Новости БеларусиTelegram | VK | RSS-лента
Информационный портал Беларуси "МойBY" - только самые свежие и самые актуальные беларусские новости

Лявон Вольскi: Мяне заўсёды хвалюе свабода

06.05.2016 общество

Беларускі музыка распавёў пра адказнасць за свае песні, «чорныя спісы» музыкаў і пра тое, чаму сёння Мінкульт лічыць яго «дармаедам».

8 траўня Лявон Вольскі ў Стакгольме атрымае прэмію Freemuse Award 2016. Арганізатары прэміі казалі, што Вольскі працягвае традыцыю музыкаў, якія «становяцца сымбалямі рухаў за грамадзянскія правы, выказваючы праз сваю музыку расчараваньне і надзею». Лявона назвалі «іконай беларускай музыкі», а ягоныя песьні — «гімнамі».

У гэты момант у Беларусі на новы альбом Вольскага сабралі 79% сродкаў. А кіраўніцтва канцэртнай залі «Мінск» нядаўна адмовіла сябрам музыкі, якія хацелі правесьці канцэрт у памяць Лявонавай жонкі — Ганна адышла ў іншы сьвет 23 сакавіка.

Напярэдадні адʼезду ў Стакгольм «Радыё Свабода» сустрэлася зь Лявонам Вольскім у Менску.

— Наколькі гатовы новы альбом? Які ён? І што яшчэ трэба зрабіць, каб ён выйшаў?

— Трэба грошы прысылаць для таго, каб ён выйшаў. Большая частка гатовая. Я надоечы быў у Вільні, запісаў яшчэ чатыры песьні. Альбом велізарны, там 16 песень: восем цяжкіх, восем лёгкіх. Гэта канцэпцыя, якую выпрацавалі Снорэ(Снорэ Бэргерудам — саўндпрадусар, зь якім Вольскі супрацоўнічае), я і Ганна пару месяцаў таму. Вырашылі, што гэта будзе цікава, каб паказаць мяне з розных бакоў. Што я магу і раўці, а магу і пра каханьне сьпець ціхую песьню.

— Цяжкія па зьмесьце ці па музыцы?

— Па зьмесьце там усё цяжкае. Асабліва «лёгкія» песьні. Там суцэльная дэпрэсія, нават ня ведаю чаму, бо пісалася гэта ўсё ў Швайцарыі, дзе мы былі з Ганнай перад Калядамі. Хацелі зрабіць усё як мага хутчэй. І я пісаў ва ўзмоцненым рэжыме. Рабіў дэма і адразу накіроўваў да Снорэ, а ён прымаў ці не прымаў. Некалькі не прыняў, але ўсё ж такі атрымалася напісаць 8 на 8. Дзіўнавата, можа, але з гэтым альбомам вырашана было ісьці не па правілах шоў-бізнэсу.

— І якія цяпер правілы?

— Цяпер такія правілы, што альбомы павінны быць кароткія. Бо народ «стамляецца» слухаць. Слухае пачатак першай песьні, пачатак другой — і ўсё... Ёсьць, канечне, нармальныя людзі, мэляманы. Але я вам першай распавядаю пра гэта, ніхто пра гэта ня ведае.

— Я ўдзячная.

— І прома таксама досыць нетыповае. Але пра гэта я ўжо ня буду распавядаць, бо гэта закулісьсе. Сам падыход да раскруткі альбома іншы, хоць для чаго яго раскручваць, таксама не зразумела.

Мы хацелі ў Вільні зрабіць чарговае «грандыёзнае» шоў увосень, калі скончыцца «мёртвы сэзон». Але ні з пушчы ні з поля МЗС Літвы вырашыў адмовіць у візавай падтрымцы і болей не працягваць гэтую практыку. Ёсьць такі варыянт, што я пайду на прыём да амбасадара і ён асабіста вырашыць дазволіць, бо ён мае такія паўнамоцтвы. Але сама тэндэнцыя сумная вельмі.

Гэта для нас адзін з удараў апошняга часу. Міхалку, напрыклад, удалося выбіць візавую падтрымку. Калі «этыленгліколь стаў цячы ў Палацы спорту», пасьля гэтага яму вырашылі дапамагчы.

— У гэтага альбома ёсьць нейкі мэсыдж?

— Адкрытага мэсыджа, як у папярэдняга альбома, няма. Гэты альбом больш паэтычны. Там грамадзка-палітычныя тэмы, сацыяльныя. Я гэтым займаюся ўсё жыцьцё і не магу ад гэтага адмовіцца. Але там ёсьць і чыстая паэзія.

