Новости БеларусиTelegram | VK | RSS-лента
Информационный портал Беларуси "МойBY" - только самые свежие и самые актуальные беларусские новости

Прыемна пазнаёміцца: Б’ёрндален, муж «старлея» КДБ

07.05.2016 общество

Хто зь беларускіх спартоўцаў мае воінскія званьні і служыць у сілавых структурах.



Кіраўніцтва фізкультурна-спартовага таварыства «Дынама» нэрвова адрэагавала на загалоўкі ў незалежных СМІ пра «старшага лейтэнанта Камітэту дзяржбясьпекі Дарʼю Домрачаву», неадкладна прыбраўшы са свайго сайту зьвесткі пра атлетаў, якія маюць пагоны і прыпісаныя да тых ці іншых ведамстваў, павеламляе Радыё Свабода.

Уле Эйнар Б'ёрндален

Тым часам лік спартоўцаў ведамаснага падпарадкаваньня ідзе на дзясяткі тысяч — толькі адно «Дынама» абʼядноўвае пад сваім дахам паўтысячы калектываў з агульнай колькасьцю фізкультурнікаў і прафэсійных спартоўцаў блізу 90 тысяч чалавек. Найперш гэта супрацоўнікі і ваеннаслужачыя органаў правапарадку і бясьпекі.

Дар'я Домрачава

«Жалезны Фэлікс» і яго «дынама-машына»

Спартыўнае таварыства «Дынама» было ўтворана ў 1923 годзе з ініцыятывы галоўнага чэкіста, нараджэнца Беларусі Фэлікса Дзяржынскага. Адпаведна, ён быў і першым кіраўніком арганізацыі. У Беларусі на загад Абʼяднанага дзяржаўнага палітычнага ўпраўленьня (ОГПУ), якое ўзначальваў усё той жа «жалезны Фэлікс», рэспубліканская рада «Дынама» ўзьнікла ў 1925-м.

На гэты момант заснавальнікі «Дынама» — гэта практычна ўсе сілавыя і праваахоўныя ведамствы Рэспублікі Беларусь: КДБ, МУС, МНС, Генпракуратура, Сьледчы камітэт, Служба бясьпекі прэзыдэнта, Памежны і Мытны камітэты, Дэпартамэнт фінансавых расьсьледаваньняў і некаторыя іншыя. Каардынацыяй дзейнасьці таварыства займаецца дзяржсакратарыят Савету бясьпекі, апошнія два гады цэнтральнай радай БФСТ «Дынама» кіруе палкоўнік міліцыі Генадзь Калесьнік.

Апроч таго, як спадчына ад Савецкага Саюзу засталося армейскае спартовае таварыства СКА (Спартыўны Клюб Арміі; былая ўсесаюзная арганізацыя — ЦСКА — дагэтуль дзейнічае ў Расеі) у структуры Міністэрства абароны. Пад яго сьцягамі выступаюць спартоўцы, якія маюць армейскія званьні афіцэраў ці сяржантаў.

Перакос вялікага спорту ў бок сілавых структураў з году ў год множыць шэрагі атлетаў у пагонах. У савецкія часы футбалісты «Дынама» павальна былі афіцэрамі міліцыі ці ўнутраных войскаў, хоць збольшага і фармальна. Тым ня меней тыя ж менскія дынамаўцы заробак атрымлівалі ў міліцэйскай касе. Некаторыя каманды і цяпер на балянсе сілавых ведамстваў, хоць усё часьцей іх «перакладаюць» на плечы прадпрыемстваў ці прыватных структур.

Асобныя віды спорту атрымалі сталае куратарства, непарушнае ад сярэдзіны 1990-х. Бадай, самы паказальны ў гэтым сэнсе — біятлён. На распараджэньне Аляксандра Лукашэнкі біятлённай фэдэрацыяй кіруюць дзейныя старшыні КДБ, а чальцам нацыянальнай каманды прысвойваюць званьні афіцэраў спэцслужбаў — зноў жа, фармальная падстава, каб атрымліваць сталы заробак. Таму, як лічыць спартовы аналітык Аляксандар Пуціла, няма нічога дзіўнага ў навіне пра тое, што лепшая беларуская біятляністка Дарʼя Домрачава значылася ў штатным раскладзе Камітэту дзяржбясьпекі:

