З друку выйшла кніга Алесі Літвіноўскай і Глеба Лабадзенкі «Мова Нанова: 20 крокаў да беларускай мовы».
Пад цьвёрдай вокладкай — 168 старонак тэксту і 32 старонак фатаздымкаў, зробленых падчас курсаў «Мова Нанова». Гэта два дзясяткі ўрокаў на розныя тэмы, слоўнікі, граматыка, цікавінкі, заданьні для самакантролю.
Мастацкае аздабленьне зрабіў Раман Шык.
Ініцыятар і вядоўца курсаў Глеб Лабадзенка расказаў «Радыё Свабода», што разам з Алесяй Літвіноўскай працаваў над кнігай больш за год, каб адаптаваць матэрыялы курсаў для кніжнай формы:
«Паводле правілаў гэтую кнігу нельга называць падручнікам альбо дапаможнікам. Тым ня менш яна створаная з матэрыялаў, на аснове якіх працуюць курсы «Мова Нанова». Гэта нашы з Алесяй Літвіноўскай аўтарскія матэрыялы. З аднаго боку, яны выкладзеныя ў адкрыты доступ на нашым сайце — сярод яшчэ больш як 100 бясплатных заняткаў. Зь іншага боку — для кнігі матэрыялы былі істотна дапрацаваныя і дапоўненыя прыкладамі і слоўнікавымі словамі».
Кніга «20 крокаў да беларускай мовы» — гэта 20 урокаў на розныя лексычныя тэмы, сярод якіх «Кватэра», «Сваякі», «Мэдыцына», «Кавярня», «Транспарт», «Інваліднасьць», «Птушкі», «Кампутар і інтэрнэт» і нават «Лаянка».
Паводле Глеба Лабадзенкі, кніга будзе карысная і тым, хто стала наведвае курсы, і тым, хто ня мае такой магчымасьці:
«Для тых, хто ходзіць на заняткі, ня будзе лішнім паўтарыць пройдзены матэрыял. А таксама будзе карысна тым, хто хоча вывучыць ці аднавіць беларускую мову. Усе тэмы ўзятыя з жыцьця, прыклады — са штодзённасьці. Я ўпэўнены, што, прачытаўшы гэтую кнігу, любы чалавек узбагаціцца беларускай лексыкай, жывымі прыкладамі з гутарковай мовы.
Напрыклад, возьмем тэму «Кватэра». У гэтым разьдзеле будзе апісаньне ўсіх рэчаў, якія ёсьць у доме. А ў якасьці цікавінкі — будуць інтэр’еры Нясьвіскага замка, каб у чытачоў склалася ўражаньне пра тое, як выглядаў дом Радзівілаў. У тэме «Вопратка» будзе інфармацыя пра нашу зямлячку з Ракава, якая вынайшла станік. Калі ўзяць тэму «Лаянка», то, магчыма, чытачы будуць чырванець, вывучаючы яе. Тут і «латрыга», і «злыдзень», «жываглот», «боўдзіла», «псяюха», «ёлупень».
Кніга будзе даступная ў шмат якіх кнігарнях, а таксама на саміх курсах «Мова Нанова».