Новости БеларусиTelegram | VK | RSS-лента
Информационный портал Беларуси "МойBY" - только самые свежие и самые актуальные беларусские новости

Аксэсуары да гарадскога луку, дызайнерскія прынты і інсталяцыя Юр'я

03.05.2016 культура

Этнацэнтр «Рагна» прапануе дадаць у свой веснавы стыль трошкі тутэйшага.

Нарэшце прыгрэла сонейка і Этнацэнтр «Рагна» прапануе дадаць у свой веснавы стыль трошкі тутэйшага! А таксама запрашае наведаць інсталяцыю Юр'я, каб больш даведацца пра гэта свята і ўзяць удзел у старажытным абрадзе ў сучасных умовах, піша «Наша ніва».

Рагна-стыль: выбар тыдня #2

Рэчы ад дызайн-студыі «Адліга» глядзяцца стыльна, нечакана, а часам і правакацыйна. Яны гарантавана ўздымуць вам настрой.

У якасці дадаткаў да гарадскога луку прапануем аксэсуары ручной працы, а таксама арыгінальную скураную і драўляную біжутэрыю ад нашых майстроў.

Дарэчы, цікавыя цішоткі, лонгслівы і худзі на нашай Верхняй краме для сябе змогуць падабраць не толькі дзяўчаты – вялікая колькасць прынтоў у наяўнасці і ў мужчынскай версіі.

Усе дэталі вобразу можна набыць у крамах Этнацэнтру «Рагна».

Інсталяцыя «Юр'я»

Свята

Свята народнага календара, якое адзначаецца 23 красавіка (6 траўня ў праваслаўнай традыцыі) у гонар Юр’і – апякуна плоднасці і ўрадлівасці зямлі, статкаў, валадара ваўкоў, Боскага ключніка, які адмыкае зямлю і замыкае зіму. У народзе ўяўлялі Юр’ю на белым кані ў белым адзенні.

Сяляне просяць Юр’ю, каб той паспрыяў багатаму ўраджаю. З гэтай мэтай яны выходзяць з песнямі і ахвярнымі стравамі аглядаць свае зарунелыя палеткі. Гаспадар выносіць на поле каравай з леташняй мукі і глядзіць, ці закрыюць яго новыя парасткі. Гэта сведчыць аб тым, што сёлета ўраджай будзе ўдалым. Па канцах поля закопвалі косткі ад велікоднай стравы, каб не расло пустазелле, а на поўначы Беларусі ў цэнтры поля ставілі асвячоную вярбу як абярэг ад маланкі.

З Юр’ем таксама звязваецца і першы выпас скаціны. Стараюцца выгнаць яе як мага раней, каб жывёлы пачаставаліся травой з юр’еўскай расой, што забяспечвае ім здароўе і плоднасць. Часам і самі людзі качаюцца ў ранішняй расе, каб атрымаць здароўе на цэлы год. Асабліва юр’еўская раса дапамагае пры захворванні вачэй.

Перад парогам хлява закладаюць шматлікія абярэгі, каб абараніць жывёлу і забяспечыць ейнае вяртанне дадому — паяс, замок, ніты з кроснаў, яйка, сякеру і г.д. Юр’я замыкае пашчы ваўкам, але ў той жа час прызначае кожнаму драпежніку ягоную здабычу. Ад таго Юр’я лічыцца і ўладаром ваўкоў.

Густы юр'еўскі дождж таксама сведчыць аб тым, што вырасце густое вялікае жыта.

Інсталяцыя

Інсталяцыя ЮР’Я ўлучае дзве прасторы.

Адна — Прыродная, Дзікая, Неўпарадкаваная чалавекам. У гэтай прасторы ў ваўкоў яшчэ разяўленыя пашчы.

Праз яе вы патрапляеце ў Плодную, Ураджайную, Спарадкаваную прастору, дзе злучаюцца нябёсная (дождж) і зямная (раса) вільгаць (сімвалы вільгаці ўзятыя аўтарамі інсталяцыі з ваконных ліштваў).

У гэтай прасторы вы закладаеце ў поле свае зерне-ідэі, папрацаваўшы над якімі, мяркуеце атрымаць канкрэтны посьпех, плады, ураджай. Вы — гаспадар — складеце ў гаршчок-зямлю сімвалічныя прадметы — ключ, яйка, коня і рог. Такіх гаршчкоў чатыры — на кожны канец поля.

Ключ — Юр’я адкрывае ключом зямлю, пасля чаго яна родзіць. Падрыхтоўка глебы.

Яйка — сімвал схаванага жыцця, насенне.

Конь — гэта актыўны мужчынскі пачатак. Ён разбівае капытом насенне, ад чаго яно прарастае.

Рог — сімвал дабрабыту і багацця.

Вяртаючыся з поля, вы бачыце – пашчы ў ваўкоў ужо замкнёныя.

Жадаем несімвалічнага ўраджаю!

Последние новости:
Популярные:
архив новостей


Вверх ↑
Новости Беларуси
© 2009 - 2024 Мой BY — Информационный портал Беларуси
Новости и события в Беларуси и мире.
Пресс-центр [email protected]