Аляксандар Пуціла

«Прыналежнасьць спартоўцаў да той ці іншай сілавой структуры — для Беларусі не навіна. Сам памятаю, што на цырымоніі провадаў зь вялікага спорту, якія ладзіліся ў Раўбічах і пры старшыні КДБ Мацкевічу, і пры Ерыну, і пры іншых, агучваліся публічныя прапановы працягнуць працу ў гэтай структуры. У прыватнасьці, так было ў выпадку з Аляксандрам Сыманам, Вольгай Назаравай. Хтосьці бярэ да ведама, а для кагосьці гэтае пытаньне ўжо вырашанае. Па вялікім рахунку, нармальна, калі пасьля завяршэньня карʼеры чалавека клічуць у структуры, дзе ня трэба асабліва напружвацца, ня трэба перавучвацца; цябе кормяць, апранаюць і яшчэ плацяць нядрэнныя грошы. Шмат хто пагаджаецца: даюць розныя пасады, розныя званьні і яны там працуюць. Хто што робіць — невядома, галоўнае, што яны ў гэтай структуры. Спадзяюся, ніхто не прымушае іх заставацца ў КДБ пасьля завяршэньня спартовай карʼеры...»

Мараль і грошы: служыць ці не служыць?

Як удалося высьветліць, у Камітэце дзяржбясьпекі на штатнай аснове працуюць былыя біятляністкі Людміла Ананька, Вольга Кудрашова, Вольга Назарава. Удзельнік чатырох Алімпіядаў, чэмпіён сьвету Алег Рыжанкоў — маёр КДБ. Экс-настаўнік зборнай, алімпійскі чэмпіён і чэмпіён сьвету Аляксандар Папоў сумяшчае адразу два ведамствы — Унутраныя войскі МУС і КДБ, ён палкоўнік запасу.

У званьні маёра праходзіць службу ў спартовай камандзе КДБ шматразовая чэмпіёнка сьвету Алена Зубрылава. Да гэтага ж падразьдзяленьня да нядаўняга часу адносілася і Дарʼя Домрачава, але, як сьцьвярджае начальнік прэс-службы КДБ Дзьмітры Пабяржын, ад мінулага году яна ўжо не супрацоўнік ведамства.

Зрэшты, як кажа спартовы экспэрт Аляксандар Пуціла, нельга выключаць элемэнту прымусу з боку Камітэту дзяржбясьпекі, асабліва калі спартовая дысцыпліна цалкам «прывязаная» да гэтага дзяржаўнага ведамства:

«Думаю, у адносінах да дзейных спартоўцаў у вялікай ступені існуе элемэнт прымусу — ня можа біятляніст адмовіцца ад службы ў КДБ і ўдзелу ў жыцьці ведамства, калі яно цалкам пануе над фэдэрацыяй. Прынамсі ва ўмовах Беларусі. Як бы там ні было, спартоўцы прысутнічаюць і ў войску, і ў міліцыі, і, зразумела, у КДБ. Такая практыка існуе і ў іншых краінах сьвету. Але КДБ, з улікам гістарычнага досьведу, — занадта спэцыфічная структура, нашчадак НКВД. Адпаведна, не заўсёды ёсьць разуменьне, наколькі спартовец да яе пасуе.

Што да гісторыі з Домрачавай, то інфармацыя не была таямніцай — шмат хто ведаў, што яна служыць у КДБ, проста гэта не афішавалася, не выстаўлялася на першыя палосы. Як толькі прыехала ў Беларусь і трапіла ў асноўную каманду, адразу ж паступіла прапанова атрымаць пагоны — спачатку, відаць, прапаршчыка, а потым ужо і афіцэра. Магчыма, сытуацыя ўзьнікла ў сувязі з тым, што яна вырашыла выйсьці замуж за іншаземца».

Дар'я Домрачава

Нейкі час таму стала вядома, што Домрачава ў сурʼёзных адносінах з «каралём біятлёну», нарвэжцам Уле Эйнарам Бʼёрндаленам, ужо ўвосень пара чакае дзіцяці. А калі днямі прадметам абмеркаваньня стаў кадэбэшны бок жыцьця гераіні Беларусі, у бок «маладой» паляцелі кпіны — маўляў, па старой звычцы ведамства прыставіла да замежніка штатную выведніцу. Аляксандар Пуціла пераводзіць гэта ў жарт:

«Сапраўды, многія яшчэ памятаюць, як апрацоўвалі замежнікаў за савецкім часам, як апекаваліся імі спэцслужбы і г.д. Але ў дадзеным выпадку гэта, безумоўна, жарты. Калі сам Бʼёрндален не пабаяўся жыць з супрацоўніцай КДБ, дык што тут ужо фантазіраваць? Асабіста ў мяне няма ніякіх сумневаў, што Дарʼя яму пра сябе распавяла ўсё. Бо калі так разважаць, можна дагаварыцца шмат да чаго — напрыклад, гэта якраз ён нарвэскі шпіён, які хоча праз Домрачаву разьведаць беларускія сакрэты. Таму лепш проста думаць, што ў іх сапраўднае, шчырае каханьне і шчасьлівая сямʼя».

