Новости БеларусиTelegram | VK | RSS-лента
Информационный портал Беларуси "МойBY" - только самые свежие и самые актуальные беларусские новости

«Я разумею, што для «чарнобыльцаў» няма грошай, але ня трэба нас прыніжаць!»

24.04.2016 общество

Не рабіце зь ліквідатараў «пацярпелых», яны — героі.

75-гадовы палкоўнік Анатоль Гнеўка зь Віцебску мае шэсьць кіляграмаў мэдалёў і памятных знакаў. У 1988 годзе ён амаль паўгода кіраваў штабам апэратыўнай групы грамадзянскай абароны СССР па ліквідацыі наступстваў аварыі на Чарнобыльскай АЭС.

Анатоль Гнеўка, ліквідатар

Пра тое, як салдаты ня ведалі, колькі радыяцыі атрымліваюць, як закопвалі вясковыя хаты і чаму дзяржава зрабіла зь ліквідатараў «пацярпелых», палкоўнік Гнеўка распавёў «Радыё Свабода».

У ліквідатары бралі тых, у каго ўжо ёсьць дзеці

Кадравых вайскоўцаў пасылалі на такія працы на тры месяцы, але палкоўнік Гнеўка адбыў у Чарнобыльскай зоне амаль пяць. «Напэўна, не было кім замяніць. Але і ў думках ня меў, каб адмовіцца ад пазатэрміновага абавязку», — кажа сёньня 75-гадовы Анатоль Лявонцевіч. На «тэрыторыю з крыніцамі іянізаванага выпраменьваньня» — так у тыя часы называлі Чарнобыльскую зону — ён трапіў з Сыбірскай вайсковай акругі. Мэдкамісія прызнала «прыдатным па здароўі» — і 45-гадовы вайсковец атрымлівае квіток на самалёт.

«Быў красавік 1988 году, калі я атрымаў загад. Мне загадалі кіраваць ліквідацыйнымі працамі, бо я меў такі досьвед: працаваў у штабе акругі, намесьнікам начальніка ўпраўленьня, якое было зьвязана з грамадзянскай абаронай, камандаваў дывізіяй. Прайшоў мэдкамісію, хаця — што тая мэдкамісія! Пару гадзін. Аналізы ўзялі, сказалі, што прыдатны. Назаўтра — вылятаць, а напярэдадні патэлефанавалі, спыталіся пра памер адзеньня, абутку... Восем гадзін лёту, і я ў Барыспалі. А там мяне сустрэлі і павезьлі. Калі заехаў у зону, убачыў кінутыя палі, статкі зьдзічэлых коз, каты, сабакі бегалі... Жахлівае ўражаньне! Паўсюль знакі пра пагрозу радыяцыі, туды нельга, сюды нельга. Спачатку было неяк непамысна, але ж потым прызвычайваесься», — згадвае падзеі 30-гадовай даўнасьці спадар Гнеўка.

Сёньня ён выходзіць на вуліцу толькі ў цёмных акулярах — пасьля чатырох апэрацыяў на вачох. Кажа, што баляць ногі, што часам бывае млосна ад слабасьці. Ня скардзіцца, проста адзначае зьмены ў стане здароўя. І штодня выходзіць «на мацыён» — на шпацыр у гарадзкім парку па-над Дзьвіной.

У штабе (фота з асабістага архіву Анатоля Гнеўкі)

«Нам адразу казалі: «Гадоў праз 25–30 вы ўсе адчуеце ўплыў Чарнобыля». Вось і я адчуў — слабасьць, ногі ня слухаюцца. Я заўжды быў моцнага здароўя, але ж ужо 75 гадоў, нічога ня зробіш... Тым, хто быў у маёй апэратыўнай групе ГА СССР, у сярэднім было па 35. Там кадравых вайскоўцаў было адсоткаў 10. Усе астатнія, як я іх называю, — «мужыкі ў вайсковай форме», выкліканыя «з запасу». «Партызаны», як іх яшчэ называюць. Адбіралі ў асноўным такіх, у каго ўжо ёсьць дзеці — бо пасьля працы ліквідатарамі дзяцей мець ужо не рэкамэндавалася. Пра гэта папярэджвалі адразу. Таму падбіралі такіх, у каго ўжо было двое-трое дзяцей».

