Велікодны зварот да вернікаў кіраўніка Беларускай Аўтакефальнай праваслаўнай царквы архіяпіскапа Сьвятаслава Логіна з Таронта.
Велікодны зварот апублікавала «Радыё Свабода».
Годнаму сьвятарству й вернікам Беларускае Аўтакефальнае Праваслаўнае Царквы, якія жывуць на Бацькаўшчыне й на чужыне.
«... сёньня анёлы зь людзьмі радуюцца і людзі ў Богу прасьвятляюцца, прымаючы Сьвяты Дух.» (сьв. Кірыла Тураўскі «Казаньне на сьвятую Пасху»)
Дарагія браты й сёстры!
ХРЫСТОС УВАСКРОС!
Штогод мы так віншуем адзін аднаго з найвялікшым хрысьціянскім сьвятам — Уваскрасеньнем Хрыстовым! Сын Божы прыняў цела чалавека й быў укрыжаваны і ўваскрос, каб перамагчы сьмерць. Вера ў васкрослага Хрыста дала людзям патрэбу знайсьці Боскую ісьціну, якая робіць іх духоўна вольнымі й шчасьлівымі.
Гэтая падзея, якая адбылася амаль дзьве тысячы гадоў таму, паяднала чалавека з Богам і дала нам надзею на вечнае жыцьцё нашае душы. Без любові, якую прынёс Хрыстос, немагчыма пераадолець свае грахі й быць у яднаньні з Госпадам, бо Дабравесьце вучыць нас: «Па тым пазнаюць усе, што Вы мае вучні, калі будзеце мець любоў паміж сабою». (Ян. 13:35). Таму той, хто прыняў Хрыста да свайго сэрца, той мае любоў да Бога і да блізкага.
Зычу ўсім суайчыньнікам, якія жывуць у Беларусі й на чужыне, у гэтыя сьвяточныя дні напоўніць свае сэрцы любоўю да сваіх блізкіх, да свае Бацькаўшчыны, да свае мовы, да Беларускае Царквы, да ўсяго духоўнага скарбу, які захавалі й перадалі нам нашы дзяды.
Молімся таксама за ўсіх хрысьціянаў, каб кожны народ мог славіць Бога ў сваёй Царкве, у сваіх традыцыях і абрадах, на сваёй роднай мове.
Ласка ўваскрослага Госпада нашага Ісуса Хрыста, любоў Бога Айца й супольнасьць Сьвятога Духа няхай будуць з усімі вамі!
Сапраўды Хрыстос Уваскрос!
Зь любасьцю й малітвамі, + Сьвятаслаў Логін, Архіяпіскап БАПЦ Вялікдзень, 2016 л.Б.