Новости БеларусиTelegram | VK | RSS-лента
Информационный портал Беларуси "МойBY" - только самые свежие и самые актуальные беларусские новости

Валянцін Голубеў: Ніл Гілевіч хацеў, каб яго запомнілі поўным сіл

30.03.2016 политика
Валянцін Голубеў: Ніл Гілевіч хацеў, каб яго запомнілі поўным сіл

У Менску на 85-ым годзе жыцьця памёр народны паэт Беларусі Ніл Гілевіч, адзін зь ініцыятараў прыняцьця Закону аб мовах.

- Вестка пра сьмерць Ніла Сымонавіча мяне вельмі ўзрушыла, — сказаў «Радыё Свабода» былы дэпутат Вярхоўнага Савету, прафэсар Валянцін Голубеў. — Адразу згадваю гэтую вялікую фігуру — ён вялікім быў і зьнешне, як мужчына, быў вялікі як чалавек і вялікі адметны беларус.

Ведаеце, я быў яшчэ зусім малады, калі разам зь ім стаў дэпутатам Вярхоўнага савету Беларусі 12-га скліканьня. А Гілевіч тады ж быў асобай ужо вельмі вядомай на ўсю краіну. Напачатку мы яшчэ шмат ў чым зь ім спрачаліся, бо ён жа спачатку стаяў на пазыцыях, будзем гаварыць гэтак, савецкіх, камуністычных. А Беларускі народны фронт, які я тады прадстаўляў, быў даволі радыкальнай арганізацыяй, якая выступала за поўную незалежнасьць Беларусі.

І Ніл Сымонавіч на першых парах гэтага не зусім падзяляў: як гэта Беларусь можа быць цалкам незалежнай? Але ён быў беларусам, быў за беларускую мову, вельмі шмат зрабіў дзеля беларускай справы і таму ня дзіва, што як працаваў наш Вярхоўны савет, як расьлі мы, гэтак жа рос і мяняўся Ніл Сымонавіч. І бліжэй да заканчэньня нашага дэпутацтва, пасьля прыняцьця Дэклярацыі аб дзяржаўным сувэрэнітэце, а потым пасьля 1994 году і наступных падзей, якія Гілевіч расцаніў як адыход ад беларускасьці і прынцыпаў незалежнасьці, ён стаў такім беларускім дзяржаўнікам, такім незалежнікам! І ўжо усё астатняе жыцьцё, да сёньняшняга апошняга ягонага дня ён правёў у змаганьні за Беларусь і яе незалежнасьць. 

У парлямэнце ён быў старшынёй камісіі на культуры, і вельмі шмат зрабіў на гэтай пасадзе, каб быў прыняты Закон аб культуры, ды ўсё беларускае заўсёды падтрымліваў. А калі паўстала пагроза беларускасьці, ён адкрыта стаў на пазыцыі ня проста не прыняцьця гэтага, а актыўнага змаганьня. 



Апошнія гады ён ужо амаль не выходзіў на вуліцу, я неяк зь ім гаварыў па тэлефоне, калі журналісты прапанавалі мне ўзяць у яго інтэрвію, і я яму гэта прапанаваў, ён сказаў мне: «Валянцін, я не хачу, каб мяне бачылі старым і хворым, хачу, каб мяне запомнілі такім, якім я быў — поўным сілаў, калі я змагаўся за нашу беларускую справу». Вось гэта вельмі важна пра яго — што ён той чалавек, які змог сябе пераасэнсаваць, змог убачыць, што лепш для Беларусі і стаць самому іншым. І гэта для мяне такі прыклад, што як людзі, грамадзяне мяняюцца да лепшага, гэтак і дзяржава можа зьмяніцца. І таму магу сказаць, што ганаруся, што яго ведаў і заўсёды буду, покуль жывы, расказваць, які гэта быў чалавек, змагар, паэт, мысьляр.

Разьвітваючыся з такімі людзьмі кажаш, што ўсё роўна жыве Беларусь. Бо ён, Ніл Гілевіч, пражыў жыцьцё для Беларусі.

Последние новости:
Популярные:
архив новостей


Вверх ↑
Новости Беларуси
© 2009 - 2024 Мой BY — Информационный портал Беларуси
Новости и события в Беларуси и мире.
Пресс-центр [email protected]