Новости БеларусиTelegram | VK | RSS-лента
Информационный портал Беларуси "МойBY" - только самые свежие и самые актуальные беларусские новости

Газавая пастка

07.05.2016 политика
Газавая пастка

Цяперашні беларуска-расейскі газавы канфлікт, які распачынаецца на нашых вачах, мала падобны да ранейшых.

Тыя дамовы аб цэнах на газ, якія былі падпісаныя паміж Менскам і Масквою ў пэрыяд высокіх коштаў на энэргарэсурсы, тады былі выгадныя Беларусі. Цяпер, калі сусьветныя цэны на нафту ўпалі (а газавыя кошты ў значнай ступені прывязаныя да нафтавых), ранейшыя пагадненьні сталі нявыгаднымі для беларускай дзяржавы. Аднак Расея адмаўляецца іх пераглядаць, спасылаючыся на тое, што дамовы, на якіх у 2011 годзе настойваў Менск, трэба выконваць. Беларусь трапіла ў пэўную інтэграцыйную пастку, стала закладніцай адмысловых саюзьніцкіх адносін.

І вось у такой сытуацыі здарылася абвастрэньне канфлікту. Гаворка ідзе ня проста пра элемэнтарную завінавачанасьць, якой у беларускай эканоміцы цяпер шмат, бо ў прадпрыемстваў няма чым плаціць. У дадзеным выпадку беларускі бок пайшоў на абвастрэньне, пачаў дзейнічаць з пазыцыі сілы, стаў явачным парадкам усталёўваць сваю, «справядлівую», на думку Менску, цану на газ. Гэта не самадзейнасьць абласных арганізацыяў, якія займаюцца газазабесьпячэньнем. У дадзеным выпадку гаворка ідзе пра сьвядомую пазыцыю ўраду, прынятую на палітычным узроўні, яе агучыў віцэ-прэмʼер Уладзімер Сямашка. Беларусь чыніць ціск на Маскву, каб тая ў гэтым пытаньні пайшла на саступкі.

Так часта бывала і раней, калі беларускі бок не прасіў, а патрабаваў ад Расеі саступак, ішоў на скандал. Узгадаем, напрыклад, калійную вайну 2013 году, калі кіраўніцтва Беларусі брутальна арыштавала гендырэктара расейскай кампаніі «Ўралкалій» Уладзіслава Баўмгертнэра, патрабуючы кампэнсацыі за нанесеную шкоду і крыўду.

Як і тады, цяпер Лукашэнка таксама ідзе на публічны канфлікт, паводзіць сябе з Расеяй досыць сьмела, нават правакатыўна. Варта заўважыць, што падчас нядаўняга выступу ў Нацыянальным сходзе з пасланьнем кіраўнік дзяржавы даволі жорстка крытыкаваў РФ. Лепшы спосаб абароны, апраўданьня за пэўнае дыстанцыяваньне ад Масквы ў замежнай палітыцы — гэта наступ. Лукашэнка нават прыводзіў у прыклад пазыцыю Захаду, супрацьпастаўляючы яе расейскай. Паездка ў Стамбул — гэта таксама быў пэўны выклік Маскве.

У чым прычыны такой вольнасьці? На мой погляд, тут справа ў тым, што падзеньне сусьветных нафтавых коштаў разбурае адну з крыніц эканамічнай падтрымкі Беларусі з боку Расеі. Расейскі энэргетычны грант моцна зьменшыўся. Гэта значыць, што зьмяншаецца ступень эканамічнай залежнасьці Менску ад Масквы. І гэта дазваляе беларускаму кіраўніцтву паводзіць сябе больш свабодна ў дачыненьні да РФ.

І тут цікавая рэакцыя расейскага боку. У «Газпрома» ёсьць вельмі дзейсны рычаг ціску на Беларусь, які ён раней выкарыстоўваў шмат разоў. Расейская кампанія магла проста скараціць пастаўкі газу ці хоць бы прыгразіць гэтым. Бо газавы кранік у яе руках.

І што ж робіць дзяржава, якая прэтэндуе на глябальную ролю ў сьвеце, якая ўступіла ў зацяты палітычны канфлікт з самімі Злучанымі Штатамі? Цяжка паверыць, але яна ў спрэчцы з бліжэйшым саюзьнікам апэлюе да міжнароднага права. Кампанія «Газпром трансгаз Беларусь», якой валодае «Газпром», падала пазоў у міжнародны арбітраж на беларускія абласныя газавыя структуры. Расея будзе судзіцца зь Беларусьсю! Выпадак унікальны. Звычайна беларуска-расейскія разборкі ладзяцца «па пацанскіх паняцьцях»: бакі высьвятляюць, хто больш круты. А вось цяпер усё мае вырашыць суд. Як казаў Лукашэнка, сьвет страціў розум.

Валер Карбалевіч, «Радыё Свабода»

Последние новости:
Популярные:
архив новостей


Вверх ↑
Новости Беларуси
© 2009 - 2024 Мой BY — Информационный портал Беларуси
Новости и события в Беларуси и мире.
Пресс-центр [email protected]