Мы прызвычаіліся, что Гілевіч трымаецца, не кідае літаратурную справу, што яшчэ не ўсе ён сказаў, не ўсё напісаў.
Ніл Сымонавіч апошнія гады хварэў, гэта ўсе ведалі, не напружвалі народнага паэта. Ды й узрост, зразумела. Не маладзён ужо. Але ўсё роўна радок з фэйсбука “памер Ніл Гілевіч” быў нечаканасцю, рэзанул вочы, скаланул сэрца. Бо нечакалі. Прызвычаіліся, что Гілевіч трымаецца, не кідае літаратурную справу, не кідае наагул гэты свет, што яму яшчэ цікава тут, з намі, яшчэ не ўсе ён сказаў, не ўсё напісаў, пачуў яшчэ не ўсё.
Дзякую лёсу, што добра ведала Ніла Сымонавіча асабіста, лічу яго сваім настаўнікам. Неаднаразова нашыя гутаркі выходзілі за рамкі інтэрв’ю. Шкада, што не паспелі зрабіць усе здымкі з паэтам да ягона 85-годдзя, адзначыць разам з ім гэты рубеж. Але што тут ужо зробішь…Лёс такі. А можа і не. Можа гэта божая ласка дала нам гэтага чалавека, каб пражыў ён плённа і пакінуў нам сябе ў спадчыну.
Гэтае інтерв’ю ад 2003 года, якое друкавалася у газеце “Экспресс-новости”, адшукаць у сваім электронным архіве было няцажка — яно не хавалася сярод тысяч файлаў, як і Ніл Сымонавіч не хаваўся ад пытанняў. Не ўсё казаў, але ад праўды не хаваўся.
Ён заўсёды верны сабе — нават размаўляючы прозай, застаецца паэтам. Менавіта гэтым радком сканчвалася ўступная частка да таго інтерв’ю.
***
— Акрамя літаратурнай працы, вы каля 30 гадоў выкладалі ў БДУ. Потым шмат год аддалі чыноўніцкай працы — 9 гадоў былі першым сакратаром Саюза пісьменнікаў Беларусі, а потым ўзначальвалі пастаянную камісію Вярхоўнага Савета Беларусі па адукацыі, культуры і захаванню гістарычнай спадчыны. Вы неяк сказалі, што “ва ўсім свеце паэты ніколі з паэзіі хлеб не елі”. Ваша выкладчыцкая і чыноўніцкая праца была толькі дзеля хлеба ці найперш як дадатак да літаратуры?
— Шчыра кажучы, яшчэ ў маладосці, стаўшы ў 23 гады сябрам Саюза пісьменнікаў, я марыў жыць вольным мастаком — займацца толькі літаратурнай працай. Так, адно з паэзіі хлеба не наясіся, але я верыў у свае творчыя магчымасці і ў іншых жанрах (крытыка, публіцыстыка, мастацкі пераклад, проза) і на хлеб штодзённы прафесійнай літаратурнай працай зарабіў бы.
Але цікавасць да гісторыі літаратуры і прыродная даследчыцкая жылка зрабілі сваё — звабілі мяне ў навуку, і я пайшоў у аспірантуру, абараніў дысертацыю і стаў выкладчыкам БДУ. І мне пашанцавала: прапанавалі чытаць курс лекцый па вуснапаэтычнай народнай творчасці. А гэта — бяздонныя і невычэрпныя крыніцы паэзіі і мовы, купацца ў якіх для душы паэта — не проста задавальненне, а вяршыня насалоды. Ды і штодзённае кантактаванне са студэнцкай моладдзю давала творчага натхнення. І, канешне, разуменне, што ты маеш сталы заробак, што не трэба ў рэдакцыях камечыць шапку і прасіць: “Можа б, у наступны нумар маё паставілі, а то грошай на хлеб няма...”
Нешта іншае — чыноўніцкая служба, і ў Саюзе пісьменнікаў, і ў Вярхоўным Савеце. З паэзіяй на гэтых службах агульнага было мала, тут, я думаю, і тлумачэнні не патрэбны. На працу ў СП, на пасаду першага сакратара праўлення, мяне, груба кажучы, загнаў Машэраў — з павагі да яго адбіцца я не змог і згадзіўся. Пры гэтым, калі гаварыць пра хлеб, мяне ашукалі: паабяцалі зарплату прыраўняць да маёй прафесарскай у БДУ і не прыраўнялі. У выніку — за 9 гадоў працы ў СП я страціў у зарплаце на дзве “Волгі”. Не надта з-за гэтага перажываў, бо, як вядома, “шчасце не ў грашах”. Магу падцвердзіць гэта і тым, што за савецкім часам (да 1991 года) я выдаў 12 кніг безганарарна — за так, каб толькі яны выйшлі і паслужылі чытачам.
У СП маёй галоўнай мэтай было — раскатурхаць пісьменніцкую грамаду дзеля актыўнай чыннасці пад сцягам нацыянальна-культурнага адраджэння Беларусі. Дзеля гэтага і ў Вярхоўным Савеце даў згоду ўзначаліць пастаянную камісію па адукацыі, культуры і захаванні гістарычнай спадчыны. Здаецца, сёе-тое добрае для Бацькаўшчыны ўдалося там за пяць гадоў зрабіць. На літаратурную працу часу амаль не заставалася. Апраўданнем і суцяшэннем была мая вера, што ў сапраўды свабоднай і назалежнай Беларусі наступіць небывалы росквіт культуры, навукі, мастацтва, само сабой — дабрабыту, а дзеля гэтага не шкада ахвяраваць сваімі творчымі радасцямі. Муза — мудрая, зразумее і не пакрыўдзіцца.
— Разам з гэтым вы бралі і актыўны ўдзел у грамадскім жыцці. У прыватнасці, удзельнічалі ў руху “За новую Беларусь”. Ці не расчараваліся вы ў розных рухах, аб'яднаннях, якія дэкларуюць самыя добрыя мэты, але чамусьці не здольныя ні на крок да іх наблізіцца?
— Характар такі дастаўся — без удзелу ў грамадскіх справах і клопатах свайго жыцця я ўявіць не мог. Многія кажуць: літаратурная творчасць — гэта і ёсць грамадская дзейнасць пісьменніка. Бясспрэчна. Але, па-першае, якая творчасць? Калі ў рэчышчы вялікіх гуманістычных і дэмакратычных традыцый — то гэта так. А калі гэта мышынае шамаценне пад венікам ці казытанне пятак “творчасцю”, каб зрабіць чытачу прыемненька, — якая ж гэта грамадская дзейнасць? Па-другое, і для пісьменнікаў з выразна грамадскім творчым абліччам удзел у прагрэсіўных рухах — рэч натуральная. Гэта падцвярджаюць сваімі лёсамі самыя вялікія: Байран, Гюго, Міцкевіч, Петэфі, Шаўчэнка, Боцеў, Купала, Лорка, Хікмет, Неруда, Твардоўскі...
Лёс распарадзіўся так, што мне выпала быць ініцыятарам стварэння і першым старшынёй Таварыства беларускай мовы; быў сябрам аргкамітэта БНФ; быў у ліку заснавальнікаў руху “За новую Беларусь”; уваходжу ў раду МГА “Бацькаўшчына”, у раду ТБМ, у раду СП. На жаль, стан здароўя вельмі абмежаваў мае ў гэтых адносінах магчымасці.
Што датычыць “расчараванняў” — мяне вельмі засмучае адно: раскол надвае і без таго нешматлікіх прагрэсіўных партый, аб’яднанняў, рухаў, нестыкоўка і няўзгодненасць у дзеяннях. Проста пракляцце нейкае! Кожны з лідэраў нібыта горача любіць Беларусь, а падобна на тое, што яшчэ гарачэй любіць сябе і лейцы ў сваіх руках. Абсалютна ніякай розніцы ў праграмах, а партыі — дзве! Чаму? І ў імя чаго? Я гэта разумець адмаўляюся. Можа быць, сваю чорную справу робяць Азефы? Дык павінна быць мудрасць, каб не ісці за імі. Чаму няма разумення самага галоўнага: толькі аб’яднанымі сіламі можна зрушыць справу з месца — справу збудавання дзяржаўна-палітычнага ладу, у якім будзе панаваць Закон і будуць паважацца правы Чалавека.
— Творцу заўсёды важна быць пачутым. Не так даўно ў серыі “Народная кніга” выйшаў том вашых выбраных твораў. Але зразумела, што ў параўнанні з савецкім перыядам нашай гісторыі, калі кнігі членаў Саюза пісьменнікаў выдавалі без усялякіх абмежаванняў, цяпер беларускамоўных аўтараў друкуюць вельмі мала. За савецкім часам існавала бюро прапаганды літаратуры. Мне тут папаўся ў рукі тэлефонны даведнік Саюза пісьменнікаў Беларусі за 1991 год, і там я знайшла такую пасаду — упаўнаважаны па арганізацыі выступленняў па рэспубліцы. Зразумела, што даўно такой пасады няма, як няма ў большасці нашых пісьменнікаў літаратурных агентаў. Атрымліваецца, што пасля напісання твора трэба яшчэ думаць, якія зрабіць захады, каб ён стаў вядомы чытачам. Як вы вырашаеце гэту праблему?
