У цэнтры праезнай часткі ўтварылася вялізная яма, над якой прасеў асфальт.
На вуліцы Пралетарскай у Горадні ў цэнтры праезнай часткі ўтварылася вялізная яма, над якой прасеў асфальт. Як мяркуецца, прычынай стаў моцны нядзельны лівень, які падмыў грунт пад дарогай. Цяпер на месца здарэння прыехалі дарожныя службы і супрацоўнікі ДАІ. Яма падрабязна вывучаецца, але праезд пакуль адкрыты на суседніх палосах, паведамляе сайт s13.ru.
- Наколькі я зразумеў, асфальт асеў пад аўтамабілем, бо па цэнтры ямы бачныя сляды ад шын, - распавёў Павел, аўтар фатаграфіі, - Калі я ўжо ад'язджаў ад гэтага месца, адзін са спецыялістаў націснуў на асфальт і ён праваліўся яшчэ глыбей. Мяркую, што пад дарогай прыстойная яма.
Уладальнік аўто распавёў падрабязнасці таго, што адбылося.
- Усё адбылося блізу 11 гадзін раніцы, - распавядае Алег. - Ехаў на легкавым аўтамабілі Renault Laguna. У адзін з момантаў адчуў, як імкліва асела пярэдняя частка аўтамабіля, затым задняя. Першая думка была пра тое, што падвеска развалілася. Праехаўшы яшчэ метр, выйшаў з аўто і ўбачыў ззаду сябе гэтую яму. Пашанцавала, што асфальт не праваліўся яшчэ глыбей.