У 2015-м прозьвішчы сваіх гульцоў па-беларуску пазначалі тры каманды, а ў 2014-м такіх не было.
1 красавіка матчам паміж дэбютантам і старажылам вышэйшай лігі — камандай «Іслач» зь Менскага раёну і наваполацкім «Нафтанам» — стартуе 26-ты чэмпіянат Беларусі па футболе.
Нацыянальнае першынства пасьля некалькіх гадоў экспэрымэнтаў вярнулася да клясычнай формулы: 16 клюбаў двойчы згуляюць паміж сабой, гэта значыць, агулам пройдзе 30 тураў. Завершацца спаборніцтвы 27 лістапада.
Сёлета ўпершыню значная колькасьць камандаў пяройдзе на беларускую мову ў напісаньні на футболках і ў пратаколах прозьвішчаў гульцоў — агулам шэсьць каманд, перадае «Радыё Свабода».
Прыклад беларусізацыі дэманструюць два дэбютанты элітнага дывізіёну — клюбы «Крумкачы» і «Гарадзея», а таксама «Дынама» (Менск), «Дынама» (Берасьце), «Тарпэда-БелАЗ» (Жодзіна), «Нёман» (Горадня) (запасны камплект формы). Астатнія 10 камандаў выбралі расейскамоўныя варыянты напісаньня.
Летась прозьвішчы сваіх гульцоў па-беларуску пазначалі тры каманды, а ў 2014-м такіх не было.