Фэст птушак штогод праводзіць грамадзкая арганізацыя «Ахова птушак Бацькаўшчыны».
З 1999 году ў Тураве працуе адзіная ў Беларусі станцыя кальцаваньня птушак. Яна разьмешчана на ўскрайку гораду і выходзіць на вялізны поплаў, дзе штогод гняздуюцца дзясяткі тысяч пералётных птушак. Каб паказаць важнасьць гэтага месца для прыроды, тут ужо сёмы раз зладзілі «Фэст кулікоў», паведамляе «Радыё Свабода».
Фэст птушак праводзяць грамадзкая арганізацыя «Ахова птушак Бацькаўшчыны» і ўлады Жыткавіцкага раёну.
У адрозьненьне ад шмат якіх гарадзкіх сьвятаў, «Фэст кулікоў» цалкам прасякнуты птушынай тэматыкай.
У 2009 годзе ў цэнтры Турава ўсталявалі адзіны ў краіне помнік куліку-марадунцы. У 2011 годзе вандалы яго зламалі, прыйшлося мяняць на новы.
У дзень фэсту каля Тураўскага лугу арнітолягі назіралі за птушкамі. Сярод «бёрдўочараў» можна было сустрэць часовага паверанага ў справах ЗША Скота Роланда.
З цэнтру гораду да станцыі кальцаваньня курсавалі маршруткі.
Так выглядае адзіная ў Беларусі станцыя кальцаваньня птушак. Спаміж шараговай забудовы яе выдзяляе толькі малюнак птушкі на плоце.
Штогод тут кальцуюць каля трох тысяч птушак. Зьвесткі пра кожную асобіну заносяць у журнал.
Кожнае кальцо — унікальнае. Па ім можна прачытаць час і месца, дзе кальцавалі птушку.
Так выглядае Тураўскі луг увесну. На 500 гектараў птушкі зьлятаюцца дзясяткамі тысяч. У 2014 годзе тут налічылі 200 тысяч птушак.
Пасткі, расстаўленыя на лузе, правяраюць кожную гадзіну. Супрацоўнікі Навукова-практычнага цэнтру па біярэсурсах Нацыянальнай акадэміі навук, а таксама валянтэры ад АПБ падплываюць да пастак на байдарках днём і ноччу.
Павел Пінчук, дырэктар Беларускага цэнтру кальцаваньня птушак, праводзіць у Тураве да 8 месяцаў на год.
Навукоўцы абмяраюць злоўленага куліка-марадунку.
Гэты кулік быў акальцаваны ў Тураве 12 год таму. Рэдка здараецца, каб адна і тая ж птушка двойчы трапіла ў пастку.