МойBY" - только самые свежие и самые актуальные беларусские новости

Лямпачка, ад якой цямнее ўваччу

16.03.2016 общество
Лямпачка, ад якой цямнее ўваччу

У Беларусі склалася новая форма грамадзка-палітычнага ладу – дзяржаўны бандытызм.

Што ні дзень, то новы ўказ аб забароне чаго-небудзь. «В Беларуси создана система противодействия нарушениям порядка пропуска трафика на сетях электросвязи».

Прачытаў, нічога не зразумеў, нешта пра электрычнасьць, пра лямпачку чарговага Ільліча, ад якой цямнее ўваччу…

Дакладна зразумела адно – ад пакараньня гэта не ўратуе. Здаецца, ужо нікога не ўратуе нічога…

Ці хто-небудзь памятае, калі чыноўнік у Беларусі што-небудзь дазваляў, а не забараняў? Я не прыгадваю. Затое кожны дзень прымаюцца ўсё новыя забароны, забароны, забароны.

Забароны ўводзяцца ня зь нейкім там сэнсам, а толькі для таго, каб спагнаць грошы.

Калі гэта тлумачаць дзіркамі ў казьне, дык вазьміце стотысячную армію чыноўнікаў, памножце на іхныя катэджы са «зьберажэньнямі» і атрымаеце мільярды, калі не трыльёны даляраў проста зь «нічога» плюс атмасфэру вольнага паветра ў краіне. Бо толку ад існаваньня ўсіх гэтых міністэрстваў праўды і красаты, камітэтаў кантролю і праверкі, бясконцых падразьдзяленьняў аховы і пакараньня – нуль, а шкода па выхлапах у паветра ўжо даўно перасягнула ўсе квоты Кіёцкага пратаколу. Хай бы яны газавалі і пры тым кудысьці ехалі, але ж на кожным кроку яны толькі гамуюць іншых, усіх, а значыць, усялякае жыцьцё і разьвіцьцё людзей, а зь імі і ўсёй краіны.

Пасьля таго, як у краіне перастала дзейнічаць Канстытуцыя (1996) і дзяржаўныя службоўцы (государственные служащие) сталі называцца гасударавымі людзьмі, першае, з чым яны расправіліся, – прэзумпцыя невінаватасьці. Ты, а не яны, якія да цябе прычапіліся (а значыць, ім, а не табе гэта патрэбна), павінен даказваць, што не вінаваты, што ня вёз тавар з-за мяжы, што не падманваеш, што ты не вярблюд урэшце.

Наступным быў скасаваны прынцып «закон зваротнае сілы ня мае». Плаці за ўсё, што было і год і тры і пяць таму – да таго, як зьявіўся закон. Абы плаціў.

І каб жа рабавалі цябе ў цёмным завулку ўсе гэтыя гасударавы людзі – дзеля краіны, для эканомікі, для разьвіцьця і лепшага жыцьця, дык не – яны гэта робяць выключна для ўласнага пракорму, а табе абяцаюць цяжкія дні, «пацярпець», «зацягнуць паясы».

Іншымі словамі, у Беларусі ўсталёўваецца новая форма грамадзка-палітычнага ладу – дзяржаўны бандытызм.

Мне, як патрыёту краіны, для яе не шкада нічога. Шкада ўтрымліваць сваёй працай незразумелае войска, якое дакладна ня будзе бараніць ні Беларусь ні мяне з маёй сям’ёй, тэатралаў-амонаўцаў, якія б’юць ілбамі цэглу і за гэта ў 40 гадоў выходзяць на пэнсію, стотысячны легіён чынавенства, які бервяном ляжыць на шляху Беларусі да лепшага жыцьця.

Ёсьць у фізыцы такі панятак ККД – каэфіцыент карыснага дзеяньня. Ім можна вымераць сэнс і эфэктыўнасьць працы рабочага, селяніна, настаўніка, лекара, мастака – можна па палічках раскласьці, чым карысная іхная дзейнасьць для народа і для краіны. Забарона – асноўны інструмэнт чынавенства – ККД ня мае, а значыць і ніякае карысьці народу і краіне не прыносіць. Толькі шкоду, бяду і сабатаж нацыянальных інтарэсаў.

Сяргей Дубавец, «Радыё Свабода»

Последние новости:
Популярные:
архив новостей


Вверх ↑
Новости Беларуси
© 2009 - 2024 Мой BY — Информационный портал Беларуси
Новости и события в Беларуси и мире.
Пресс-центр [email protected]