З 13 сакавіка 2016 году у касьцеле Сьвятога Барталамея правяць імшу выключна на беларускай мове.
Касьцел Сьвятога Барталамея ў Вільні перадалі беларускай грамадзе яшчэ ў 1997 годзе. Але толькі з 13 сакавіка 2016 году тут пачалі правіць імшу выключна на беларускай мове. «Радыё Свабода» наведала чарговую імшу, якую праводзіць беларускамоўны паляк айцец Арыюш Малыска.
Мы стаялі ля брамы, маліліся, каб нам далі гэты касьцел
«Я сюды ўжо доўга не хадзіла, бо тут усе было мешана», — кажа Міраслава Русак, якая стала хадзіць у зарачанскі касьцел толькі з прыходам беларускамоўнага ксяндза.
Касьцел Сьвятога Барталамея ў віленскім раене Зарэчча (Ужупіс) лічыўся беларускім з 1997 году. Але яшчэ месяц таму беларуская мова тут мела толькі ўмоўны статус. Фактычна тут панавала польска-расейскае дзьвюхмоўе. У нядзелю а 10-й гадзіне замест беларускай імшы правілася служба на расейскай мове, а 12-й — па-польску. Часам па-беларуску чыталі «Ойча наш».
83-гадовая спадарыня Русак хадзіла на беларускую імшу пры ўсіх уладах. Па яе словах, у міжваенны час па-беларуску адпраўлялі імшу ў касьцеле Сьвятога Мікалая, які належаў літоўскай грамадзе. У вайну беларускую імшу правіў Адам Станкевіч, ейны дзядзька, у касьцеле Сьвятога Міхала. Але зь вяртаньнем саветаў у 1945 годзе Станкевіча выслалі ў лягеры, і беларуская мова ў віленскім касьцеле змоўкла на паўстагодзьдзя.
«У 1990-я мы стаялі тут ля брамы, маліліся, каб нам далі гэты касьцел», — узгадвае Міраслава Русак.
Тады ж у 90-м цяперашні арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч адслужыў у віленскім катэдральным саборы імшу па-беларуску — згадваюць вернікі. Упершыню пасьля Станкевіча.
З 1949 году ў будынку касьцела Сьвятога Барталамея разьмяшчаліся майстэрні скульптараў. У 1997 годзе яго афіцыйна перадалі беларускай грамадзе. Але ўсе 19 год, што касьцел належыць беларусам, тут дамінавала польская мова.
«Столькі гадоў беларусы ня мелі свайго ксяндза ў Вільні. Бацькі пускалі дзяцей на польскую імшу. Ужо тры пакаленьні не маліліся па-беларуску. І яны ўжо сталі палякамі і ходзяць у касьцел на польскую імшу», - кажа Русак.
Ксендз-паляк, якому беларуская мова па душы
Прызначаны новым пробашчам ксендз — таксама паляк. За 10 год працы ў Беларусі ен дасканала вывучыў мову. Нават акцэнт ягоны не адразу можна заўважыць.
«Я не беларус, але беларуская мова — яна мне па душы», — кажа айцец Арыюш.
Ен вырас на поўначы Польшчы ў шматкультурным асяродзьдзі людзей, якімі засялілі былую Ўсходнюю Прусію. З трэцяй клясы ў школе вывучаў украінскую мову, потым сьпяваў ва ўкраінскім ансамблі.
«Навокал жылі ўкраінцы і лэмкі, мы часам хадзілі да іх на грэка-каталіцкія службы. Мы былі вельмі адкрытыя», - кажа айцец.
Айцец Арыюш служыў у Любліне, вучыўся ў Рыме, а потым паехаў пробашчам у веску Замосьце на Случчыне. Затым служыў у Маладэчне, дзе будаваў другі гарадзкі касьцел, і ў Менску.
«Зь беларусамі маю вельмі добры досьвед. Нават з уладамі. Ня мог ніколі скардзіцца на іх», - кажа Малыска.
У 2015 годзе да арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча ад імя віленскіх беларусаў зьвярнуўся арцыбіскуп Віленскі Гінтарас Грушас. Цяпер ордэн капуцынаў, да якога належыць айцец Арыюш, узяўся за беларускую парафію. Пакуль дамова на душпастырства заключаная на адзін год.