Прыбывае батальён — і цягам сутак вёскі няма. Толькі елачкі і бярозкі паўзьверх пасаджаны...

У падпарадкаваньні Гнеўкі было больш за 30 тысяч чалавек з усяго Савецкага Саюзу.

«Праца ў «ліквідатараў» была розная: да прыкладу, рабілі магільнікі — гэта такія ямы бэтанаваныя, агромністыя. Туды звозілі зьнесеныя хаты. Закопвалі іх. А паўзьверх садзілі дрэвы, — распавядае Гнеўка. — Хавалі цэлыя вёскі. Вось была вёска, двароў 50, прыкладам. Яе трэба «лякалізаваць», так у нас гэта называлася — ці ў магільніках, ці проста на месцы. Адмысловыя службы адлучалі электрычнасьць, радыё. Потым пажарныя машыны палівалі хату вадой, каб не было радыеактыўнага пылу. Выкопвалі экскаватарам яму мэтраў 10 глыбінёй — і сьпіхвалі туды хату. Засыпалі зямлёй, каб мэтры два зьверху. Трамбавалі... Гэта аб’ёмная праца. Прыбывае батальён, і ўсе — цягам сутак вёскі няма. Толькі елачкі і бярозкі паўзьверх пасаджаны... Яшчэ ліквідавалі «жоўты лес» — ён раней быў зялёны, але пасьля апраменьваньня зжаўцеў, засох. Яго секлі, пілавалі, складалі, накрывалі цыратай, засыпалі зямлёй... І было гэта, калі напрасткі, за два кілямэтры ад АЭС».

Каля верталёта ў 30-кіламэтровай зоне (крайні справа – Анатоль Гнеўка, фота з асабістага архіву)

У адпаведнасьці з пасадай Анатоль Гнеўка быў яшчэ й начальнікам супрацьпажарнай службы ў 30-кілямэтровай зоне. Ён аб’ехаў яе не адзін раз, працаваў і ў непасрэднай блізкасьці з рэактарам. Перад адказам на пытаньне пра гераізм і сабатаж з боку працаўнікоў на хвіліну задумваецца, а потым пачынае чарговы аповед. І ў пажылога палкоўніка непадробна дрыжыць голас:

«Ня памятаю, каб пры мне былі ўцекачы, дэзэртэры. Усе ведалі, на што яны ідуць! Памятаю, адно падразьдзяленьне скідала з рэактара радыеактыўныя глыбы. Працоўны дзень аднаго салдата быў усяго 15 хвілін. І ўсё, бо ўзровень радыяцыі надта высокі. Таму ўсе апэрацыі разьлічвалі пахвілінна. Вось салдату трэба было падняцца на дах, скінуць кавалак уніз і самому спусьціцца. Чалавек пайшоў, ідзе час, дзьве хвіліны, тры — не вяртаецца. Думаем — можа, загінуў? Там жа такі ўзровень радыяцыі, мала што! Але вяртаецца. Як ды што, чаму так затрымаўся? Ён кажа: «Таварыш палкоўнік, я доўга ня мог выканаць задачу, глыба ніяк ня ссоўвалася!» Пытаюся: «Чаму ж ня кінуў, не сышоў, ты ж ведаеш, што часу — хвіліна-дзьве, і ўсё? Ты затрымаўся на пяць хвілін, захапіў лішняй радыяцыі!» А ён кажа: «Я ведаю, але я ня мог сысьці. Мне было б сорамна перад іншымі!»

Каля 18 тысяч чалавек узімку і каля 30 тысяч улетку працавалі ў 1988 годзе на ліквідацыі наступстваў аварыі на Чарнобыльскай АЭС. Даводзілася на гарачыні працаваць у рэсьпіратарах, адгазьніках, гумовых строях хімічнай абароны... Кожнаму ліквідатару выдавалі паўлітра пітной вады на дзень. Гэта мала, але на такую колькасьць людзей ваду падвозілі цэлымі чыгуначнымі саставамі...

