Чыноўнік ніколі не забываецца, што родная мова — заўсёды палітыка.
Беларуская мова для дзяржавы — ня сродак зносінаў, ня вольнае слова, не глыток радасьці. Зрэшты, яна, дзяржава, улада, начальства, ніколі й не акрэсьлівала — што такое для яе мова беларусаў. Задай пытаньне ў лоб зараз — не адкажа.
Бо што адказаць? Праўду? Якую праўду? Скрывадушнічаць? Навошта? Каго баяцца? Таму нічога не адкажа. Пайшлі вы! Хто вы такія?
Пачну з гарадзенскіх прыкладаў. Аляксандар Мілінкевіч выкладаў фізыку ў Купалаўскім унівэрсытэце. Яго вельмі цікавіла гісторыя, нашы карані. Але напэўна меў звычайны комплекс: па-беларуску ня мог пачаць. Аднак з часам стаў карыстацца мовай, пайшоў працаваць у гарвыканкам, адказваць за культуру, савецкія школы ператвараць у беларускія.
Гарадзкім галавой прызначылі Сямёна Домаша. Мілінкевіч аказаў уплыў, Домаш стаў карыстацца моваю. І калі пазьней узначаліў аблвыканкам. Ясна, і чыноўнікі гэта адчулі, што беларуская мова тут ня лішняя. Памятаю, статыстычныя дакумэнты друкаваліся па-беларуску тады. І слова запомнілася адтуль «цэладзённы», слоўнік па-савецку паўтараў — «кругласутачны».
Але прыйшоў Лукашэнка і Домаша замяніў. І беларускай мовы ў выканкаме ня стала. Хоць наступныя два чыноўнікі былі беларусамі. На плянёрках у другога зь іх нават апошні начальнік, што карыстаўся роднай, абавязкова пераходзіў на расейскую, адчуваў «мікраклімат». Аднойчы галава выканкамаўскі раптоўна зьнік. Ніхто не зразумеў, як і куды. Ясна было толькі, што Лукашэнка зьняў.
Новым кіраўніком вобласьці быў прызначаны Сямён Шапіра. Мінуў нейкі час, і ён пачаў весьці плянёркі нечакана на беларускай мове. І іншых заахвочваў. Навіна аказалася рыхтык рэвалюцыйнай. Што ж, рэспэкт чыноўніку. Але доўга гэта не працягнулася. А потым і Шапіру перакінулі на іншую вобласьць, каб не заседжваўся. Зрэшты, «бацька» нічога не патлумачыў. Кожны раз жыхары мусяць дадумваць самі. Ім ніколі невядома: чаму прысылаюць чыноўніка, чаму здымаюць, ім голасу ня дадзена.
Памятаю, калі загаварыў па-беларуску міністар Латушка. Я асабіста ацаніў для сябе гэта: хоць адзін мужчына знайшоўся. Сапраўды паказаў характар. Але ў некаторых падманнае ўражаньне стварылася. У мяне пыталіся: як думаеш, ці ня сьведчаньне гэта, што перастануць мову душыць? Што новая палітыка? Наіўна, канечне. А што да Латушкі, то памятаю, нават не асабліва папсавала ўражаньне тое, як ён перайшоў на па-вайсковаму сечаную расейскую: тлумачачы ў Нясьвіскім замку гаспадару краіны, як прайшла рэстаўрацыя.
Хаця такія прыклады застаюцца вельмі рэдкімі. Ну вось месяц таму міністар Макей з нагоды міжнароднага Дня роднай мовы з амбасадарамі зьнянацку вершы чытаў купалаўскія. Рэспэкт яму. Заўсёды было гідка: дыпляматы замежныя паказваюць павагу да мовы, на дыктоўку прыйдуць, паасобныя вывучваюць, інтэрвію даюць. А гэтых — «ни слуху ни духу», маўклівая пагарда.
Добры прыклад заўсёды цяжэйшы для перайманьня, чым прыклад дрэнны. Але бачым: першая ластаўка, функцыянэр КПБ дзень роднай мовы вырашыў зрабіць раз на тыдзень. Рэспэкт!
Хаця гэта мове, зразумела, не дапаможа. Мова — гэта палітыка. Пры Шушкевічу яна была прабеларускай. Але цяпер яна небеларуская. І чыноўнік гэта адчувае скурай. І яму, вядома, гэтая апошняя значна больш даспадобы. Паколькі ўлада савецкай (хоць няма СССР), то й чыноўнік у душы савецкі. Мовы яму ня трэба. Хіба што каманда паступіць. Але каманды ня будзе.
Сяргей Астраўцоў, «Радыё Свабода»