Новости БеларусиTelegram | VK | RSS-лента
Информационный портал Беларуси "МойBY" - только самые свежие и самые актуальные беларусские новости

Вайна маўклівых

07.05.2010 политика
Вайна маўклівых

Людзі стаяць на скрыжаванні. І абыякава назіраюць за тым, як гусеніцы танкаў дратуюць гарадскі асфальт.

Па вуліцах потым цяжка будзе ехаць. На рамонт спатрэбяцца мільёны. З іх падаткаў. З іх кішэні. Але ніхто не абураецца, не пратэстуе. Улада ведае, што робіць. Так трэба. Гэта ж свята “са слязамі на вачах”. Усё для фронта, усё для перамогі. Для яе нічога не шкада.

Беларусы па-ранейшаму жывуць сярод вайны. Зачапілася яна тут моцна і сыходзіць не збіраецца. А таму кожная чарговая гадавіна Перамогі выглядае крыху дзіўна. Перамога – гэта найперш доўгачаканы мір. Ва ўсякім разе, канец вайны. А тут, у нас, яна хіба скончылася?

Час ляціць імкліва. І той травеньскі дзень далёка ў мінулым. Народжаным ў сорак пятым ужо шэсцьдзесят пяць гадоў. Жыццё пражылі, як поле перайшлі. Змяніўся свет. Стаў іншым. І толькі тут – ніякіх пераменаў. Усё той жа грукат танкаў. Самалёты ў небе. І неадольнае адчуванне штодзённай прысутнасці вайны. Яе відавочная незавершанасць.

Так, перамога ёсць. Толькі ў якасці пэўнай ідэалагемы. Нейкага знаку тутэйшай адметнасці. Таго непарушнага падмурку, на якім калісьці надзейна ўсталявалася унікальная супольнасць – савецкі народ. І калі нарэшце рассыпаўся гэты дзіўны фантом, недзе на самым ускрайку ацалела, захавалася амаль некранутай, яго немалая частка. Да якой ступені па-ранейшаму савецкай застаецца Беларусь, асабліва бачна ў дні ўрачыстых святкаванняў.

Усё да драбніц – даўняе, савецкае. Начальнік на трыбуне. Крыклівыя, пустазвонныя прамовы. Нічога сапраўднага, шчырага, жывога. Неверагодны грукат бронетэхнікі. Праспект Пераможцаў. І ўсе, як адзін, - таксама пераможцы. І нават Дзень Перамогі ў нас не той, што адзначаюць людзі на розных кантынентах. Дзевятага траўня. На дзень пазней. Саюзнікі ўжо святкавалі, а савецкія людзі яшчэ ратавалі свет. І войны нібыта розныя. У іх – Другая сусветная, у нас – Вялікая Айчынная.

А што ж тады казаць пра Беларусь, якая тры гады жыла ў сапраўдным пекле. Сваёй вайной. Зусім не падобнай на тую, якая ішла тады на Усходзе. Там была лінія фронту. А за ёю – тыл. Хоць нейкая ўлада. І так ці інакш, але ж рэгламентаванае жыццё. А па гэты бок толькі адно – крывавы хаас. Той, у каго зброя, тут быў цар і валадар. Няспынныя баі. Карныя аперацыі. Блакады. І пасля таго, як фронт пайшоў на Захад, пакуты іх не скончыліся. Вясной сорак чацвертага тут шмат каму было не да сяўбы – ішлі блакады. Спаленыя вёскі. Жахлівы голад. А роднай савецкай уладзе на тое было глыбока начхаць. Усе, хто заставаўся на акупаванай тэрыторыі, у лепшым выпадку траплялі ў падазроныя. У горшым – у ворагі. З адпаведнымі наступствамі.

Пра ветэранаў кажуць, што яны прайшлі праз агонь вайны. Усё так – паклон ім і пашана. Але хіба праз той жа агонь не прайшлі старыя, жанчыны і дзеці Беларусі? Бомбы або кулі для іх былі не тыя ж, што на фронце? І перад тым, як узарвацца і забіць ці пакалечыць, снарад хіба пытаўся ў жывой мішэні, а колькі ёй гадкоў ад нараджэння?

Старыя той вайны, якім пашчасціла не загінуць, занадта хутка потым сышлі ў нябыт. Жанчыны зніклі ў калгасным моры ціха, непрыкметна, нібы снег на вадзе. І толькі дзеці, незаконныя ўдзельнікі яе, яшчэ дакучаюць ўладзе сваёй непажаданай прысутнасцю. Страчанае пакаленне. Пасляваенныя пераросткі. Недавучкі. Яны не мелі ніякіх шанцаў прабіцца, заняць прэстыжнае месца. Забяспечыць спакойную, годную старасць.

Цяпер яны стаяць перад вакенцамі аптэк і палахліва падлічваюць свае пенсійныя дзесяткі і дваццаткі, агаломшаныя цэнамі на лекі. Без якіх ім проста ўжо не выжыць. І улада на дапамогу ім не прыйдзе. У яе няма на тое сродкаў. У яе свой, дзяржаўны клопат. Вось гэты парад, шыкоўны і ўрачысты. Усё ж для яе, для перамогі. Для нашых слаўных ветэранаў.

Яно так, ды толькі не зусім. На вялікі жаль, тых ветэранаў засталося ўжо не шмат. Нават тым з іх, хто на вайну пайшоў зялёным юнаком або нават падлеткам, ужо за восемдзесят. Няўжо ў гэткім ўзросце ім хочацца найперш пабачыць парад найноўшай бронетэхнікі, устаноўкі “Град” ды розныя ракеты, якія да іх вайны не мелі дачынення. І наўрад ці хто ў сваіх бліжэйшых родзічаў-ветэранаў заўважыў калі-небудзь гэткую зацятую ваяўнічасць. Дык ці не лепш было б наладзіць у памятныя даты іншыя ўрачыстасці. Не дзеля таго, хто ў гэты дзень у расшытым золатам мундзіры і пагонах неіснуючага звання выходзіць на трыбуну. А менавіта дзеля саміх тых ветэранаў.

Не кідаць бы мільёны пад гусеніцы танкаў. А сабраць старых салдат усіх разам. Сустрэць іх з ротай ганаровай варты. Выказаць пашану. Накрыць сталы. Даць магчымасць ім паразмаўляць паміж сабой. На машынах начальства развезці па хатах. Пацікавіцца, як яны жывуць. Выслухаць уважліва просьбы і скаргі. І ўсім дапамагчы. І не выкрэсліваць іх з памяці да наступных святаў.

А найперш – не аддзяляць іх параднаю калонай бронетэхнікі ад усяго народа. Вайна сапраўды была доўгая і цяжкая. Адна на ўсіх.

І яе калісьці трэба скончыць.

Последние новости:
Популярные:
архив новостей


Вверх ↑
Новости Беларуси
© 2009 - 2024 Мой BY — Информационный портал Беларуси
Новости и события в Беларуси и мире.
Пресс-центр [email protected]