«Я вельмі рады, што пакуль атрымоўваецца, — кажа Малыска. — Цяпер нас падтрымліваюць каталікі з Маладэчна й Менску».
Цяпер чалавек 30 прыходзіць, але праз паўгода будзе поўны касьцел
На першую ранішнюю імшу ў мінулую нядзелю ў касьцел Сьвятога Барталамея прыйшлі каля 30 чалавек. Потым яшчэ дзясяткі два. На польскамоўныя, кажуць, прыходзіла больш.
«Польскай цяпер зусім няма. Тыя, што месяц таму прыходзілі сюды на польскую імшу, многія зь іх ужо на беларускую ня ходзяць», - кажа Міраслава Русак.
Падобная сытуацыя назіралася і ў Беларусі, дзе польская мова доўгі час лічылася мовай касьцела. Пры гэтым многія вернікі польскай мовы ня ведалі, і для іх друкавалі малітоўнікі па-польску, але кірыліцай.
«Няма ўстойлівай беларускай традыцыі. І хоць у хаце яны будуць размаўляць па-беларуску, але пойдуць у касьцел — і хочуць там пачуць польскую мову», — сказаў Валянцін Стэх, сам каталік і старшыня беларускага клюбу „Сябрына“.
Але тыя, што ўжо стала ходзяць на беларускую імшу, упэўненыя, што з новым ксяндзом касьцел у Зарэччы стане важнай пляцоўкай для беларускай супольнасьці.
«Зараз чалавек 30 прыходзіць, але праз паўгода будзе поўны касьцел», — кажа Віктар Езас, мясцовы беларус.
Ен і іншыя вернікі спадзяюцца, што менавіта праз айца Арыюша касьцел стане беларускім. І справа ня толькі ў тым, што ен валодае беларускай мовай. Парафіяне кажуць пра выключнасьць ягоных казаньняў.
«Нам вельмі пашчасьціла з такім ксяндзом. У маім жыцьці гэта трэці ксендз, якога прыемна паслухаць. У яго казаньні ад Бога», - кажа Езас.
Каб заахвочваць людзей, адкрыем youtube-канал па-беларуску
Толькі афіцыйна сеньня ў Літве пражывае 42,5 тысячы беларусаў. Валянцін Стэх мяркуе, што гэтая лічба прынамсі ў два разы большая, бо многія беларусы-каталікі лічаць сябе палякамі.
«Так павялося, калі беларус — каталік, то ен «паляк», калі праваслаўны — ен «рускі», — кажа Стэх.
Прычына палянізацыі хаваецца ў тым ліку і ў доўгай адсутнасьці беларускіх касьцелаў у Літве. Падобная сытуацыя яшчэ ня так даўно была ў Беларусі, дзе імша адпраўлялася часьцей за ўсе па-польску. Пры гэтым многія «палякі» ня ўмелі нават чытаць па-польску, і малітоўнікі для іх друкавалі на польскай мове кірыліцай.
Акрамя Вільні беларускамоўнай імшы ў Літве больш нідзе не праводзіцца. Толькі ў Сьвянцянах, што на літоўска-беларускім памежжы, ксендз спрабуе весьці службу па-беларуску.
Таму ў беларускай грамады Вільні вялікія чаканьні ад новага касьцела. Валянцін Стэх лічыць, што для ягонай папулярызацыі варта было б праводзіць тут беларускія імпрэзы.
«Вельмі істотна мець пад дахам гэтага касьцела рэлігійна-культурны цэнтар, дзе б маглі ня толькі маліцца, але й праводзіць мерапрыемствы. Захаваньне касьцела за беларускай парафіяй надзвычай цяжкае для нас», - кажа Стэх.
Новых вернікаў тут плянуюць знайсьці й сярод студэнтаў Эўрапейскага гуманітарнага ўнівэрсытэта. Пакуль толькі некалькі наведваюць касьцел Сьвятога Барталамея. Але неўзабаве айцец Арыюш мае правесьці зь імі сустрэчу.
«Збудаваць хрысьціянскую супольнасьць беларусаў, напэўна, будзе складана. Таму мы зьбіраемся адкрыць youtube-канал па-беларуску. Такім чынам будзем заахвочваць людзей», - кажа ен.