— Снорэ разумее, пра што вы пішаце?

— Не. Потым просіць перакласьці. Тут была зусім іншая справа, таму што трэба было тэрмінова напісаць вельмі шмат дэмаў, каб Снорэ пачаў іх там апрацоўваць. Таму я дасылаў яму абсалютна пілётныя тэксты. А потым усе песьні былі перапісаныя. Гэта ў мяне першая практыка, бо я ніколі за два месяцы не пісаў такую велізарную колькасьць песень. І ня «Саўку ды Грышку», а за якія ты будзеш несьці сапраўдную адказнасьць перад усімі.

— За якія песьні вы ўжо панесьлі адказнасьць?

— У «Мроі» была такая песьня «Я рок-музыкант». Я панёс за яе адказнасьць. Там закос пад моладзевы патас, а многія людзі лічылі, што гэта кіраўніцтва да дзеяньня. Нічога добрага не атрымалася. Калі заснаваў «Крамбамбулю», мне прыводзілі ў прыклад «Я рок-музыкант» — маўляў, «казаў адно, а цяпер?..»

— Мне, ведаеце, рэзюмэ да вашай музычнай прэміі нагадала рэзюмэ да Нобэлеўскай прэміі па літаратуры.

— Але гэта далёкія прэміі. Я ведаю, што ёсьць такая скандынаўская ініцыятыва. Знаёмы з каардынатарам — Уле Рэйтаў. Ён некалькі разоў прыяжджаў на мае канцэрты чамусьці...

— Ніхто ж яго не прымушаў, я думаю.

— Ніхто, безумоўна. Ён і ў Вільні быў на апошнім канцэрце. Але што ў іх ёсьць нейкая прэмія, я ня ведаў, быў вельмі зьдзіўлены.

— Раз вас ужо назвалі «сымбалем змаганьня за грамадзянскія правы», то што вам падаецца найбольш важным? Зразумела, што адзін чалавек ня можа змагацца «за ўсё».

— Мяне заўсёды хвалюе свабода. Большую частку свайго жыцьця я пражыў у таталітарным грамадзтве. Спачатку ў Савецкім Саюзе, потым у гэтай краіне. Мне гэта заўсёды не падабалася. Зь дзяцінства, шчыра кажучы. Я пачаў з гэтым змагацца праз творчасьць. Значная частка маіх песень прысьвечаная свабодзе, змаганьню з жыцьцём паводле хлусьлівага кодэксу і ўсім непрыемнымі атрыбутамі савецкай улады, якія пераняла цяперашняя Беларусь. Безумоўна, можна ад гэтага абстрагавацца, але ў мяне не атрымліваецца, шчыра кажучы. Я спрабаваў — і не атрымліваецца.

— Як вы на цяперашні жыцьцёвы момант фармулюеце для сябе, што такое свабода?

— Як гэта ні сьмешна гучыць, для мяне істотныя дэмакратычныя каштоўнасьці. Свабода для мяне — гэта... ці вы заўважалі, што, напрыклад, у немцаў прынята казаць тое, што ты думаеш? У мяне шмат нямецкіх сяброў. І яны ня будуць дзейнічаць паводле такога кодэксу, як у нас — аднаму адно, другому другое. Розныя людзі ёсьць, але ў нас у масе такое — на працы адно, дома іншае, пакрасьці нешта — без праблем. Мне падаецца, што такое грамадзтва — яно хворае. Не падаецца, а дакладна. І бліскучай будучыні ня будзе з такімі паводзінамі ў людзей у масе. Я спрабую гэта неяк зьмяніць праз тое, што мне дадзена.

— Я вось назіраю за тым, што адбываецца ва Ўкраіне. І там адбыўся пералом, сышла ўлада, якую лічылі вінаватай у парушэньні дэмакратыі, у карупцыі, а праблемаў стала яшчэ больш. І яны не на ўзроўні ўлады — прэзыдэнтаў, чыноўнікаў, міністраў, а на ўзроўні людзей — яны проста не разумеюць, як жыць інакш. Яны не разумеюць, як можна не даваць хабар кожнаму…

— А што, у нас ня так? З хабарам у нас такая самая сытуацыя. Проста гэта замоўчваецца. Вы давалі калі-небудзь хабар?

— Ваў, не згадаю, хіба пры нараджэньні дзяцей... І гэта вельмі даўно і нібыта не зусім хабар…

— А я даваў, напрыклад. У мяне калісьці пасадзілі цесьця. Ён быў дырэктарам Інстытуту геадэзіі. Гэта група рызыкі, як вы разумееце. Штосьці з чымсьці не супала — указ з дэкрэтам. Ён быў пасаджаны. Сказаў нам — такому і такому чалавеку трэба даць такую і такую суму.

