Развітанне з вядомым мовазнаўцам прайшло ў касцёле Святой Тройцы на Залатой Горцы.
Саўка хварэў на анкалягічную хваробу, ён памер 9 красавіка на 51-м годзе жыцьця, пакінуўшы жонку і чатырох дзяцей.
Зміцер быў адным з аўтараў праграмы «Моўнік», якая выходзіла на тэлеканале «Белсат». У 2015 годзе разам з моўнай службай «Белсату» і пры чыннай дапамозе валянтэраў стварыў моўны онлайн-сэрвіс «Добрапіс», перадае Радыё Свабода.
Разьвітацца са Змітром Саўкам прыйшлі мастак Аляксей Марачкін, дырэктар ліцэю імя Якуба Коласа Ўладзімер Колас, мастацтвазнаўца Сяргей Харэўскі, праваабаронца Алег Гулак, пісьменьнік Артур Клінаў, а таксама калегі з тэлеканала «Белсат» і зь Менскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўнівэрсытэту.
Грамадзянскую паніхіду адкрыў дырэктар Ліцэю імя Якуба Коласа Ўладзімер Колас:
«Зьміцер Саўка быў сапраўдным інтэлігентам. Ён адзін зь першых выкладчыкаў нашага ліцэю, працаваць зь ім заўседы было вельмі камфортна».
Сябар Зьмітра Саўкі Артур Клінаў расказаў, што ў школе сядзеў зь ім за адной партай:
«Мяне заўседы натхнялі перамены, якія рабіў Зьміцер у сваім жыцьці. Ён нічога не баяўся і заўсёды меў вялізныя пляны наперадзе».
Калега Зьмітра Саўкі мовазнаўца Вінцук Вячорка сказаў, што рэдка сустрэнеш чалавека настолькі адоранага:
«Мы пазнаёміліся, калі я быў студэнтам, а Зьміцер і Артур Клінаў — школьнікамі. Ужо тады мяне моцна ўразіла, што есьць такая таленавітая, такая апантаная беларушчынай моладзь. Зьміцер Саўка быў незвычайна адораным мовазнаўцам і пэдагогам, ён вельмі імкнуўся перадаць свае веды тым, з кім працаваў, каго вучыў. Неад’емнай яго спадчынай застанецца ўпарадкаваньне, праца над клясычным правапісам».