— Творцу, канешне, важна, каб яго пачулі, каб яго твор “пайшоў у людзі” і нешта добрае чытачу (слухачу, гледачу) сказаў. У гэтым назначэнне мастацтва — шчырай мовай дабрыні і светлыні гаварыць з людзьмі, памагаць чалавеку пачуцца асобай, у ідэале — стаць Чалавекам з вялікай літары. Мастак (паэт, кампазітар, жывапісец і г.д.) творыць таму, што без гэтай спецыфічнай, Богам суджанай працы, жыць не можа. І ў самых неспрыяльных, нелюдскіх умовах ён творыць. У казематах паэты запісвалі радкі на мураванай сцяне. Вязень ГУЛАГу Браніслаў Тарашкевіч пераклад з польскай “Пана Тадэвуша” рабіў у памяці — без паперы і алоўка. Мастак не можа не тварыць! Вельмі кепска, калі плён яго працы не запатрабаваны — не заўважаецца, не ацэньваецца, як бы й не патрэбны грамадству.
Што датычыць беларускай літаратуры, то яе выхад у людзі за савецкім часам не быў такі лёгкі і бесперашкодны, як можа сёння здавацца. Цэнзура ўсё ж была і сачыла пільна. Невыпадкова сваю паэму “Сказ пра Лысую гару” я быў вымушаны пусціць да чытачоў пад псеўданімам і падпольна, у рукапісу. А колькі абразання-выстрыгання зазналі ў выдавецтвах, у рэдакцыях часопісаў творы Быкава, Караткевіча, Панчанкі!..
Без усякіх перашкод выдавалася літаратура сервільная, што цалкам была на паслугах афіцыяльнай ідэалогіі. Да сервільнасці імкнуліся прывучыць літаратуру агулам, але ўся яна ніколі такой не была, бо і не магла быць — сумленнае, шчырае, чалавечнае слова гучала шырока і, падкрэслю, высока, чужаючыся пошласці, цынізму і ўсякай іншай брыдоты, якой занадта шмат пачало выдавацца пасля 1991-га. Таленавітыя пісьменнікі пісалі з павагай да асобы чалавека, да здаровай народнай маралі і густу — гэта галоўнае.
Цэнзура не давала на ўвесь голас гаварыць праўду, ад чаго літаратура, канешне ж, несла страты. Ну, а цяпер, калі цэнзуры нібыта няма? Што адбываецца цяпер? Чаму ўлады не дазволілі Сяргею Законнікаву выдаваць новы літаратурна-мастацкі часопіс? Чаго, не пабачыўшы ніводнага нумара, спалохаліся? Ужо загадзя пісьменнікам і іх творчасці вынесены прысуд. Гэта нешта звышвыродлівае і ганебнае. У нармальным грамадстве так быць не павінна. У пісьменніка павінен быць выбар месца друкавання сваіх твораў, так заўсёды было і ёсць у цывілізаваных дэмакратычных краінах.
Беларускаму пісьменніку-прафесіяналу сёння выдаць сваю новую кнігу неймаверна цяжка. Вытворчыя магчымасці дзяржаўнага выдавецтва “Мастацкая літаратура” скараціліся ў пяць, калі не больш, разоў — у дзяржавы няма грошай. Выдавецтва дзіцячай літаратуры “Юнацтва” ліквідавана зусім — за вялікіх бацькоўскіх клопатаў пра беларускіх дзяцей і падлеткаў. Недзяржаўныя выдавецтвы, за выняткам двух-трох, на беларускую літаратуру глядзяць коса. Малыя наклады, не дае прыбытку! Натуральна, у асяроддзі пісьменнікаў шырэе сацыяльная апатыя. Амаль усе яны перабіваюцца з хлеба на квас, фундатараў шукаць не умеюць. Дый хто, які фундатар дасць грошы на беларускую кнігу, г.зн. на падтрымку “нацыяналізму”, калі задача ў дзяржаве пастаўлена зусім іншая — беларускую мову “ліквідаваць як клас”, як некалі кулакоў.
З гэтымі цяжкасцямі сутыкаюся і я. У канцы мінулага году новую кнігу паэзіі “Паланэз” Агінскага” выдаў за свой кошт. Выйшла яна накладам 100 паасобнікаў — на большае пенсійных грошай не хапіла. Ніводзін паасобнік у продаж не паступіў. Значыць, кніга нібыта і выйшла, але нібыта і не, бо чытачы яе не бачылі. А можа, яна б ім і прыдалася, і нешта добрае б сказала? Цяпер думаю, як выдаць зборнічак лірычных мініяцюр — пяцірадковых вершаў. Колькі гадоў ляжыць рукапіс новай кнігі публіцыстыкі...
