Новости БеларусиTelegram | VK | RSS-лента
Информационный портал Беларуси "МойBY" - только самые свежие и самые актуальные беларусские новости

«Падарожжы дылетанта» сыходзяць з тэлебачання

12.04.2016 общество
«Падарожжы дылетанта» сыходзяць з тэлебачання

Папулярная перадача Юрыя Жыгамонта ўсё ж спыніла выхад на тэлеканале СТБ, нягледзячы на леташнюю хвалю глядацкага абурэння.

Ад сёння пачынае працу адмыслова створаны сайт zhyhamont.by. На ім будуць змяшчацца новыя і ранейшыя выпускі “Падарожжаў”. Пра прычыны закрыцця тэлеверсіі і новы фармат праграмы з Юрыем Жыгамонтам пагутарыла “Радыё Рацыя”.

- Праграма “Падарожжы дылетанта” цалкам вертуалізуецца, пераходзіць у фармат сеціўнага рэсурсу.

- Так, пераходзім у інтэрнэт.

- Я памятаю, што яшчэ летась кіраўніцтва канала СТБ казала, што нібы ўсё добра, праграма захаваецца, што толькі часова ідуць паўторы. То што гэта было: яны трымалі такую паўзу, каб усе проста забыліся?

- Не, яны не трымалі паўзу. Думаю, для ўсіх не сакрэт, што фінансавая сітуацыя ў краіне не вельмі добрая. І думаю, канал СТБ таксама патрапіў у тую ж фінансавую сітуацыі. І яны вырашылі пакуль прыпыніць некаторыя праграмы. Вось і ўсё.

- Няўжо такая дарагая праграма была?

- Ну, відаць, дарагая. Не ведаю, колькі яна абыходзілася фінансава, але ж гэта ўсё роўна выдаткі: патрэбна і машына, і аператары, і мантаж. Гэта патрабуе вельмі шмат грошай.

- У новым фармаце праграмы будуць змены? Напрыклад, падача, працягласць?

- Не. Нічога не зменіцца. Праграма так і будзе 26 хвілін. Застаўка крыху зменіцца, бо мы яе перарабілі. Але музыка – тая ж: застаецца “Стары Ольса”. Без зменаў застаецца і назва – “Падарожжы дылетанта”.

- Што ўжо паспелі зрабіць?

- У новай праграме, якая выйдзе 12-га красавіка, будуць Тракелі, Вараноўскі раён. Пазней (мы ўжо зрабілі праграму) будуць Шылавічы, Ваўкавыскі раён, і Шчэчыцы, Мастоўскі раён. Таксама зроблена праграма пра Куплін, Пружанскі раён. Чатары праграмы ўжо ёсць у нас. Будзем выходзіць раз на тыдзень, як і на тэлебачанні. Раз на тыдзень – новая праграма. І таксама плануем яшчэ выкладаць старыя праграмы на гэтым сайце.

- Я бачу, у інтэрнэце выкладзена вельмі шмат выпускаў вашай праграмы розных гадоў. Але гэта напаўлегальна хіба робяць?

- Канешне. Чаму выкладзены праграмы на СТБ, на іх сайце, на ютубе, а таксама на розных іншых сайтах? Бо цікавяцца людзі сваімі мясцінамі. Многія даўно пакінулі свае вёскі, з’ехалі, не прыязджаюць, а некаторыя і не маюць магчымасці прыехаць у родную вёску. А паглядзець па тэлебачанні – гэта ж добра. Шмат людзей дасылае мне лісты, каб я прыехаў у тую ці іншую вёску, дасылаюць свае гісторыі. Таму я магу меркаваць, што папулярнасць перадачы не знікае. Таксама стараемся ездзіць у тыя мясціны, дзе знікаюць помнікі гісторыі. Бо хочацца паспець усё гэта зазняць. Шмат дзе ўсё зруйнавалі ўжо, знеслі, паразбіралі на дровы. Таму хочацца паспець захаваць у маёй перадачы частку гісторыі, культуры: гэта рэшткі панскіх сядзібаў, храмаў і г.д.

- Нягледзячы на тое, што ўжо выйшлі сотні выпускаў праграмы, ёсць яшчэ мясціны, у якіх вы не былі.

- Вельмі шмат такіх мясцін. І я стараюся не паўтарацца і не ездзіць у адныя і тыя ж месцы. Праўда, некаторыя праграмы, якія былі па 13 хвілін, мы пераздымалі. Бо яны былі не зусім поўныя: не пра ўсё ў іх распавядалася, не ўсё было паказана.

- То бок паступова вымаўлёўваецца неабсяжная відэаэнцыклапедыя па Беларусі?

- Менавіта такую відэаэнцыклапедыю мы і збіраемся рабіць. Пазней плануем выпусціць дыскі.

- А што яшчэ будзе на вашым сайце, акрамя выпускаў праграмы “Падарожжы дылетанта”?

- Пакуль будуць толькі выпускі праграмы. Гэта ж толькі пачынаем рабіць…

- Ці разлічваеце на нейкі інтэрактыў, каб гледачы вам нешта раілі, запрашалі кудысьці?

- Канешне ж разлічваем. Інтэрнэт, гэты канал – гэта і будзе размова з чытачамі. Спадзяемся, што будуць водгукі, што людзі будуць пісаць, выказваць свае думкі. Але калі шмат парадаў – гэта таксама цяжка.

Перадача “Падарожжы дылетанта” мае 15-гадовую гісторыю. Кожны яе выпуск прысвечаны канкрэтнай беларускай вёсцы альбо мястэчку. Здымкі адбываюцца на тым месцы, пра якое ідзе расповед. У 2012 годзе аўтар і вядоўца праграмы Юры Жыгамонт быў узнагароджаны нагрудным знакам Міністэрства культуры «За ўклад у развіццё культуры Беларусі».

Последние новости:
Популярные:
архив новостей


Вверх ↑
Новости Беларуси
© 2009 - 2024 Мой BY — Информационный портал Беларуси
Новости и события в Беларуси и мире.
Пресс-центр [email protected]