Чарнобыль, плошча Леніна (крайні зьлева – Анатоль Гнеўка, фота з асабістага архіву)

Сапраўдныя дазымэтры былі толькі ў афіцэраў, салдатам выдавалі «сьляпыя»

А яшчэ кожнаму выдавалі дазымэтар. У салдат і малодшых афіцэраў яны былі «сьляпыя» — гэта значыць, не паказвалі колькасьць рэнтгенаў. У кожнага такога дазымэтра быў нумар, яго падлучалі да іншага адмысловага прыбора, і толькі тады былі відаць лічбы... Гэта рабілася, «каб пазьбегнуць панікі», кажа спадар Гнеўка:

«У старшых афіцэраў дазымэтры былі іншыя — у мяне быў такі, што адразу ўсё паказваў. Была ўстаноўка, каб вайсковаабавязаныя прабылі ў 30-кілямэтровай зоне ня больш за тры месяцы... Але я прабыў амаль 5 месяцаў — не было замены. А выкліканыя з запасу мусілі адбыць па 6 месяцаў. І кожны з нас павінен быў атрымаць ня больш як 5 рэнтгенаў за гадзіну. Вядома, былі перавышэньні. Але нязначныя. Большыя, верагодна, утойваліся. Мне ў маёй картцы, прыкладам, напісалі 5,12 — трошкі перавышэньне. А насамрэч — хто ведае? Дазымэтры ж вайсковыя, разьлічаныя на баявыя дзеяньні, а тут — у мірнай абстаноўцы атам...»

Анатоль Гнеўка заховае асабісты дазымэтар, які пабываў зь ім у Чарнобылі
Жалобная акцыя ў Віцебску 26 красавіка 2009г. Другі справа - Анатоль Гнеўка

Як ліквідатараў перарабілі ў «пацярпелых»

У 2012 годзе ў Беларусі адбылася замена дакумэнтаў, і замест пасьведчаньняў ліквідатараў, выдадзеных яшчэ ў часы СССР, удзельнікі тых падзеяў атрымалі пасьведчаньні «пацярпелых» ад аварыі на ЧАЭС і яе наступстваў. Атрымалася, як у фільме «Брыльянтавая рука», нявесела жартуе Анатоль Лявонцевіч:

«Пацярпелыя — гэта, як той казаў, «пасьлізнуўся, упаў, ачуўся — гіпс!» Нібыта мы ў Чарнобыльскай зоне самі апынуліся, а не Радзіма нас пасылала. Былі ў ліквідатараў ільготы — бясплатны праезд, ільготы па аплаце камунальных паслуг, але іх прыпынілі дзяржаўным указам. Я разумею, што эканоміка трашчыць па швах, хоць і ня мы яе развалілі... Цяпер — толькі хіба без чаргі да лекара, і да пэнсіі нешта дадаецца — у залежнасьці ад таго, хто дзе быў. Яшчэ ёсьць права на 5 год раней пайсьці на пэнсію, калі зможаш давесьці, што быў у 10-кілямэтровай зоне. Але давесьці гэта практычна немагчыма. Дакумэнтаў савецкага часу няма».

Гнеўка распавядае пра выпадак аднаго «ліквідатара» з Воршы, які вырашыў скарыстацца сваім правам пайсьці на пэнсію датэрмінова. У выніку — апынуўся ў судзе, каб давесьці, што быў у 10-кілямэтровай зоне.

«Дакумэнтаў такіх не было, але быў фатаздымак: падчас тэрміновай службы маладыя салдаты сфатаграфаваліся на фоне рэактара. Дык судзьдзя сказала: «Ня веру! Вы маглі набыць форму і адмыслова зьезьдзіць у Чарнобыль сфатаграфавацца, каб атрымаць ільготу». 20 гадоў таму, каб наперад запасьціся фатаздымкам... Вось такая лёгіка! Віцебскі абласны суд таксама не дапамог, хоць на ім выступілі трое сьведак. А сярод іх — былы камандзір узвода, дзе служыў салдат. Што да камандзіра, дык яму ў свой час удалося давесьці, што ён быў у 10-кілямэтровай зоне! А вось салдатаў ва ўзводзе нібыта і не было, хоць на тым здымку і быў сфатаграфаваны ягоны ўзвод у поўным складзе... Я разумею, што для чарнобыльцаў няма грошай, але ня трэба нас прыніжаць!»

Жалобная акцыя ў Віцебску 26 красавіка 2009г. Другі справа - Анатоль Гнеўка

Анатоль Гнеўка лічыць, што памяць загінулых ліквідатараў не ўшанавана на Віцебшчыне як мае быць. Ён ня раз зьвяртаўся да ўладаў, каб у Віцебску паставілі калі ня помнік — дык хаця б камень у памяць пра ахвяраў Чарнобыля. Зьвяртаўся і з просьбай назваць вуліцу ў гонар герояў-ліквідатараў. Менавіта так, «герояў», — падкрэсьлівае былы кіраўнік штабу ліквідацыі наступстваў аварыі на ЧАЭС.

Няма ні вуліцы ў гонар ліквідатараў, ні помніка, ні нават каменя

«Але ў нас у Віцебску — паўсюль Ленін: вуліца Леніна, плошча Леніна, нават бібліятэка імя Леніна. А дзе, прыкладам, славуты Васіль Быкаў? І яшчэ — я ніякім чынам не хачу прынізіць воінаў-інтэрнацыяналістаў, але ў нас шануюць абаронцаў аўганскага, сырыйскага, эгіпэцкага народу... А мы баранілі наш, беларускі народ! Ад радыяцыі, ліквідуючы наступствы аварыі і рызыкуючы жыцьцём ды здароўем! Але ж «аўганцаў» запрашаюць у школы, ім ставяць помнікі. Пра нас жа — нібыта знарок забылі. Не кажу ўжо пра тое, што ніхто не пераймае наш досьвед, хоць у Беларусі будуюць сваю АЭС...

Толькі мы й шануем памяць ліквідатараў, значнай часткі якіх ужо няма на гэтым сьвеце. Шмат гадоў запар 26 красавіка зьбіраемся на беразе Дзьвіны і пускаем па рацэ вянок. На ім традыцыйны надпіс: «Героям-ліквідатарам ад нас — жывых». Нас ніхто не чапае, але застрашліва ходзяць панавокал міліцыянты ў форме і без, кажуць: «Вы засьмечваеце рэчку». Непадалёк стаіць аўтазак...»

Жалобная акцыя ў Віцебску 26 красавіка 2009г. Вянок памяць пускаюць па Дзьвіне

Мірным захапленьнем былога вайскоўца стала фалерыстыка: ён калекцыянуе значкі чарнобыльскай тэматыкі, шмат ведае пра «чарнобыльскія» ўзнагароды. У розных постсавецкіх краінах выпускаюць памятныя мэдалі і ўзнагароджваюць імі суайчыньнікаў. І гэта ня толькі Ўкраіна, на тэрыторыі якой здарылася трагедыя. Гэта і Расея, і Малдова, і Кіргізія, адкуль прыяжджалі ліквідатары... І толькі ў нас — усяго два значкі Беларускай вайсковай акругі за ліквідацыю наступстваў аварыі на ЧАЭС. Няма нават памятных мэдалёў.

Сёлета перад 26-м красавіка ў аблвыканкам схадзілі «дэлегаты» ад віцебскіх ліквідатараў. Нагадалі, што наперадзе — ня проста жалобная дата, а 30-я ўгодкі аварыі на Чарнобыльскай АЭС. І атрымалі абяцаньне, што ўлады далучацца да адзначэньня гэтай падзеі, што будзе агульнагарадзкі мітынг-рэквіем. Упершыню за 30 год.

«Мне ўжо цяжка хадзіць у вайсковай форме з усімі ўзнагародамі і памятнымі знакамі, яны важаць каля шасьці кілё. Таму я прыйду ў цывільным пінжаку, але з «чарнобыльскімі» мэдалямі і значкамі. Я сёньня праглядаў свае дакумэнты, у мяне ёсьць украінскія два крыжы і мэдаль, расейскія чатыры мэдалі да ўгодкаў чарнобыльскай катастрофы», — кажа Анатоль Гнеўка.

Последние новости:
Популярные:
архив новостей


Вверх ↑
Новости Беларуси
© 2009 - 2024 Мой BY — Информационный портал Беларуси
Новости и события в Беларуси и мире.
Пресс-центр [email protected]