Калекцыя «спартовых» пагонаў: КДБ, МУС, Мінабароны

Аднымі біятляністамі спартовыя шэрагі Камітэту дзяржбясьпекі не абмяжоўваюцца. Майстар кулявой стральбы Вікторыя Чайка — капітан КДБ, аналягічнае званьне мае дзесяціборац Андрэй Краўчанка. Шматразовая чэмпіёнка сьвету Натальля Цылінская служыць у званьні маёра. У адным з інтэрвію, дарэчы, згадвала, як адбывалася інтэграцыя ў ведамства: «Сфатаграфавалася на пасьведчаньне, а потым накіравалася на прыём да старшыні КДБ Леаніда Ерына, дзе мне ўручылі пагоны. З аднаго боку, нядрэнна — прыемна лічыцца ў такім ведамстве, зь іншага — стамляесься ад сустрэчаў ды ўганараваньняў».

Андрэй Краўчанка

Пад дахам сілавых ведамстваў лічацца і іншыя вядомыя спартоўцы. Так, славутая гімнастка Меліціна Станюта — старшы сяржант міліцыі. Таксама ў структуры МУС «праходзіць службу» і яе сяброўка Любоў Чаркашына, якая нядаўна перайшла на трэнэрскую працу.

Трыюмфатаркі леташняга чэмпіянату сьвету, лёгкаатлеткі Марына Арзамасава і Аліна Талай прымацаваныя да Міністэрства абароны, маюць званьні старшага лейтэнанта і лейтэнанта адпаведна. Стралкі зь вінтоўкі Віталь Бубновіч і Віталь Кудзі — старшы прапаршчык і прапаршчык Узброеных сілаў. Стралок з луку Кацярына Цімафеева — прапаршчык гэтага ж ведамства. А вось алімпійскі чэмпіён у кулявой стральбе Сяргей Мартынаў — ажно армейскі палкоўнік.

Сяргей Мартынаў

Уганараваныя весьляры на каноэ браты Багдановічы, нягледзячы на трывалую зьвязку ў лодцы, служаць розным камандзірам: Аляксандар — маёр міліцыі, Андрэй — капітан Міністэрства па надзвычайных сытуацыях.

Некаторыя спартоўцы трапляюць у тое ці іншае ведамства пад уплывам кіраўнікоў фэдэрацыяў. Прыкладам, чэмпіёнка сьвету па парусным спорце Тацяна Драздоўская — маёр Дзяржаўнага памежнага камітэту. Кіраўніком ведамства ў свой час быў Ігар Рачкоўскі, які паралельна курыраваў парусны спорт. Варыянтаў выбару заставалася няшмат.

Тацяна Драздоўская

Капітанам памежных войскаў і алімпійская чэмпіёнка 2004 году, лёгкаатлетка Юлія Несьцярэнка. Іншыя спартоўцы-памежнікі: чэмпіён сьвету па самба Дзьмітры Базылеў — таксама капітан, пяціборац Дзьмітры Мелях — старшы лейтэнант.

Але паколькі «Дынама» ў большай ступені ўсё ж асацыюецца зь міліцэйскай структурай, найбольшае прадстаўніцтва былых і дзейных спартоўцаў — якраз у сыстэме МУС. Кідальнік молата Іван Ціхан, штурхальніца ядра Яніна Карольчык, вясьлярка Юлія Бычэк, «вольнік» Сяргей Дземчанка, цяжкаатлеты Андрэй Рыбакоўі Анастасія Новікава — міліцэйскія маёры. Вясьлярка Марына Літвінчук — старшы лейтэнант, вясьляр Алег Юрэня і барчыха вольнага стылю Васіліса Марзалюк — лейтэнанты, вясьляр Станіслаў Шчарбачэня, стралок Юры Шчарбацэвіч, цяжкаатлеты Андрэй Арамнаў і Дзіна Сазановец — прапаршчыкі, барэц грэка-рымскага стылю Віктар Сасуноўскі — старшы сяржант.

Васіліса Марзалюк
Последние новости:
Популярные:
архив новостей


Вверх ↑
Новости Беларуси
© 2009 - 2024 Мой BY — Информационный портал Беларуси
Новости и события в Беларуси и мире.
Пресс-центр [email protected]