Вось такая рэальнасць. Рэальнасць, у якой здаровы сэнс усё больш і больш становіцца хімерай. Як і сумленне. Як і пачуцце сораму. Затое на ўсіх парусах ідуць навыперадкі прафанацыя, пошласць, дурнота. Але ўпадаць у роспач не трэба. Час высокай паэзіі, праўдзівай, чалавечнай літаратуры — наперадзе. І ён прыйдзе. Абавязкова.
— Ніл Сымонавіч, як паэт, публіцыст, грамадскі дзеяч вы добра вядомы, але чытачам цікава і прыватнае жыцце вядомых асоб. Хоць мне і боязна задаваць гэта пытанне, але паспрабую. На жаль, не так даўно пайшла з жыцця ваша жонка Ніна Іванаўна. Я вельмі шчыра смуткую, бо добра памятаю яе як выкладчыка БДУ. На мой погляд, яна выдатна ведала свой прадмет, і галоўнае, была неабыякавай да ўсяго, што адбываецца ў жыцці. Калі-нікалі трошкі сварылася на нас за невуцтва, але пры гэтым усё роўна адчувалася яе дабрыня, жаноцкасць. Ёсць такія жанчыны, пра якіх адзінае, што можна сказать, дык толькі тое, чые яны жонкі. А пра Ніну Іванаўну ўсе ведалі, што яна жонка “самога Гілевіча”, але ўспрымалі найперш як самастойную асобу. У згодзе і каханні разам вы пражылі шмат год. Цяпер, калі інстытут сям'і ўсё хутчэй страчвае сваю значнасць, скажыце: у чым сакрэт сямейнага шчасця?
— Ведаю, што многія чытачы цікавяцца, нават вельмі, прыватным жыццем пісьменнікаў, кампазітараў, артыстаў... Разумею іх, не асуджаю, але — мушу расчараваць: пра хатні побыт, пра сямейныя ўзаемаадносіны гаварыць не люблю і ніколі на падобныя “правакацыі” не паддаваўся. Увогуле, я чалавек досыць-такі замкнуты, сваё асабістае заўсёды трымаю ў сабе: і тое, што для мяне ёсць святым, дарагім, запаветным, і тое, за што мне балюча, сорамна, горка. Мучаюся гэтым сам-насам, хоць ведаю: таму, хто здольны адкрывацца, лягчэй.
Натуральна, многае асабістае, інтымнае, сямейнае стала зместам маіх лірычных вершаў, а ў нейкай меры і паэм. Думаю, што гэтага і дастаткова. Гэта і павінна задаволіць чытача, бо самае істотнае, самае “цікавае” са свайго асабістага я зрабіў паэзіяй, выказаў моваю боскай, навошта ж яго пераказваць мовай будзённай, прыземленай? Дарэчы, за апошнія 12-13 гадоў мне даводзілася чытаць такія расповяды некаторых пісьменнікаў пра сваё асабістае, інтымнае, сямейнае, што было і агідна, і сумна, і сорамна: трэба ж, такое брыдоцце — у нашай адвеку чыстай, адвеку духатворнай літаратуры!
Пра Ніну Іванаўну хацеў бы сказаць шмат, можа, дасць Бог, калі-небудзь і скажу, але пакуль што — не гатовы, занадта баліць і крываточыць, яе адыход з жыцця ўспрыняў як катастрофу ў маім чалавечым і пісьменніцкім лёсе і з гэтым пачуццём жыву. Хутчэй не жыву, а існую. Каб было зразумела, кім Ніна Іванаўна была для мяне, скажу зусім коратка: калі б не яна, я не зрабіў бы і палавіны таго, што паспеў зрабіць і ў літаратуры, і ў навуцы, і ў грамадскай чыннасці. Толькі дзякуючы яе надзвычайнай самаахвярнасці я змог напісаць дзесяткі тамоў кніг і зрабіць многія іншыя добрыя справы.
Яна ўсё ўзяла на сябе, цалкам вызваліўшы мяне ад гаспадарча-бытавых клопатаў. А між тым, і вы гэта справядліва зазначылі, яна была асобай самастойнай, была таленавітым мовазнаўцам і педагогам, чалавекам жывога аналітычнага розуму і вялікай жыццёвай мудрасці, рэдкаснай душэўнай шчодрасці і маральнай чыстаплотнасці. У яе былі тры святыні — Беларусь, родная мова і сям’я. Усё гэта для яе ядналася ў адзін неабсяжны, асвечаны Богам Культ, які яна вызнавала, якому пакланялася, які ўсё жыццё шанавала і бараніла...
А сакрэту сямейнага шчасця я не ведаю. Я ведаю, што такое гора, і якое яно страшнае, калі сонца, што свяціла ў доме, раптам гасне і абрываецца ў чорную бездань.
Аксана Яноўская, «Белорусские новости»