Новости БеларусиTelegram | VK | RSS-лента
Информационный портал Беларуси "МойBY" - только самые свежие и самые актуальные беларусские новости

Вернем бел-чырвона-белы сьцяг на дзяржаўны пасад!

07.05.2016 политика
Вернем бел-чырвона-белы сьцяг на дзяржаўны пасад!

Бел–чырвона-белы сьцяг і «Пагоня» ўрэшце ізноў афіцыйна ўздымуцца над Беларусьсю.

Напярэдадні гадавіны “рэфэрэндума” 1995 года, на якім існы рэжым Лукашэнкі гвалтам зьмяніў гістарычны бел-чырвона-белы сьцяг на перароблены савецкі, Малады Фронт зьвярнуўся да некаторых абаронцаў нацыянальных сымбаляў з просьбаю ўзгадаць той сумны дзень, 14 траўня 1995 года, а таксама даць ацэнку акцыям у падтрымку нацыянальных сымбаляў Беларусі.

Алег Трусаў, дэпутат ВС ХІІ скліканьня, удзельнік галадоўкі супраць прызначэньня рэфэрэндума:

 

“14 траўня 1995 года я ўдзельнічаў у выбарах, якія тады Лукашэнка спалучыў зь незаконным рэфэрэндумам. Атмасфэру таго дня магу ацаніць як самотную, бо я, як гісторык, ведаю, што за рэвалюцыяй заўсёды прыходзіць контррэвалюцыя. І 14 траўня 95-га года электарат Лукашэнкі, які меней чым год таму абраў яго на пасаду прэзідэнта, канешне, імкнуўся падтрымаць свайго кандыдата па ўсіх пытаньнях. Але адзначу вельмі цікавы момант: нават пасродкам адміністратыўнага ўціску і фальсіфікацыяў рэжым прайграў рэфэрэндум па сымболіцы! 52% маючых права голаса ці не прыйшло на на галасаваньне ці прыйшоўшы прагаласавала супраць. У Менску ж Лукашэнка прайграў па большасьці пазіцый.

Ці выходзіць на недазволеныя акцыі, трэба добра падумаць. Сам я даўно не выходжу, бо за штрафы, якія потым выпісваюць трэба карміць гэты рэжым, а я лепей падтрымаю “Наша Слова” (газэта “Таварыства беларускай мовы”). Мяркую, лепей дзейнічаць як Мірон – вывешваць незаўважна, каб і прыгожа было, і ніхто не пацярпеў. Тое, што цягам гэтых 20 год паўсюль уздымаюцца бел-чырвона-белыя сьцягі – натхняе і сьведчыць аб тым, што мы абавязкова вернем нашыя нацыянальныя сымбалі на належнае месца. Дзякуй Лукашэнку, грунтоўную аснову з падсветкай ён для гэтага ўжо зрабіў – туды таксама вывесім. Чырвона-зялёны рваць ня будзем – здадзім яго ў музэй, як сымбаль контрэвалюцыі, а бел-чырвона-белы ўсталюм дзяржаўным.”

Мікалай Аксаміт, дэпутат ВС ХІІ скліканьня, удзельнік галадоўкі супраць прызначэньня рэфэрэндума:

 

“14 траўня 1995 года я быў на сваёй радзіме – у Ваўкавыску. Самае важнае, што я магу адзначыць аб тым рэфэрэндуме, гэта тое, што многія людзі ўвогуле не разумелі пытаньняў. Напрыклад, мае аднадумцы паказвалі мне бюлетэнь і хвасталіся, як яны падтрымалі бел-чырвона-белы сьцяг, прагаласаваўшы за “новы” (пытаньне гучала так: «Ці падтрымліваеце Вы прапанову аб устанаўленьні новых Дзяржаўнага сьцяга і Дзяржаўнага эерба Рэспублікі Беларусь?»). Я ім кажу: “Што ж вы робіце? Бярыце новы бюлетэнь!” Але бюлетэні ўжо не мянялі. Таму многія проста думалі, што новы, гэта і ёсьць наш

гістарычны, бел-чырвона-белы сьцяг, які вярнуўся пасьля сямідзесяці год савецкага забыцьця.

Акцыю, якую абвесьцілі маладафронтаўцы на 21 гадавіну рэфэрэндума, лічу вельмі слушнай. Гэта як раз тое, што і трэба рабіць – выходзіць на вуліцу і дамагацца свайго, а ня ў сфабрыкаваныя выбары грацца”.

Сяргей Навумчык, дэпутат ВС ХІІ скліканьня, удзельнік галадоўкі супраць прызначэньня рэфэрэндума:

“Як вядома, рэфэрэндум (дарэчы, незаконны, бо быў прызначаны з парушэньнем Канстытуцыі і шэрагу законаў, ня кажучы ўжо праз зьбіцьцё дэпутатаў у залі парлямэнта) сумяшчаўся з выбарамі ў Вярхоўны Савет 13-га скліканьня. Яны адбываліся у атмасфэры неверагоднай паводле маштабнасьці і цынічнасьці хлусьні, якая вылівалася на Народны Фронт і на галоўную нашую заваёву – Незалежнасьць. І, канешне, на нашыя нацыянальныя сымбалі і на беларускую мову. Гэта абсалютна ўнікальная сытуацыя ў эўрапейскай гісторыі – каб кіраўніцтва дзяржавы зьневажала мову свайго народа, яго гістарычныя сымбалі, і ўрэшце, саму гэтую дзяржаву.

Ад таго дня – 14 траўня 1995-га – у мяне засталося адчуваньне ганьбы. Але тая ж гісторыя сьведчыць, што беларускі народ – не адзіны, хто перажываў пэрыяды нацыянальнай ганьбы. І заўсёды знаходзіліся тыя, хто змываў ганьбу, хаця часам гэта каштавала вельмі дорага. Асабіста для мяне надзвычай важна, што маладыя людзі (якіх, магчыма, у траўні 95-га яшчэ не было на сьвеце альбо яны хадзілі ў дзіцячы садок) – выходзяць з нацыянальным Бел–Чырвона-Белым Сьцягам і з «Пагоняй». Гэта яшчэ адзін верны знак таго, што яны ўрэшце ізноў афіцыйна ўздымуцца над Беларусьсю”.

Нагадаем, што 14 траўня на плошчы Кастуся Каліноўскага (былая Кастрычніцкая) а 12 гадзіне адбудзецца акцыя “Праспэкт нацыянальнага сьцягу”, на якую маладафронтаўцы заклікаюць прыходзіць усіх, хто прагне засьведчыць, што рана ці позна, але бел-чырвона-белы сьцяг вернецца на дзяржаўны пасад! Зробім гэта разам!

Гутарыў Зьміцер Дашкевіч

Последние новости:
Популярные:
архив новостей


Вверх ↑
Новости Беларуси
© 2009 - 2024 Мой BY — Информационный портал Беларуси
Новости и события в Беларуси и мире.
Пресс-центр [email protected]