Новости БеларусиTelegram | VK | RSS-лента
Информационный портал Беларуси "МойBY" - только самые свежие и самые актуальные беларусские новости

Іспанец, якi вывучае Палессе: У вас тут ёсць такая экзотыка, якой няма больш нідзе

01.04.2016 общество
Іспанец, якi вывучае Палессе: У вас тут ёсць такая экзотыка, якой няма больш нідзе

Крысціян Ронсэро вывучае і даследуе мясцовыя дыялекты Палесся.

Крысціян Ронсэро родам з горада Більбао, Краіна Баскаў, Іспанія. Яму 26 гадоў. Маладога чалавека з тыповай паўднёвай знешнасцю гэтай вясной можна сустрэць у вёсках Лунінецкага і Пінскага раёнаў. Ён шукае людзей, што размаўляюць на мясцовых дыялектах. Бо вывучае і даследуе менавіта мову народа. Крысціян даў эксклюзіўнае інтэрв’ю для inform-progulka.by.

- Я з Більбао. А зараз займаюся ва ўніверсітэце Сурэя. Гэта горад Гільфард, Вялікая Брытанія.

- Па якой спецыяльнасці вы вучыліся?

- Спачатку вучыўся на перакладчыка. Мой профіль французска-рускі. У магістратуры вывучаў прыкладное мовазнаўства.

- І з якой нагоды вы апынуліся на Палессі?

- Спачатку атрымаў стыпендыю, каб вучыцца ў Англіі. Мая паездка ў Беларусь звязана з тым, што мне трэба сабраць матэрыялы для навуковай працы на тэму “Марфалогія і фаналогія заходнепалескіх гаворак”.

- Як цікава. А чаму менавіта такі выбар?

- Я абраў такую тэму таму, што падобных тэм было няшмат, мне гэта цікава, і не будзе нічога падобнага ў іншых. Тым больш, што напісанне такой працы дало магчымасць зноў пабываць у Беларусі.

- О, дык вы былі і раней у нашай краіне?

- Так, яшчэ ў 2009 годзе быў на летніх курсах у Мінскім лінгвістычным універсітэце, вывучаў там расійскую мову. Пазней яшчэ прыязджаў сюды з сябрамі. Потым вучыўся ў Польшчы, гэта ж зусім побач. Але затым усур’ёз зацікавіўся беларускай мовай. І калі ў 2012 годзе скончыў вучобу па сваёй спецыяльнасці, то паспрабаваў вывучаць беларускую мову ў Брэсце. Гэта было ва ўніверсітэце імя Пушкіна. А ў 2013 годзе яшчэ і стыпендыю атрымаў, каб зноў пабываць у Беларусі і вывучаць мову гэтай краіны.

- І як вам Беларусь?

- Я сумаваў па гэтай краіне, па Берасцейшчыне. Мабыць, і за гэтую тэму ўхапіўся з задавальненнем, каб папрацаваць на Палессі.

- Крысціян, раскажыце, а як звычайна праходзяць вашы сустрэчы з мясцовымі жыхарамі?

- Гэта вельмі цікавыя моманты. Калі, напрыклад, я прыходжу ў дом да нейкай бабулі, то яна спачатку саромеецца, але потым кантакт наладжваецца. Старыя людзі дзеляцца ўспамінамі, а потым нават песні спяваюць. Мне вельмі прыемна з імі размаўляць, я запісваю на дыктафон, здымаю відэа, раблю фота. Гэта вельмі добры матэрыял, з якім я буду шмат працаваць.

- А чаму менавіта бабулькі, людзі сталага веку?

- Таму што яны носьбіты і захавальнікі той мовы, якая мяне цікавіць. Маладзейшыя размаўляюць па-руску альбо на трасянцы. Мне гэта не патрэбна.

- Крысціян, нешта вас неяк асабліва ўразіла ці зацікавіла ў нашых краях?

- Я разумею, што я проста раблю сваю працу. Але ж стараюся зрабіць яе як мага цікавейшай. На Палессі шмат таленавітых людзей. З імі цікава. Ёсць і сапраўдная экзотыка. Нешта такое, што больш не стрэнеш нідзе. І мне хочацца пра гэта пісаць, каб людзі ведалі пра гэта і цікавіліся Палессем, як цікаўлюся я.

