24 красавіка спаўняецца 72 гады аднаму з найбольш яркіх палітыкаў незалежнай Беларусі.
Зянон Пазьняк быў сузаснавальнікам і старшынёй Беларускага Народнага Фронту ў пэрыяд яго росквіту, старшынёй парламенцкай апазіцыі БНФ 12 склікання, адным з галоўных кандыдатаў на першых прэзыдэнцкіх выбарах.
Зянон Пазьняк нарадзіўся ў сям’і старэйшага сына заходнебеларускага грамадзкага дзеяча Янкі Пазьняка. У сьнежні 1944 году асірацеў праз гібель бацькі на фронце (на тэрыторыі Польшчы), якога забралі ў Чырвоную армію ўлетку. Сярэднюю школу скончыў у роднай вёсцы.
У 1967 годзе скончыў мастацтвазнаўчае аддзяленьне Беларускага дзяржаўнага тэатральна-мастацкага інстытуту па спэцыяльнасьці тэатразнаўца. У 1969 г. зьмясьціў у маскоўскай газэце «Праўда» артыкул супраць зносу гістарычна каштоўнай забудовы Менску, што змусіла ўлады захаваць Траецкае прадмесьце, Верхні горад і Ракаўскае прадмесьце.
У 1972 г. скончыў асьпірантуру пры Інстытуце этнаґрафіі, мастацтвазнаўства і фальклёру Акадэміі Навук Беларусі. У 1981 годзе ў Ленінградзе абараніў дысэртацыю «Праблемы станаўленьня і разьвіцьця беларускага прафэсійнага тэатру пачатку ХХ стагодзьдзя (1900—1917 гг.)».
Займаўся мастацтвазнаўствам. Пасьля чарговых палітычна-адміністрацыйных рэпрэсіяў (1974 год) і пазбаўленьня працы ў Інстытуце мастацтвазнаўства займаўся археалёґіяй (з 1976 году). Працаваў старшым навуковым супрацоўнікам у аддзеле археалёґіі Інстытуту гісторыі Акадэміі Навук. Вывучаў пэрыяд позьняга сярэднявечча ў Беларусі, займаючыся раскопкамі Менску, Лоску, Мядзеля і іншых беларускіх гарадоў і мястэчак.
У 1988 годзе адкрыў для беларускай і сусьветнай грамадзкасьці і правёў археалягічныя дасьледаваньні масавых пахаваньняў людзей у Курапатах, расстраляных органамі НКВД.
З траўня 1990 году па студзень 1996 году — дэпутат Вярхоўнага Савету 12-га скліканьня, кіраўнік дэпутацкай Апазыцыі БНФ у Вярхоўным Савеце. Быў чальцом канстытуцыйнай камісіі Вярхоўнага Савету БССР і Рэспублікі Беларусь 12-га скліканьня.
Пад кіраўніцтвам Пазьняка зьдзяйсьняліся такія важныя справы, як адкрыцьцё праўды беларусам пра маштабы Чарнобыльскай катастрофы (1989—1990), вяртаньне нацыянальнае сымболікі (бел-чырвона-белага сьцягу і Пагоні), распрацоўка сацыяльна-эканамічнага заканадаўства, якое стварыла аснову незалежнасьці краіны, вярнула беларусаў з «гарачых кропак» СССР.
На патрабаваньне дэпутатаў Апазыцыі БНФ 24 жніўня 1991 была скліканая нечарговая сэсія ВС, на якую дэпутаты БНФ пад кіраўніцтвам Пазьняка вылучылі пакет законапраектаў аб вяртаньні незалежнасьці Беларусі. 25 жніўня 1991 году Вярхоўны Савет прагаласаваў за наданьне Дэклярацыі аб дзяржаўным сувэрэнітэце статусу канстытуцыйнай сілы, што азначала вяртаньне незалежнасьці Беларусі.
У 1992 годзе пад кіраўніцтвам Зянона Пазьняка апазыцыяй БНФ у Вярхоўным Савеце створаная Канцэпцыя эканамічнага разьвіцьця дэмакратычнай незалежнай Беларусі (апублікаваная ў «Народнай газэце» 16 красавіка 1992 году). На выбарах прэзыдэнта Беларусі 1994 року атрымаў 12,8% галасоў (трэцяе месца). Даверанымі асобамі Зянона Пазьняка на гэтых выбарах былі Васіль Быкаў, Рыгор Барадулін, віцэ-прэзыдэнт Акадэміі навук Радзім Гарэцкі, прафэсар Іван Нікітчанка.
26 сакавіка 1996 году, унікаючы магчымых арышту і фізычнага зьнішчэньня за палітычныя погляды і публічныя выступленьні супраць незаконных дзеяньняў ураду Аляксандра Лукашэнкі, пакінуў Беларусь разам зь Сяргеем Навумчыкам. 31 сакавіка Служба бясьпекі Ўкраіны адмовіла Камітэту дзяржаўнай бясьпекі Беларусі ў выдачы Пазьняка пасьля адпаведнага звароту старшыні парлямэнцкай фракцыі Народнага руху Ўкраіны Вячаслава Чарнавіла да прэзыдэнта Ўкраіны Леаніда Кучмы.
26 красавіка нечакана для ўладаў вярнуўся ў Менск на Чарнобыльскі Шлях і дзякуючы дапамозе беларускіх патрыётаў пазьбег арышту пасьля акружэньня і штурму АМАПам сядзібы БНФ. Быў ва Ўкраіне, потым у Чэхіі, Польшчы, Вялікабрытаніі, затым быў запрошаны ў ЗША на шэраг палітычных сустрэчаў. Там атрымаў пацьверджаньне пра распрацоўку ў палітычных колах рэжыму на Беларусі пляну фізычнага зьнішчэньня. У сувязі з пагрозай жыцьцю ўрад ЗША прадаставіў Зянону Пазьняку палітычны прытулак.
Пазьняк захаваў беларускае грамадзянства, усе гады на эміґрацыі займаецца выключна палітыкай, сустракаецца з палітыкамі, грамадзкасьцю і журналістамі розных краінаў. З 1996 году на грамадзкіх пачатках ён рэдаґуе і выдае ў Варшаве сумесна з жонкай Галінай Пазьняк бюлетэнь «Беларускія Ведамасьці». Непасрэдна праводзіць паседжаньні кіруючых структураў КХП-БНФ, старшынём якога зьяўляецца.
Сям’я Зянона Пазьняка, жонка Галіна і ейная дачка Надзея, з-за пагрозы палітычнага перасьледу выехалі за мяжу, жывуць у Варшаве. Маці Ганна Яўхімаўна — пэнсіянэрка, жыла ў Менску, памерла ў красавіку 2012 г.
Рэдакцыя charter97.org віншуе Зянона Станіслававіча з днём нараджэння.
Выданне «Новы час» апублікавала падборку архіўных відэаматэрыялаў з выбараў 1994 года, якіх ужо не пабачыць на сённяшнім БТ.