Духоўны лідар беларускай эміграцыі айцец Аляксандр Надсан памёр год таму, 15 красавіка 2015 году.
У гэты дзень ва ўсіх беларускіх грэка-каталіцкіх парафіях вернікі памоляцца за а. Аляксандра Надсана і згадаюць яго велізарны ўнёсак у адраджэнне Беларускай Грэка-Каталіцкай Царквы, дзяржаўнасці і культуры Беларусі, перадае catholic.by.
Айцец Аляксандр Надсан нарадзіўся ў Гарадзеі (Нясвіжскі раён). Скончыў Нясвіжскую настаўніцкую семінарыю. З канца чэрвеня 1944 г. — у эміграцыі. З восені 1944 г. — у польскай арміі Андэрса (у складзе Брытанскіх узброеных сіл). Прымаў удзел у баявых дзеяннях на поўначы Італіі, быў паранены.
З 1946 г. — у Вялікабрытаніі. Скончыў матэматычны факультэт Лонданскага ўніверсітэта.
З восені 1953 г. вучыўся ў Рыме ў Грэчаскай калегіі (духоўная семінарыя для католікаў усходняга абраду). 23 лістапада 1958 г. атрымаў прэзбітэрскае пасвячэнне.
У ліпені 1959 г. вярнуўся ў Лондан. З 1961 г. — кіраўнік беларускай школы імя Кірылы Тураўскага ў Лондане.
З 1971 г. — кіраўнік Беларускай бібліятэкі-музея імя Ф. Скарыны, з 1981 г. — кіраўнік Беларускай каталіцкай місіі ў Вялікабрытаніі.
З канца 1980-х гг. — Апостальскі візітатар для беларусаў-католікаў у замежжы. Кіраўнік Камітэта дапамогі ахвярам радыяцыі, аўтар некальніх кніг па гісторыі Беларусі. Ганаровы доктар Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэта.