Новости БеларусиTelegram | VK | RSS-лента
Информационный портал Беларуси "МойBY" - только самые свежие и самые актуальные беларусские новости

Зянон Пазьняк: Для НКВД-шнікаў сумлення не існуе

10.05.2016 политика
Зянон Пазьняк: Для НКВД-шнікаў сумлення не існуе

Яны могуць сфальсіфікаваць, што хочаш, каб толькі дасягнуць сваёй мэты

Імя ўрочышчу на ўскрайку Менску, дзе за часамі Сталіна праводзіліся масавыя расстрэлы, даў Зянон Пазьняк.

Заснавальнік народнага мемарыялу Зянон Пазьняк распавёў «Радыё Рацыя», што раней такога тапаграфічнага імя як Курапаты не існавала.

- Ёсць такое меркаванне, што да таго, як вы адкрылі Курапаты такога тапаграфічнага наймення не існавала. Ці праўда гэта?

- Праўда. Не існавала. Гэтае месца называлася Брод. І людзі ў Цне, ці іншых ваколічных вёсках ведалі, што гэта — Брод. Калі я шукаў людзей, якія былі сведкамі, дык у адной з вёсачак непадалёк ад Курапатаў, я размаўляў з маладымі людзьмі і яны мне расказвалі, што чулі ад бацькоў. Казалі, што хадзілі туды курапаткі збіраць.

Тады я гаварыў са старэйшымі людзьмі і яны таксама кажуць: «Ой, мы тады былі малыя ў 30-х гадах і хадзілі туды збіраць курапаткі. Хадзілі на курапаткі». Гэта кураслепкі, калі іх сарвеш яны потым закрываюцца, таму іх і называюць кураслепкі. Яны і на ноч закрываюцца. Некаторыя называюць іх белымі падснежнікамі.

Усё гэта я запісаў, а калі пісаў артыкул вырашыў назваць гэтае месца так, як дзеці казалі, што яны хадзілі на курапаты, на курапаткі. Мне гэта здалося такім сімвалічным, што там кветкі раслі і дзеці хадзілі на курапаткі, а там такое страшнае месца дзе расстралялі столькі людзей.

- Выходзіць, назва ўсё ж народная.

- Гэтая назва ўжо бытавала, але ўсё ж яна была новага паходжання, умоўнага, гэткая лакальная. Можа потым яна і замянілася б. Я разумею, як у народнай традыцыі гэта адбываецца.

- Ці вы не далі такую назву «Курапаты», каб прадухіліць у будучыні мажлівыя фальсіфікацыі.

- Я гэта прадумаў, я разумеў, што абавязкова будзе міжнародны розгалас, бо гэта самае страшнае месца на свеце, дзе расстралялі столькі людзей. А па-другое, гэта факт для суду над камунізмам, бо ўсё ранейшае гэта былі толькі словы. Дык я так падумаў, што гэтая назва не вельмі стасуецца, бо «брод» па-нямецку — хлеб.

І гэта станоўчая назва атрымліваецца, а немцам абавязкова трэба будзе гэта ведаць. І да ангельскай крыху блізка падыходзіць таксама. Я падумаў, што не можа быць, каб за мяжой былі такія станоўчыя асацыяцыі з гэтым месцам, і таму тую новую назву я ўзяў у назву артыкула і гэтая назва пайшла.

Вынік аказаўся вельмі дорым, бо потым я падумаў, што яшчэ ж і барацьба будзе. І гэта будзе добра, прынясе гэткую абарону для гэтага месца. Потым, у 90-х гадах, калі пачаўся адкат, калі прыйшла рэакцыя і пачаў паяўляцца Лукашэнка, з′явілася шмат сведак НКВД-шнікаў, хлусаў.

Адзін апісваў так, і гэта надрукавалі газеты, што вось я помню вайной мы ехалі ў 45-м па Лагойскім тракце і там быў указальнік: туды — Заславль і Курапаты. Указальніка там быць не магло, бо такога слова не было. І яшчэ аднаго таксама я чытаў, з тых, што купіліся на гэтай мякіне і паказалі сваю хлусню.

Адзін пісаў лісты і нават паказваў дзе балі агнявыя кропкі, але гэта вар′яты пісалі. А тут людзі цалкам нармальныя ў псіхалагічным сэнсе здароўя, але гэта НКВД-шная гразь, для кіях сумлення не існуе і яны могуць сказаць, што хочаш, каб толькі дасягнуць сваёй мэты .

- А калі нарэшце ўздымуцца архівы КДБ, дзе будуць паперы датычныя ўсіх гэтых расстрэлах дык як там гэтае месца будзе абазначацца?

- Яно будзе абазначацца па нейкай унутраная КДБ-ісцкай назве Нейкі нумар ці сектар. Яны не будуць называць гэта Бродам, для іх не існавала мясцовай тапанімікі. Зянон Пазьняк перакананы, што далей праводзіць раскопы ў Курапатах няма сэнсу. Тое, што НКВД тут ладзіла масавыя расстрэлы — бясспрэчны факт. Колькасць забітых ацэньваецца ў чвэрць мільёна чалавек. Імёны ахвяраў і катаў павінныя ўсплыць з засакрэчаных пакуль дакументаў.

Последние новости:
Популярные:
архив новостей


Вверх ↑
Новости Беларуси
© 2009 - 2024 Мой BY — Информационный портал Беларуси
Новости и события в Беларуси и мире.
Пресс-центр [email protected]