— Вялікая сума?

— Вялікая. Ня сотні тысяч, але для нас тады гэта была вялікая сума. Анечка думала-думала і вырашыла, што трэба, напэўна, даць, раз ён сказаў. Яна прыехала і чалавеку ў машыне перадала грошы. І я ня ведаю, ці яму сапраўды скасьцілі тэрмін, ці гэта выпадковасьць. Ён усё роўна адседзеў паўтара ці два гады. І даішніку я аднойчы даваў грошы, у чым страшна раскайваюся.

— Я, напэўна, не раблю ўражаньня чалавека, зь якога можна нешта ўзяць…

— Але яны зь любога возьмуць.. Ёсьць такая катэгорыя людзей, якія «ўсё для дома, усё для сямʼі».

— Калі вярнуцца да будучыні. Вы таксама часта кажаце пра яе і часта па-рознаму — то аптымістычна, то пэсымістычна…

— Я паглядзеў свае выказваньні 2005 году, там проста кашмарнае інтэрвію. Там я быў на піку «Крамбамбулі». А гэта, ведаеце, такое — не заўважаеш, што вакол адбываецца. Ты ўвесь час займаесься гэтым гастрольным чосам. То едзеш у тур, то граеш «заказнякі». Тады гэта было прынята, вельмі шмат было карпаратыўных канцэртаў. І там такая «зорка» дае інтэрвію — «жызьнь удалась, які я маладзец...»

— Але ж так і было на той момант?

— Дык праз год ужо ўсё зачынілася. Забаранілі. Як ні дзіўна, практыка забаронаў прывяла да патрэбнага ўладам выніку. Народ натуральна адвык ад канцэртаў тут, і ўсё.

— А практыка «чосу» які досьвед вам дала?

— Аніякага. Толькі што вялікі канцэртны досьвед. Як працаваць з голасам, калі шмат канцэртаў, як з публікай працаваць. Таму што ў юнацтве і маладосьці я баяўся гаварыць з публікай наагул. Нейкія комплексы былі. А потым распрыгонілася пасьля «Крамбамбулі». Менавіта пасьля карпаратыўных канцэртаў, як ні дзіўна. Такую публіку трэба падымаць. Яны не прыйшлі на твой канцэрт «па квітку». Палова ўвогуле ня ведае, хто ты такі стаіш на сцэне. Добрая школа была. Цікава, калі IT-кантора наймае «Менск-Арэну» і тры тысячы каўбасіцца. І там без праблем і «Жыве Беларусь», і ўсё такое. Цяпер наогул усё гэта легла. Грошай няма ў людзей. Але я ўжо ўсё ўмею.

— Быў такі роспачны ваш артыкул напрыканцы мінулага году. Вы напісалі, што музыкі перасталі быць прарокамі. Гэта пра беларускіх музыкаў?

— Думаю, гэта сусьветная тэндэнцыя.

— Але памёр Боўі — і безь яго кепска.

— Боўі геніяльны выканаўца са старой гвардыі. А музыка паступова ідзе ў сфэру абслугі. І нават рок-музыка. Проста займае нейкую нішу. Раней, асабліва для савецкіх людзей, гэта была амаль што рэлігія. Пачынаючы зь «Бітлз» і далей. Нават айчынныя выканаўцы — «Крама», «Уліс». Гэта былі тыя, хто ведае і гаворыць больш, чым могуць сабе дазволіць іншыя. А цяпер нейкае такое — патанцаваць... Але, можа, я пагарачыўся.

— Але вы пісалі, што вам трэба прызвычаіцца да гэтага часу. І як?

— У гэтым часе ўсё па-іншаму. Трэба прызвычаіцца да сваёй ролі ў гэтым усім. Калі новы альбом пампуе 20–30 тысяч, то гэта досыць сумныя вынікі. Гэта адзін стадыён. Хоць, можа, я змрочна гляджу на рэчы, бо я ў дэпрэсіі.

— Паводле цяперашняга заканадаўства вы дармаед?

— Безумоўна. Безумоўна. Хоць я чалец творчага саюзу — можа, залічыцца?

— Падатак будзеце плаціць?

— Не, гэта варʼяцтва. Мне 10 год забараняюць граць канцэрты, а я да іх на каленях папаўзу даведку прасіць. І плаціць я ня буду. Хай яны судзяць мяне. Мне, парушаючы свой жа закон, забараняюць граць канцэрты. З «гастролькамі» яны яшчэ фармальна маюць права. Але некалькі гадоў забаранялі, калі было абсалютна лібэральнае канцэртнае заканадаўства. Яны проста тэлефанавалі ў клюб. А калі клюб упарціўся і праводзіў канцэрт — назаўтра прыходзіла праверка, і 20 мільёнаў штрафу. Усе выдатна зразумелі, што гэтых выканаўцаў запрашаць ня варта. Хоць і народ зьбіраецца, але штрафы большыя. І пасьля гэтага я яшчэ павінен плаціць ім грошы?

Гэта трэба піярыць па ўсім сьвеце. У нас прынята так — забаранілі музыкаў, і яны сядзяць і маўчаць, чакаюць, пакуль ім дазволяць іграць. Бо лічаць, што калі яны будуць піярыць, то ім тады ўжо ніколі не дазволяць. Гэта абсалютна дзікая сытуацыя. Міхалок наўпрост да іх ідзе (просіць дазволіць канцэрт). Яны зь ім сустракаюцца, нешта гавораць, паціскаюць руку. А потым «этыленгліколь пацёк».

— Будзеце зьвяртацца ў камісію пры Мінкульце, каб прызналі вас «творцам»?

— Лічыць ці не лічыць кампазытарам... Нотная грамата... у 21 стагодзьдзі? Нотная грамата робіцца так: набіраеш на клявіятуры песьню, націскаеш гузік — і з друкаркі выходзяць ноты. Вось і нотная грамата. Я так рэгіструю ў Польшчы свае творы. Хай мяне судзяць, я згодны. Хай будзе паказальны працэс.

— Вы спадзяваліся, што канцэрт у памяць Ганны дазволяць?

— Гэта нейкае дзікунства зусім. Сапраўды, заля (КЗ «Мінск») калісьці для нас шмат значыла. Першымі яе «ўзялі» Зьміцер Вайцюшкевіч з «Крыві». Раней беларускія выканаўцы сольнымі канцэртамі такіх заляў не зьбіралі. А пасьля мы пачалі штурм — і «Крамбамбуля», і «Н.Р.М.». Практычна культавае месца зрабілася. Нягледзячы на саўковасьць усяго пэрсаналу, які пасьля канцэрту дружна выганяў нас з грымёркі «давайце, давайце, мы зачыняемся». Калі праводзіць, то, безумоўна, там.

Я адразу казаў Шаблінскаму, што так і будзе. Для іх само прозьвішча ўжо як чырвоная ануча для быка. І нішто ня можа гэта памяняць. З гэтымі забаронамі ў адносінах да мяне і да Міхалка, думаю, нічога ня зьменіцца.

Яны бачаць, што ім за гэта ня толькі нічога ня будзе, але і, наадварот, пахваляць, падвышэньне дадуць. Такія пільныя, малайцы. Упільнавалі. Не далі заразе гэтай...

— Калі пазнаёмілася з вашай дачкой Адэляй, яна тады была яшчэ падлеткам, але зрабіла на мяне ўражаньне самастойнага і спакойнага чалавека. Заўжды хацела спытаць: чаму яна вас навучыла?

- Яна ў Катавіцах, вучыць польскую мову. Езьдзіў да яе ня так даўно. Нармальна жыве, там выдатны парк, шпацыруе. Навучыўся ў яе такому хрысьціянскаму стаўленьню да жыцьця — раз так ёсьць, так, значыць, і трэба. Не атрымалася — так і трэба. Раней я вельмі нэрвова ставіўся да такіх рэчаў — што павінна атрымацца. А яна — «не дык не». Мы кожны дзень стэлефаноўваемся. Будзе вучыцца на мэнэджэра культуры, масмэдыяў у Любліне. У гэтай краіне — непатрэбная прафэсія. Такой не існуе.

— Што памяняецца для вас у музыцы, пасьля таго як Ганна сышла?

— Я баюся пра гэта думаць. У сэнсе пісаньня песень мала што зьменіцца. А вось у вельмі істотнай частцы прасоўваньня, арганізацыі канцэртаў, стратэгіі, тактыкі... Я сам сёе-тое навучыўся рабіць, але таленту няма. А тут трэба яго мець. У Ганны ён быў. Гэта таксама творчасьць, разумееце? Я пакуль проста не хачу пра гэта думаць.

— Ня будзем пра гэта гаварыць?

— Не.

Последние новости:
Популярные:
архив новостей


Вверх ↑
Новости Беларуси
© 2009 - 2024 Мой BY — Информационный портал Беларуси
Новости и события в Беларуси и мире.
Пресс-центр [email protected]