Беларускі гурт «Дзецюкі» прадставіць у польскай сталіцы вечарам 3-га красавіка свой новы альбом «Рэха».
Канцэрт «Дзецюкоў» пачнецца ў нядзелю, 3-га красавіка, а 19:30 у варшаўскім клубе «Hydrozagadka» па адрасе вул. 11 лістапада, 22.
«Асноўная тэма нашых песень – гісторыя Беларусі, – адзначаюць «Дзецюкі». – Гэтая гісторыя, якую замоўчваюць цяперашнія ўлады: антырасейскія паўстанні, антыбальшавіцкія бунты, сталінскія рэпрэсіі і гэтак далей. Астатнія песні – гэта панкаўскі кайф, забава і пʼянства. Мы не граем ірландскага панку, але гэты стыль вельмі паўплываў на нас, прычым не толькі ў музыцы. Ірландцаў і беларусаў абʼядноўвае любоў да бульбы, алкаголю і нянавісць да імперыялізму, які ўвесь час хоча падпарадкаваць нашыя спакойныя і працавітыя народы».
«Дзецюкі» заўсёды акцэнтуюць сваю апалітычнасць, але падкрэсліваюць, што выступаюць супраць таталітарызму як левага, гэтак і правага кірунку. «Фашыстаў альбо камуністаў не запрашаем на свае канцэрты», – кажуць прадстаўнікі гурта.
«Дзецюкоў» падтрымае на канцэрце польскі гурт «No Logo» з мястэчка Сэйны, размешчанага на польска-літоўскім памежжы.
Раней «Белсат» зняў некалькі кліпаў на песні гурта «Дзецюкі».