- Што больш за ўсё вас уразіла з убачанага і пачутага?

- Напэўна ж, людзі. Трапляюцца не надта кантактныя, але гэта хутчэй за ўсё выключэнне, чым правіла. Спачатку людзі глядзяць на цябе з недаверам. Затое потым гатовы размаўляць з табою на любыя тэмы, нават аб нечым вельмі асабістым. І гэта прыемна, калі чалавек табе давярае і адчыняе сваю душу перад тым, каго бачыць упершыню ў жыцці. Скажу, што палешукі нават больш адкрытыя, чым жыхары краін заходняй Еўропы.

- Дзе вы ўжо пабывалі і дзе яшчэ мяркуеце пабываць?

- Наведаў некалькі вёсак у Лунінецкім, Пінскім і Жабінкаўскім раёнах. У мяне яшчэ шмат часу. Я прабуду тут да ліпеня.Магу быць дзе заўгодна і працаваць там, дзе для мяне ёсць нешта цікавае, калі змагу аргументаваць сваё рашэнне перад маімі кіраўнікамі. Бо менавіта з імі ўсё ж удакладняю маю свабоду выбару.

- Крысціян, вы гаварылі ўжо, у якіх краінах праходзілі навучанне. А дзе яшчэ вам давялося пабываць?

- Вучыўся ў Беларусі, Польшчы, Расіі, Францыі, зараз вось вучуся ў Англіі. Калі казаць пра нейкія падарожжы ці вандроўкі, то давялося шмат дзе быць. Для еўрапейца з гэтым няма ніякіх праблем. Усе гэтыя паездкі навучылі мяне быць камунікабельным і адкрытым. Яны далі мне агромністы досвед у стасунках з людзьмі.

- Крысціян, да вас як да чалавека, што вывучаў рускую і беларускую мову, я маю наступнае пытанне. Нам заўсёды казалі, што руская і беларуская мовы вельмі падобныя, розніца паміж імі зусім невялікая. Так меркавалі мае расійскія сябры. Але ж калі я падарыў ім сваю кніжку, напісаную па-беларуску, то яны сказалі, што амаль нічога не разумеюць. Што вы думаеце на гэты конт?

- Як славянскія мовы, яны вельмі падобныя, але ж паміж імі існуе і агромністая розніца. Наогул, кожная мова - гэта цэлы сусвет. Як пра адметнасці, так і пра падабенства можна размаўляць бясконца.

- Крысціян, а ці карэктна будзе параўнаць беларусаў і баскаў?

- Беларусы, як і любыя іншыя людзі ў свеце, розныя. Напрыклад, зараз я жыву ў Англіі. З ангельцамі можна размаўляць аб нечым, што на паверхні, бо ўглыб, у душу ніхто не пусціць. Беларусы, як і баскі, больш адкрытыя і вельмі шчырыя. Напрыклад, тут, на Палессі, я іду да людзей проста пагаварыць, зрабіць сваю працу, але людзі пытаюцца, ці не галодны я, прапануюць ежу, нечым частуюць.

- Як вы ставіцеся да таго, што не так шмат беларусаў размаўляюць на роднай мове?

- Шкада, калі людзі не цэняць таго, што ў іх ёсць. На маёй радзіме сітуацыя падобная. Але я веру ў лепшае. Беларусам варта лепш ставіцца да роднай мовы, шанаваць яе, вывучаць і, галоўнае, ужываць у паўсядзённым жыцці. І ніякім чынам не саромецца сваёй мовы, наадварот - ганарыцца ёю. Падмена роднай мовы трасянкай, якую ўжываюць беларусы, - не выйсце. Ад гэтага трэба пазбаўляцца і ўжываць сапраўдную мову.

- Крысціян, напэўна ж, вы ведаеце, што ў нашай краіне дзве дзяржаўныя мовы. Гэта добра ці дрэнна?

- Чым больш розных моў ведае чалавек, тым лепш. Сітуацыя з дзвюхмоў’ем у Беларусі па-свойму спецыфічная, і я не магу даць нейкі канкрэтны адказ на гэтае пытанне.

Последние новости:
Популярные:
архив новостей


Вверх ↑
Новости Беларуси
© 2009 - 2024 Мой BY — Информационный портал Беларуси
Новости и события в Беларуси и мире.
Пресс-центр [email protected]